Андрэй Юр’евіч Мдывані
Андрэ́й Ю́р’евіч Мдыва́ні (1 кастрычніка 1937, Тбілісі — 19 ліпеня 2021) — беларускі кампазітар, педагог. Народны артыст Беларусі (2013).
Андрэй Юр’евіч Мдывані | |
---|---|
Дата нараджэння | 1 кастрычніка 1937 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 19 ліпеня 2021 (83 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | |
Жонка | Таццяна Герасімаўна Мдывані |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Музычная дзейнасць | |
Педагог | Анатоль Васільевіч Багатыроў |
Прафесіі | кампазітар, кінакампазітар, педагог |
Выхаванцы | Ганна Іванаўна Кароткіна |
Прэміі | |
Узнагароды |
Біяграфічныя звесткі
правіцьНарадзіўся 1 кастрычніка 1937 года ў Тбілісі (Грузінская ССР). Грузін па паходжанні. Пляменнік Уладзіміра Раінішвілі (1932—2016), грузінскага і расійскага фізіка, лаўрэата Ленінскай прэміі, з якім сябраваў[1].
Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага па класе кампазіцыі прафесара А. В. Багатырова (1969) і пад яго ж кіраўніцтвам (сумесна з М. І. Пяйко) асістэнтуру-стажыроўку (1972).
Працаваў загадчыкам музычнай часткай у драматычных тэатрах Смаленска (1961—1963), Дзяржынска (1963), Кірава (1963). У 1964 годзе — канцэртмайстар педагагічнага вучылішча ў Смаленску. З 1969 года — выкладчык Мінскага музычнага вучылішча і Беларускай кансерваторыі. З 1972 года — загадчык музычнай часткай Тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, з 1984 года — дацэнт, з 1993 года — прафесар кафедры кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі[2].
Памёр 19 ліпеня 2021 года[3].
Творчасць
правіцьНайбольш значныя дасягненні кампазітар меў у галінах сцэнічнай, аркестравай (сімфанічнай і для народных інструментаў) і харавой музыкі. Асноўныя тэмы творчасці — гісторыя і сучаснасць, філасофскія ідэі і канцэпцыі, своеасабліва звязаныя з нацыянальнай праблематыкай. Адметная рыса стылю — накіраванасць на прыгажосць. Як мастак ён належыць да экспрэсіўнага крыла рамантызму, узбагачанага практыкай ХХ ст. У галіне сімфанічнай музыкі — прыхільнік высокага сімфанізму, адзін з заснавальнікаў праграмнай сімфоніі на нацыянальную тэматыку; у харавой музыцы аднавіў на новай аснове традыцыі візантыйскага песнапення і праваслаўнага спеву, стварыў падставу для фальклорна арыентаванага кірунку; у музыцы для народнага аркестра — жанрыст, стваральнік народнааркестровага сімфанізму. Тэатральнай музыцы ўласцівы яскравая вобразнасць і эмацыянальнае спалучэнне эпічнасці з напружаным дынамізмам і кантрастнасцю. Індывідуальны стыль кампазітара характарызуюць тэатральнасць мыслення, змястоўнасць і глыбіня мастацкіх задум, каларыстычнасць, прыгажосць інтанавання і выразнасць музычнай мовы.
Творы
правіць- музычная камедыя «Дзяніс Давыдаў»,
- мюзікл «Месс Менд»,
- балет «Страсці» («Рагнеда»),
- араторыі «Ванька-встанька», «Вольнасць»,
- кантата «Мы помнім вас, людзі»,
- 8 сімфоній,
- сімфанічныя паэмы «Фрэскі», «Пахаванне Хатыні», «Дыялект»,
- канцэрт-паэма для віяланчэлі з аркестрам,
- «Музычны момант» для струннага аркестра,
- п’есы для народнага аркеста,
- канцэрт-паэма «Памяці В. Помазава» для баяна і аркестра,
- п’есы для фартэпіяна,
- харавыя цыклы,
- музыка для тэатра, кіно, тэле- і радыеспектакляў.
Сям’я
правіцьПрыкладна з 1972 года ў шлюбе з музыказнаўцам Таццянай Мдывані[4].
Узнагароды
правіць- Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1982).
- Дзяржаўная прэмія БССР (1988),
- Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1996, у аўтарскім калектыве) — за балет «Страсці» («Рагнеда»),
- Народны артыст Беларусі (2013)[5].
- Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2008).
Зноскі
- ↑ Рыцарь страстей. 18.12.2009(недаступная спасылка)
- ↑ Мдывані Андрэй (р.1937) Архівавана 5 сакавіка 2016. на сайце Беларускай дзяржаўнай філармоніі
- ↑ Ушел из жизни народный артист Беларуси композитор Андрей Мдивани
- ↑ Рыцарь страстей. 18.12.2009(недаступная спасылка)
- ↑ Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2013 года № 189 «Аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь» Архівавана 14 мая 2021.
Літаратура
правіць- Мдыва́ні Андрэй Юр’евіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 473. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 244. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
Спасылкі
правіць- Сайт кампазітара Архівавана 2 ліпеня 2011. (руск.) (англ.)
- Андрэй Юр’евіч Мдзівані // ХОР.by
- Мдивани Андрей Юрьевич (руск.) // Сайт Беларускага саюза кампазітараў