Ананімны твор
Ананімны твор у літаратуры — твор без пазначэння імя аўтара або падпісаны псеўданімам. Найчасцей прычынай ананімнасці было імкненне ўнікнуць пераследу ўладамі.
Ананімна з’явіліся многія літаратурныя і філасофскія творы — «Думкі» Б. Паскаля, «Максімы» Ф. Ларошфуко, творы Вальтэра, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А. Радзішчава, «Таўрыяіяда» А. Пушкіна і інш.
У Беларусі
правіцьУ старабеларускай літаратуры многія творы, асабліва свецкія, былі ананімныя.
У час станаўлення новай беларускай літаратуры, якая стваралася непрафесійнымі пісьменнікамі, аўтары не пазначалі сваё аўтарства, прычынай быў гістарычны кантэкст — творы мелі пераважна апазіцыйны расійскім уладам характар, большасць іх прасякнута вострай крытыкай як дзяржаўнага ладу, так і нацыянальна прыгнёту. Пагатоў творы распаўсюджваліся вусна або ў рукапісах, бо друк на беларускай мове (апроч матэрыялаў у этнаграфічных працах) быў забаронены да 1906 года. Але і пазней найбольш вострыя творы з’яўляліся ананімна. З ростам нацыянальна-культурнай свядомасці ананімнасць абуджала дадатковую цікаваць да аўтараў беларускіх твораў (Я. Баршчэўскі, Я. Чачот, В. Дунін-Марцінкевіч і інш.).
Найбольш вядомыя ананімныя творы беларускай літаратуры — створаныя падчас і пасля паўстання 1830—1831 гадоў «Віншаванне бондара Савасцея» і «Вясна гола перапала», з другой паловы ХІХ стагоддзя частцы твораў уласціва псеўданімнасць, з гэтага часу вядома паэма «Мачыха», падпісаная Адэляй з Устроні, напярэдадні і падчас паўстання 1863—1864 гадоў створаны «Гутарка старога дзеда», «Гутарка пана з селянінам», «Дзякуй Богу і гасудару», у 1870—1880 гады — верш «Праўда», «Гутарка ў карчме, спісаная Кандрасем з-пад Докшыц», у канцы ХІХ стагоддзя — вершы «Тэатр», «Дудар», «Я клічу вас», пад псеўданінам Будзіцель, «Палякам у дзень 3-га мая», пад псеўданімам Горэвід.
Ананімныя творы ХІХ стагоддзя жанрава-разнастайныя: паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», верш-апавяданне «Два д’яўлы», элегія «Могілкі», лірычныя вершы «Вясна гола перапала» і «Ой, у полі вецер вые», вершаваныя або празаічныя гутаркі «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка Кузьмы з Апанасам», проза «Казка не казка, але так бывае». Некаторыя ананімныя творы мелі форму адозваў або палітычных пракламацый (у свой час так выдаваліся асобныя творы К. Каганца, Цёткі і інш.). Востракрытычныя ананімныя творы былі і ў савецкі час («Сказ пра Лысую гару»).
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя. Хрэстаматыя: 2-е выданне, перапрацаванае і дапоўненае, складальнікі і аўтары каментарыяў А. А. Лойка, В. П. Рагойша. — Мн.: Выш. шк., 1988. — ISBN 5-339-00060-5.
- Гісторыя беларускай літаратуры ХІХ — пачатак ХХ ст. Выданне 2-е, дапрацаванае. Пад агульнай рэдакцыяй акадэміка АН Беларусі М. А. Лазарука і прафесара А. А. Семяновіча. — Мн.: Выш.шк., 1998. — ISBN 985-06-0304-6.