Багуслаў Казімір Агінскі

(1669—1730) маршалак земскі ковенскі
(Пасля перасылкі з Багуслаў Агінскі)

Багуслаў Казімір Агінскі (каля 1669 — 1730) — вялікалітоўскі вайсковы і дзяржаўны дзеяч. Маршалак земскі ковенскі (1701—1730), вялікі стольнік літоўскі (1704—1709). Староста бабінавіцкі (да 1687 — да 1693), дарсунішскі (да 1693—1730).

Багуслаў Казімір Агінскі
Брама[d]
Брама[d]
Нараджэнне 1669
Смерць 1730[1]
Род Агінскія
Бацька Шыман Караль Агінскі
Маці Тэадора з Корсакаў[d]
Жонка Палідора Аўрора з Урангеляў[d], Альжбета з Эперыяшы[d] і Ганна Дарота з Уніхоўскіх[d][2][3]
Дзеці Караль Агінскі[d] і Тэадора з Агінскіх

Біяграфія правіць

Паходзіў са старэйшай княжацкай лініі роду Агінскіх, сын Шымана Караля і Тэадоры з Корсакаў. Брат Марцыяна Міхала. Як і іншыя князі Агінскія пісаўся «з Казельска».

Упершыню згадваецца ў чэрвені 1687 года як староста бабінавіцкі, з гэтым урадам згадваецца і ў 1691 годзе. Паводле Урускага, у 1693 годзе быў старостам дарсунішскім, у 1697 годзе з гэтым урадам падпісаў элекцыю каралём Аўгуста Моцнага. Невядома роля Багуслава Казіміра ў антысапяжанскім лагеры падчас грамадзянскай вайны ў Княстве, хаця, як і малодшы брат Марцыян Міхал, браў удзел у бітве пры Алькеніках (18.11.1700). У 1701 годзе атрымаў урад маршалка земскага ковенскага, які трымаў да смерці. У 1702 годзе меў панцырную харугву.

Займаў даволі паслядоўную праветынскую пазіцыю. Галоўны з’езд Княства, які пачаўся 5.3.1703 года ў Вільні, абраў яго сярод вялікалітоўскіх паслоў з боку Аўгуста Моцнага. Падпісаў акт з’езда і пасольскія інструкцыі як маршалак і камісар ковенскі, староста дарсунішскі. Як ковенскі пасол браў удзел у Люблінскім сойме 1703 года, быў абраны ў групу дэпутатаў з каралеўскага боку. У 1704 годзе атрымаў урад вялікага стольніка літоўскага, замест Ежы Сапегі, які «здрадзіў Аўгусту», але да 1709 года мусіў саступіць урад Сапегу.

Пазнейшая дзейнасць Багуслава Казіміра малавядомая. Як ковенскі пасол удзельнічаў ў Вальнай радзе ў Варшаве ў 1710 годзе, у прамове 17 сакавіка патрабаваў каб Аўгуст не даваў урадаў у Княстве асобам з Кароны, прасіў прыкласці намаганні для вызвалення Міхала Сервацыя Вішнявецкага з расійскага палону, раіў амніставаць прыхільнікаў Швецыі, каб такім чынам прыцягнуць на каралеўскі бок. Падпісаў падтрымку Сандамірскай канфедэрацыі.

У наступныя гады шматкроць быў паслом ад Ковенскага павета. У тым ліку на Гродзенскім сейме ў 1718 годзе, на сейме 1724 года абраны у групу дэпутатаў для перамоваў з міністрамі замежных двароў да часу новага сейма. На сейме 1726 года абраны ў склад камісіі для перамоў з венскім дваром, а таксама прызначаны камісарам для рэвізіі ў Жамойці падаткаў — гіберны, чопавага, шэляжнага і пагалоўнага яўрэйскага. Пад канец жыцця меў з невядомай прычыны працяглае і цяжкае разбіральніцтва з Мікалаем Забелам, пазнейшым ковенскім маршалкам.

За жыццё не сабраў значных добраў. З 1701 года разам з братамі Марцыянам Міхалам і Аляксандрам, старостам усвяцкім, меў працяглае разбіральніцтва з Лаўрынам Юшынскім, падчашым падольскім, за маёнтак Лёзна ў Аршанскім павеце. Частка маёнтка ў 1699 годзе была застаўлена Марцыяну Міхалу яго мачахай Тэрэзай Вайнянкай-Ясянецкай, а большая частка ў 1700/1701 гадах была ў заставе Юшынскага, якога браты Агінскія, разам і паасобку, гвалтам выбілі з заставы ў красавіку 1701 года. Урэшце, у кастрычніку 1705 года, Лёзна перайшло ва ўладанне Багуслава Казіміра, калі мачаха Вайнянка-Ясянецкая аддала яму маёнтак за 10000 талераў. Аднак, пасля 1721 года большая частка Лёзна належала Марцыяну Міхалу, які, напэўна, заплаціў за яго Багуславу Казіміру.

У жніўні 1717 года, пасля смерці сына Караля, Багуслаў Казімір вымусіў нявестку Рахіль Тэрэзу з Выгоўскіх (узяла другі шлюб з Антоніем Казімірам Сапегам, старостам мерацкім), адмовіцца ад Дарсунішскага староства, перадаўшы яго свайму сыну Юзафу з каралеўскай згоды. У 1720 годзе Багуслаў Казімір скардзіўся, што валодае маёнткам Лаздуны, але «з усіх бакоў пакрыўджаны». Таксама меў спрэчку з Антоніем Казімірам Сапегам за Стравенікі.

Сям’я правіць

Тройчы быў жанаты, з Палідорай Аўрорай з Урангеляў, Альжбетай Эсперыяшанкай і Ганнай Даротай з Уніхоўскіх (пам. 1736).

 
Палідора Аўрора з Урангеляў

У шлюбе з Палідорай Аўрорай меў дачку Тэадору, напэўна, у шлюбе з Альжбетай — сына Караля (пам. да жніўня 1717). Таксама меў яшчэ адну дачку невядомую імем.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Andrzej Link-Lenczowski Ogiński Bogusław Kazimierz // Polski Słownik Biograficzny. — T. XXIII — 1978.