Арганаўты (гурт)

беларускі музычны ансамбль

«Аргана́ўты» — беларускі музычны ансамбль на чале з Уладзімірам Спірыдовічам. Пераможцы Другога фестываля біт-ансамбляў Мінска, які праходзіў у 1971 годзе ў актавай залі РТІ.[1]

Арганаўты
Жанры рок-музыка
Краіны
Склад

Гісторыя правіць

Калектыў створаны Уладзімрам Спірыдовічам у час яго навучання на фізфаку БДУ. Паводле слоў Спірыдовіча назва гурта такая таму, што «мы ўвесь час у пошуках. Мы шукаем цікавыя і прыгожыя песні». «Арганаўты» выконвалі аўтарскія песні Спірыдовіча, а таксама кавер-версіі і беларускія народныя спевы ў сваёй адаптацыі. Уладзімір Спірыдовіч адзіны з квартэта не меў музычнай адукацыі. Акрамя асноўнага складу, да асобных выступаў запрашаліся сола-гітарысты Яўген Канавалаў, Сяргей Молеў, Уладзімір Угольнік.

На Другім фестывалі біт-ансамбляў Мінска ў 1971 годзе «Арганаўты» заслужана атрымалі першае месца, узмоцненае тым, што другога не далі нікому. Заля стоячы пляскала ў далоні. Сваю ролю ў перамозе адыгралі аўтарскі матэрыял, шлягер «Каб любіць Беларусь…», кавер на «Bee Gees», рок-версія шубертаўскай «Авэ Марыі» і струнная секцыя з запрошаных дзяўчат з музычнага вучылішча. Для СССР на той момант такія арт-рокавыя эксперыменты былі ўнікальнымі. Артыкул пра гурт «Арганаўты» надрукаваны ў газеце «Беларускі ўніверсітэт» у 1971 годзе.

Біт-фестываль завяршыўся скандалам. Па сведчанні кампазітара Сяргея Картэса публіка ў рок-н-рольным экстазе пачала ламаць крэслы. У выніку студэнта Спірыдовіча сталі пастаянна запрашаць у парткам Белдзяржуніверсітэта на прафілактычныя размовы. На ансамбль пасыпаліся абвінавачванні ў дэпрэсіўных настроях. Уладам не падабаліся іх тэксты, даўгія валасы і тое, што вакол «Арганаўтаў» гуртуюцца хіпі. Выключэннем стала святкаванне 50-годдзя БДУ ў Маскве, дзе «Арганаўтам» дазволілі выступіць.

У 1971 годзе «Арганаўты» спынілі дзейнасць. Гурт паспеў запісацца ў студыі Белрадыё, але гукасесіі не захавалася. Запісвацца самастойна музыкі не спрабавалі.

Склад правіць

Творчасць правіць

Спецыялісты з кансерваторыі адзначалі надзвычай моцныя, «пастаўленыя» галасы «Арганаўтаў». Спірыдовіч тлумачыў гэтую ўласцівасць тым, што яны пілі «чарніла» і спявалі па пяць гадзінаў штодзень, а рэпетыцыі праводзілі, седзячы на дрэвах у Купалаўскім скверы, збіраючы вакол сябе многа народу.

Арганізатар Другога фестываля біт-ансамбляў Мінска і франтмен групы «Пане-Браце» Уладзімір Кандрусевіч сцвярджае, што «фестываль атрымаўся даволі нудным для моладзі. Толькі Уладзімір Спірыдовіч з „Арганаўтамі“ паказалі найцікавейшую праграму, упершыню злучыўшы рок-гурт са струнным ансамблем». «Пясняр» Валерый Дайнэка мяркуе, што «Арганаўты» выглядалі «прыгожа і ўрачыста».[2]

Зноскі

  1. Будкін, Сяргей. 60 год беларускага рок-н-рола. Лекцыя Сяргея Будкіна(недаступная спасылка). Onliner.by (15 октября 2020 в 8:00). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2021. Праверана 1 лістапада 2021.
  2. Сямашка, Віктар. !OUT: Залатое руно Ўладзімера Сьпірыдовіча (Фота + 12 абраных трэкаў). Тузін Гітоў (24 лістапада 2014).

Спасылкі правіць