Базаруту (востраў)

У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Архіпелаг Базаруту.

Базаруту (парт.: Bazaruto) — найбуйнейшы востраў аднайменнага архіпелага ў Мазамбіку. Плошча — каля 123 км².

Базаруту
парт. Bazaruto
Бераг
Бераг
Характарыстыкі
Плошча123 км²
Размяшчэнне
21°43′09″ пд. ш. 35°27′25,50″ у. д.HGЯO
АкваторыяМазамбікскі праліў
Краіна
Базаруту (востраў) (Мазамбік)
Базаруту
Базаруту
Map

Геаграфія правіць

Востраў Базаруту знаходзіцца за 548 км на паўночны ўсход ад Мапуту, сталіцы Мазамбіка. Аддзелены ад мацерыка аднайменным залівам, які ў найбольш вузкім месцы не перавышае 14,6 км. Выцягнуты з поўначы на поўдзень на 39 км. Найбольшая шырыня — 6,35 км.

Востраў сфарміраваўся ў плейстацэне, калі ўздоўж берагавой лініі вылучылася скальная водмель, якую апанавалі каралавыя паліпы. Моцная Мазамбікская плыня паступова намывала пясок. Паверхня складзена каралавымі адкладанямі і пясчанымі наносамі. На ўсходзе пясчаныя выдмы займаюць тэрыторыю да 2,2 км у шырыню. Яны ўзвышаюцца да 107 м. У заходняй частцы шэраг былых каралавых лагун, замкнёных наносамі, пераўтварыліся ў азёры з саланаватаю вадою. Каля вострава Базаруту знойдзены радовішчы прыроднага газу.

Характэрны трапічны клімат са сталым уздзеяннем мусонаў і пасатаў. Сярэднегадавая тэмпература — 24°C.

Прырода правіць

Усходняя частка Базаруту уяўляе сабою паверхню з высокімі пясчанымі выдмамі, што стала рухаюцца, а таму тут мала расліннасці. Тым не меней, на поўначы выдмы часткова стабілізаваны і пакрыты травою. На захадзе пераважае саванна з некалькімі раёнамі балот і прыбярэжных манграў. На Базаруту шмат птушак. Тут гняздуюць пералётныя віды з Антарктыкі. Сустракаюцца антылопы, кракадзілы, яшчаркі. На берагах размножваюцца марскія чарапахі.

У 2001 г. уся тэрыторыя вострава ўвайшла ў склад аднайменнага нацыянальнага парка, таму гаспадарчая дзейнасць чалавека абмежавана.

Гісторыя правіць

Базаруту быў населены паміж 200 г. і 300 г. перасяленцамі з мацерыка. У сярэднявеччы яны былі ўцягнуты ў гандаль з гарадамі суахілі. Падчас археалагічных раскопак былі выяўлены аскепкі фаянсу, вырабленага ў Персіі.

У XVI ст. з'яўленне партугальцаў спыніла гандлёвыя аперацыі арабаў і суахілі на востраве. У 1586 г. астравіцяне былі заваяваны некалькімі сем'ямі партугаламоўных мулатаў з Сафалы на чале Антоніу Радрыгеса. У XVII ст. улада перайшла да сям'і Луіша Перэйры. Падначаленае мулатамі насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і здабычай жэмчугу. Толькі ў канцы XVII ст. гандаль жэмчугам трапіў пад кантроль партугальскай каланіяльнай адміністрацыі.

У XVIII ст. мулаты канчаткова згубілі ўладу на востраве з-за ўварвання з мацерыка племянных груп ватуа і ландзін. Асноўнай этнічнай групай астравіцян сталі тсонга. У 1721 г. мясцовы правадыр Мусіса падпарадкаваўся партугальцам, а наўзамен атрымаў дапамогу ў вайне са сваім родным братам. Абмежаваныя рэсурсы і напады піратаў выклікалі перасяленне на мацярык. Многія наведвалі Базаруту толькі сезонна, каб займацца ловам рыбы і вустрыц. На ім спыняліся гандляры рабамі і звычайныя маракі. У канцы XIX ст. дзейнічала аддзяленне турмы. У 1913 г. быў пабудаваны маяк.

У 1975 г. Базаруту далучаны да незалежнага Мазамбіка. У 2001 г. стаў цэнтрам нацыянальнага парка. У нашы дні тут развіваецца турызм.

Спасылкі правіць