Атрэй (стар.-грэч.: Ἀτρεύς) — у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Мікен, сын Пелопа і Гіпадаміі, брат Фіеста, муж Аэропы, бацька Агамемнана і Менелая. Заснавальнік царскай дынастыі Атрыдаў, вядомая чарадой радавых праклёнаў.

Атрэй
стар.-грэч.: Ατρέας
Гравюра Артэя, Карнеліс Корт, 1574.
Гравюра Артэя, Карнеліс Корт, 1574.
Міфалогія старажытнагрэчаская
Тлумачэнне імя «бясстрашны»
Грэчаскае напісанне Ἀτρεύς
Лацінскае напісанне Atreus
Пол мужчынскі пол
Занятак цар Мікен
Дынастыя Пелапіды (Атрыды)
Бацька Пелоп
Маці Гіпадамія
Брат Фіест
Жонка Аэропа
Дзеці Анаксібія, Агамемнан, Менелай
Звязаныя паняцці людаедства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паводле большасці старажытных крыніц, Атрэй быў таксама бацькам Плісфена, аднак у некаторых лірычных паэтаў (Івік, Вакхілід) сустракаецца супрацьлеглае імя для самога Атрэя — Плісфенід («сын Плісфена»).

Старажытнагрэцкае Ἀτρεύς (вымаўленне: [a.trěu̯s]) азначае «бясстрашны», і складаецца з прыстаўкі ἀ- — «не-» і кораня τρέω — «страх, боязь», што, у сваю чаргу, паходзіць ад аднаўляемага праіндаеўрапейскага *tres- — «дрыжаць» (адкуль і беларускае «трэ́сці(-ся)»).

У міфалогіі

правіць

У Пелопа і Гіпадаміі было шмат сыноў, найбольш вядомыя з якіх былі Атрэй і Фіест. У залежнасці ад версіі міфа, яны забілі свайго зводнага брата Хрысіпа ў барацьбе за прастол Алімпіі[1]. Выгнаныя праз гэта забойства Гіпадамія, Атрэй і Фіест знайшлі прыстанак у Мікенах, дзе, па паданні, Гіпадамія павесілася.

Паводле Фукідыда, мікенскі цар Еўрысфей перадаў Атрэю рэгенцтва на час свайго паходу супраць Гераклідаў[2]. Аднак Еўрысфей загінуў у баі, і мікенская шляхта прызначыла Атрэя царом[3]. Іншая версія замест гэтага распавядае аб аракуле, які пасля смерці Эўрысфея прадказаў мікенцам абраць новага кіраўніка сярод нашчадкаў Пелопа. Дзеля таго Атрэй пакляўся прынесці ў ахвяру Артэмідзе свайго лепшага ягня. Агледзеўшы свой статак, ён нечакана ў ім выявіў залатога ягня, якога аддаў сваёй жонцы Аэропе, каб схаваць ад багіні. Аднак Аэропа падарыла ягня свайму палюбоўніку, брату Атрэя — Фіесту, які затым прад’явіў ягня і завалодаў прастолам.

Вярхоўны бог Зеўс вырашыў дапамагчы Атрэю, перадаўшы сваю прапанову праз Гермеса, — Атрэй угаварыў Фіеста пагадзіцца, што калі Сонца ўзыдзе на захадзе і зойдзе на ўсходзе, то кіраванне царствам будзе перададзена Атрэю. Сонечнае бажаство Геліяс менавіта гэта і зрабіў, устаўшы там, дзе ён звычайна садзіўся, і зайшоўшы там, дзе ён звычайна ўставаў, будучы нязгодным з узурпацыяй Фіеста[4]. Дзякуючы гэтаму падданыя царства схіліліся перад Атрэем, што здолеў развярнуць кругаварот Сонца[5].

 
Атрэй скормлівае Фіеста яго сынамі, Закупскі замак[en].

