Аршалуйс Балабекавіч Маркар’ян

Аршалуйс Балабекавіч Маркар’ян (23 сакавіка 1915, в. Артэкенд[1], або Гладзор[2], Ваяцдзорская вобласць, Арменія — 4 чэрвеня 1996) — беларускі архітэктар.

Аршалуйс Балабекавіч Маркар’ян
Дата нараджэння 23 сакавіка 1915(1915-03-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 4 чэрвеня 1996(1996-06-04) (81 год)
Альма-матар
Месца працы
Партыя

Біяграфія правіць

Пасля заканчэння васьмігадовай школы ў 1929 годзе быў залічаны ў фабрычна-заводскае вучылішча пры авіяцыйным заводзе № 31 г. Таганрога. Завяршыўшы навучанне ў 1932 годзе ён уладкаваўся сталяром-зборшчыкам на гэты завод і паралельна вучыўся на вячэрнім рабфаку. Прапрацаваўшы па спецыяльнасці некалькі гадоў, А. Б. Маркар’ян вырашыў атрымаць вышэйшую адукацыю. У 1936 годзе ён паступіў у політэхнічны інстытут г. Арджанікідзэ, але правучыўся толькі два курсы і пакінуў інстытут «па сямейных акалічнасцях». У 1940 годзе паступіў у Маскоўскі архітэктурны інстытут. У аўтабіяграфіі ён адзначаў: «Мабыць, усё ж уменне маляваць, маючы пачуццё меры, ды і прафесія сталяра адыгралі ролю выбару архітэктурнага факультэта». Вучобу ў інстытуце перапыніла Вялікая Айчынная вайна. З гэтай прычыны інстытут ён скончыў толькі ў 1950 годзе[2].

Упершыню ў БССР прыехаў улетку 1946 года і ўладкаваўся ў архітэктурна-планіровачную майстэрню Мінгарвыканкама. Пасля атрымання дыплома яго перавялі на пасаду архітэктара спачатку Ленінскага, а затым і Фрунзенскага раёнаў Мінска. З сакавіка 1953 года стаў працаваць на пасадзе галоўнага архітэктара праекта ў майстэрні № 1 Мінгарпраекта. Праектаваў жылыя, грамадскія і адміністрацыйныя будынкі, выконваў праекты планіровак азелянення раёнаў горада. Варта адзначыць, што архітэктар удзельнічаў у распрацоўцы чырвоных ліній генеральнага плана Мінска. Па яго праектах былі пабудаваны паліклініка на вул. Ульянаўскай (праект 1954 года, будаўніцтва 1956 года), 28-кватэрны жылы дом для аўтазавода і 32-кватэрны жылы дом для бетоннага завода (праект 1954 года, будаўніцтва 1956 года), комплекс жылых дамоў завода ацяпляльнага абсталявання (праект 1955 года, будаўніцтва 1956 года), рэканструкцыя-надбудова інтэрната медыцынскага інстытута на рагу пр. Незалежнасці і вул. Б. Хмяльніцкага (праект 1955 года, будаўніцтва 1956—1957 гадоў), калгасныя пасёлкі ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці (праект 1956 года, будаўніцтва 1957 года). Распрацаваныя і ажыццёўленыя праекты будынкаў паслужылі падставай для прыняцця 28 лютага 1957 г. А. Б. Маркар’яна ў Саюз архітэктараў БССР[2].

Апроч асноўнай працы ў Мінгарпраекце Аршалуйс Маркар’ян, як і яго бацька, захапляўся тэатрам. У 1949 годзе ён напісаў лібрэта да балета «Дэман» А. Рубінштэйна, пастаўленым у Беларускім дзяржаўным тэатры оперы і балета. У асабістым фондзе Маркар’яна ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі захоўваюцца выкананыя ім эскізы касцюмаў да спектакляў «Поры года», «Іспанцы»[2].

У 1959 годзе Маркар’ян на нядоўгі час пераехаў у Гродна, дзе да 1962 года займаў пасаду галоўнага архітэктара горада. За гэты час у горадзе былі пабудаваны завод «Гродгандальмаш» (1960), гасцініца «Нёман» (1961), аўтавакзал (1962). З верасня 1962 года на працягу двух гадоў ён працаваў старшым інжынерам тэхнагляду будаўніцтва швейнай фабрыкі ў Гродне. Затым займаў пасаду начальніка тэхнічнага аддзела Гродзенскага аблпраекта, начальніка аддзела Упраўлення па будаўніцтве і архітэктуры Гродзенскага гарвыканкама[2]. Член КПСС з 1965 года[1].

У 1965 годзе Маркар’ян вярнуўся ў Мінск, дзе яму была прапанавана пасада начальніка мастацкай лабараторыі Беларускага дзяржаўнага праектнага інстытута Міністэрства мясцовай прамысловасці (Белмясцпрампраект). Да выхаду на пенсію ў сакавіку 1975 года Аршалуйс Маркар’ян паспеў папрацаваць на пасадзе галоўнага архітэктара аддзела інстытута Ваенпраект № 92, начальніка архітэктурна-будаўнічага аддзела № 2 Белмясцпрампраекта, галоўнага архітэктара аддзела інстытута «Калгаспраект», галоўным архітэктарам аддзела Мінскага філіяла інстытута «Дзіпранафтабуд» Міністэрства прамысловага будаўніцтва СССР[2], да 1985 года — майстарам-інструктарам на домабудаўнічым камбінаце № 3[1].

У 1970-я гады архітэктарам была прароблена вялікая творчая праца па складанні праектных прапаноў ідэальнага горада будучыні — «горада-манумента» («горада-зоркі»). У чэрвені 1978 года ён зрабіў даклад пра праектную прапанову ўзвядзення горада-манумента, пісаў лісты наконт сваіх праектных прапаноў Генеральнаму сакратару ЦК КПСС Л. І. Брэжневу, Першаму сакратару ЦК Кампартыі БССР П. М. Машэраву, у секцыю горадабудаўніцтва БССР. Паводле задумкі архітэктара, у аснову планіровачнай схемы горада былі пакладзены абрысы пяціканцовай зоркі, якая сімвалізавала шматнацыянальнае адзінства савецкага народа. Аднак яго творчы праект так і застаўся на паперы. У 2018 годзе ў Мінскай гарадской ратушы ў рамках выстаўкі «Горад мары. Мінск у праектах вядомых архітэктараў» экспанаваўся яго эскізны праект «Горада-манумента» (1972)[2].

Зноскі

  1. а б в Маркарьян Аршалуйс Балабекович // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
  2. а б в г д е ё А. Н. Максимчик. АРМЯНЕ В УРБАНИЗАЦИОННЫХ ПРОЦЕССАХ В БССР Архівавана 16 ліпеня 2020.

Літаратура правіць