«АлюТэх» (Алюмінавыя тэхналогіі) — беларускі вытворца секцыйных варотаў і ралетаў з алюмінія, заснаваны ў верасні 1996 года ў Мінску былым інжынерам самалётаў і рухавікоў Аляксеем Жукавым[2]. У 1997 г. стаў сумесным беларуска-латвійскім прадпрыемствам[3]. На 2014 г. меў 27 даччыных прадпрыемстваў: 7 вытворчых (4 у Беларусі, па адным у Германіі, Расіі і Украіне) і 20 гандлёва-складскіх (Аўстрыя, Беларусь, Расія, Украіна). Каля 65% збыту прыпадала на экспарт у Расію[4]. Быў вядучым вытворцам алюмінавага профілю ў Заходняй і Усходняй Еўропе, а таксама найбуйнейшым вытворцам ралетаў ва Усходняй Еўропе[5].

АлюТэх
Тып Таварыства з абмежаванай адказнасцю
Заснаванне 2 верасня 1996
Заснавальнікі Аляксей Жукаў
Краіна
Размяшчэнне Мінск, вул. Бабушкіна, д. 21, корп. 3
Адрас
Ключавыя постаці Аляксей Жукаў
Галіна Будаўнічыя матэрыялы
Прадукцыя Ралет  (англ.), секцыйныя вароты  (руск.), акно, дзверы, шлагбаўм, каркас будынка[1]
Дэвіз Этыка лідарства, эстэтыка якасці
Даччыныя кампаніі «АлюмінТэхна», «Алютэх Варотныя Сістэмы», «Гюнтэр-Тор»
Сайт www.alutech.by

Гісторыя

правіць

У верасні 1996 г. былы інжынер самалётаў і рухавікоў Аляксей Жукаў заснаваў прадпрыемства «АлюТэх» для вытворчасці і ўстаноўкі ралетаў. У 1997 г. адчынілі першае замежнае прадстаўніцтва ў Расіі (Санкт-Пецярбург). У 1998 г. — у Маскве. У 1999 г. на прадпрыемстве ўпершыню ва Усходняй Еўропе ўвялі ў дзеянне вытворчасць ралетаў з пенным напаўняльнікам і ахоўных корабаў. У 2000 г. адчынілі прадстаўніцтва ва Украіне (Кіеў). У 2001 г. пусцілі вытворчасць 8-кутняга ралетнага вала і 77-га профіля ролікавай пракаткі. У 2003 г. пачалі ўласную вытворчасць секцыйных варотаў. У 2004 г. адчынілі першы ў Беларусі завод (сумеснае ТАА «АлюмінТэхна») для вытворчасці (45 тыс. т за год), парашковай афарбоўкі (35 тыс. т за год) і анадавання  (англ.) (10 тыс. т за год) экструдаваных  (англ.) профіляў. Тады ж у Кіеве набылі прадпрыемства «Алан» для вытворчасці секцыйных варотаў (3500 за год). У Расіі адчыніліся яшчэ 3 гандлёвыя прадстаўніцтвы: Екацярынбург (Уральская федэральная акруга), Краснадар (Паўднёвая федэральная акруга), Самара (Прыволжская федэральная акруга).

У 2005 г. адчынілася даччынае ТАА «АлСтронг» (англ.: strong — трывалы) для ліцця пад высокім ціскам і палімернай афарбоўкі вырабаў з алюмінавых сплаваў. Таксама адчынілі новае замежнае прадстаўніцтва ў Расіі (Новасібірск). У 2007 г. адчыніліся яшчэ 6 гандлёвых прадстаўніцтваў у Расіі (Краснаярск, Ніжні Ноўгарад, Омск, Растоў-на-Доне, Стаўрапаль, Уфа) і 3 — ва Украіне (Адэса, Дняпро, Львоў). У 2008 г. стварылі даччынае ТАА «Алютэх Варотныя Сістэмы» (240 тыс. варотаў за год). Таксама адчынілі яшчэ 2 прадстаўніцтвы ў Расіі: Іркуцк (Сібірская федэральная акруга), Казань (Татарстан). У 2009 г. на галаўным прадпрыемстве пусцілі вытворчасць афарбаванай стужкі (25 тыс. т алюмінію, 70 тыс. т сталі за год). У 2010 г. адчынілі складское прадпрыемства ў Чэхіі (Бор  (англ.), Пльзенскі край, Багемія). 30 верасня 2013 г. «Алютэх» набыў нямецкага вытворцу секцыйных і рулённых варотаў «Гюнтэр-Тор» (ням.: Gunther Tore; Нойнкірхен  (англ.), Вестэрвальдскі  (англ.) раён, зямля Рэйнланд-Пфальц), які меў збытавую сетку ў Аўстрыі, Германіі і Францыі[6].

У 2024 годзе «Бюро» выпусціла расследаванне, паводле якога «Алютэх» абыходзіў санкцыі Еўрапейскага саюза, а таксама вёў бізнэс у Крыме і ДНР[7].

Зноскі

  1. Уладзімір Хількевіч. Надзейны партнёр для сур'ёзных праектаў // Звязда : газета. — 25 лютага 2006. — № 44 (25633). — ISSN 1990-763x. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
  2. Складзены топ-10 схаваных лідараў эканомікі Беларусі(недаступная спасылка). Telegraf.by (2 мая 2012). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 28 жніўня 2015.
  3. «Алютэх Інкарпарэйтэд», сумеснае прадпрыемства, Мінск. Нацыянальная бібліятэка Беларусі (3 кастрычніка 2014). Праверана 28 жніўня 2015.
  4. Святлана Саўко. ЭАБР прадаставіў вытворцам металапрадукцыі ў Беларусі крэдытную лінію на 25 млн еўра. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (28 жніўня 2014). Праверана 28 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  5. Марына Носава. Еўразійскі банк раьзвіцця выдзеліў групе кампаній «Алютэх» крэдытную лінію на 25 млн. еўра(недаступная спасылка). БелаПАН (28 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 28 жніўня 2015.
  6. «Алютэх» набыў нямецкі завод рулённых варотаў // Наша Ніва : газета. — 9 кастрычніка 2013. — № 38 (827). — С. 2. — ISSN 1819-1614. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
  7. «Бюро»: Холдинг «Алютех» в обход санкций поставлял продукцию в ЕС (руск.). OCCRP (27 сакавіка 2024).

Спасылкі

правіць