Даведаўшыся пра шлюбную здраду Аэропы з Фіестам, Атрэй задумаў жудасную помсту. Ён забіў Фіеставых сыноў і загадаў прыгатаваць з іхняй плоці смажаніну, якой затым падманам скарміў Фіеста[6]. Пасля гэтага Атрэй, здзекуючыся, паказаў Фіесту адрэзаныя канечнасці яго дзяцей. Апаганены паяданнем чалавечыны, Фіест быў вымушаны бегчы ў выгнанне. Прагны да помсты Фіест звярнуўся да аракула ў Сікіёне, які параіў яму ад уласнай дачкі Пелопіі зачаць сына, які б адпомсціў Атрэю. Аднак народжанага Эгісфа маці кінула, саромеючыся кровазмяшэння. Дзіцятка знайшоў пастух і перадаў яго Атрэю, які выхаваў Эгісфа як свайго сына. Толькі па дасягненні Эгісфам паўналецця Фіест раскрыў яму праўду: той аказаўся адначасова сынам і ўнукам Фіеста. Тады ж Эгісф забіў Атрэя[7]. Да таго моманту, аднак, у Атрэя і Аэропы ўжо нарадзілася двое сыноў — Агамемнан і Менелай, а таксама дачка Анаксібія. Агамемнан ажаніўся на спартанскай царэўне Клітэмнестры, а на яе сястры, знакамітай сваёй прыгажосцю, Алене — ажаніўся Менелай.

Грабніца Атрэя знаходзіцца ў Мікенах[8], месца вядомае сёння як «Скарбніца Атрэя».

Радавод

правіць
Радавод Атрэя (паводле Гамера)
ЗеўсПлуто
Тантал
ПелопсГіпадамія
ФіестАтрэйАэропа
ЭгісфПелопіяСтрофійАнаксібіяАгамемнанКлітэмнестраМенелайАлена
ПіладЭлектраІфігеніяАрэстГерміёна
МэдонСтрофійТысаменПенфіл

У антычнай літаратуры

правіць
 
Атрэй і Фіест, Нацыянальны музей сярэднявечнага і сучаснага мастацтва[it] ў Арэца.

Атрэй — дзейная асоба антычных трагедый Сафокла «Атрэй, або Мікенянкі» і «Гіпадамія», трагедый Эўрыпіда «Фіест» і «Плісфен», трагедый Дыягена і Акцыя «Атрэй», Сенекі «Фіест». Лікафрон і Акцый напісалі трагедыі «Пелапіды». Імя Атрэя згадваецца ў паэмах Гамера «Іліяда» і «Адысея».

Гістарычны прататып

правіць

Некаторымі даследчыкамі бачыцца магчымая спасылка на Атрэя ў хетцкім клінапісным тэксце, вядомым як «Выкрыванне Мадуваты». Тэкст апісвае некалькі ваенных сутыкненняў паміж грэкамі і хетамі, якія адбыліся прыкладна ў канцы 15-га ці пачатку 14-га стагоддзя да нашай эры. Паводле гэтых крыніц, правадыром грэкаў быў нейкі Атарсія (або Атарысія), роўны хетам па сіле, правіцель краіны Ахіява (па некаторых трактоўках, Мікенскай дзяржавы), назва якой, магчыма, узыходзіць да ахейцаў — адно з найменняў грэкаў (для прыкладу, егіпецкія крыніцы таго часу называлі іх акайваша)[9][10].

У медыякультуры

правіць

У выдуманым сусвеце Фрэнка Герберта цыкла «Хронікі Дзюны» сямейства Дома Атрыдаў, вакол якога развіваецца апавяданне, вядзе свой род ад міфічнага Атрэя[11].

Імя Атрэя носіць сын паўбога Кратаса ў серыі камп’ютарных гульняў «God of War», названы так у гонар загінулага паплечніка Кратаса. Таксама яго імем названы галоўны герой кінафільма «Бясконцая гісторыя».

Крыніцы

правіць
  1. Фукідыд. Гісторыя I, 9, 2; Платон. Кратыл, 395b.
  2. Фукідыд. Гісторыя I, 9, 2.
  3. Эўрыпід. Арэст, 813.
  4. Эўрыпід. Электра, 727—736; Іфігенія ў Таўрыдзе, 195—196; Арэст, 1001—1006; Платон. Палітык, 269а.
  5. Сафокл. Урывак 738:

    …κἀνταῦθα πᾶς προσκυνεῖ σφε τὸν στρέφοντα κύκλον ἡλίου.

  6. Сафокл. Аякс, 1293—1294.
  7. Псеўда-Апаладор. Міфалагічная бібліятэка II, 10-14
  8. Паўсаній. Апісанне Элады II, 16, 6.
  9. Bryce, Trevor R., «The Trojan War: Is There Truth Behind the Legend?», Near Eastern Archaeology, Vol. 65, No. 3. (Sep. 2002), p. 193. DOI:10.2307/3210883. JSTOR 3210883.
  10. R. S. P. Beekes, Etymological Dictionary of Greek, Brill, 2009, p. 158.
  11. Herbert, Frank (2019). God Emperor of Dune (Ace premium ed.). New York: ACE/Berkley. p. 17. ISBN 9780593098257.

Спасылкі

правіць