Барысаўскія батарэі

(Пасля перасылкі з Барысаўская крэпасць)

«Барысаўскія батарэі» — абарончае збудаванне ў Барысаве. Рэшткі земляных фартыфікацыйных збудаванняў «Батарэя» з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2-й катэгорыі.

Славутасць
Барысаўскія батарэі
54°13′58″ пн. ш. 28°29′49″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата пабудовы 1812 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Д000114шыфр 612Д000114
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
План барысаўскіх перадмаставых умацаванняў у 1812 годзе

Фартыфікацыйныя работы пачаліся ў Барысаве 24 сакавіка 1812 года. Закладку перадмаставых умацаванняў ажыццяўляў камандзір падпалкоўнік Мікалай Гаўрылавіч Сазонаў[ru], які прыбыў у горад з мінёрнай ротай 2-га Піянернага палка. У дапамогу яму быў накіраваны палкоўнік Аляксандр Іванавіч Грэсер з шэфскай ротай і запаснымі батальёнамі 1-га і 33-га егерскіх палкоў. Працу курыраваў начальнік інжынераў 1-й Заходняй арміі інжынер-генерал-лейтэнанту Хрысціяну Іванавічу Трузсону[ru]. Умацаванні ўзводзіліся землянымі, палявога тыпу. Мураванае будаўніцтва не прадугледжвалася[1].

Максімальная «ўмяшчальнасць» умацаванняў меркавалася на ўзроўні 20 000 штыкоў. На флангах размяшчаліся два квадратныя ў плане рэдуты. Іх злучаў рэтраншэмент з бастыёнам у цэнтры і двума паўбастыёнамі. Яшчэ адзін бастыён знаходзіўся перад заднім фронтам умацавання і глядзеў на мост цераз Бярэзіну, дзеля якога ўсё і будавалася[1].

Палевы мост даўжынёй каля 600 метраў з пад’ёмнай часткай для праходу суднаў гэтак жа быў пабудаваны напярэдадні вайны. Ён размяшчаўся там жа, дзе цяпер знаходзіцца пешаходны мост. Маскоўскі тракт, перад выхадам на яго, рабіў пятлю і агінаў узвышша, на якім размяшчалася ўмацаванне (канфігурацыя дарогі захавалася дагэтуль), а за ракой пераходзіў у вуліцу Мінскую (цяпер — вуліца III Інтэрнацыянала)[1].

Да пачатку расійска-французскай вайны грабарскай работы былі блізкія да завяршэння, аднак штатнага гарнізона ўмацаванне не атрымала. Атрад, які быў у распараджэнні Грасера, быў вельмі малалікім, складаючыся з каля 400 чалавек. Да таго ж асноўныя падзеі развіваліся на поўнач ад гэтага месца і ўзнікла пагроза выхаду праціўніка ў тыл. У такім становішчы 11 ліпеня Грасер вырашыў пакінуць пазіцыю і адвесці сваіх людзей у Магілёў. Сыходзячы, атрад Грасера закляпаў і патапіў у рацэ гарматы і спаліў мост[1].

Згадваецца пра тое, што Напалеон у канцы кастрычніка загадаў зрыць умацаванні, але калі працы ў гэтым кірунку і вяліся, то да лістапада 1812 г. далёка не прасунуліся. Мост, наадварот, быў адноўлены французамі[1].

Атака, прадпрынятая Ламбертам 9 (21) лістапада 1812 года суправаджалася агнём толькі дзвюх дванаццацігарматных батарэй, якія істотных разбурэнняў умацаванням не прынеслі[1].

У 1813 годзе тэт-дэ-пон быў дабудаваны. У літаратуры сустракаюцца згадкі пра збудаванне падземных драўляных казармаў, якія пасля вайны выкарыстоўваліся, як сховішчы сабранай на палях французскай амуніцыі і правіянту[1].

 
Від на ўмацаванні з моста цераз Беразіну ў пачатку XX стагоддзя

Пасля Венскага кангрэса, з пашырэннем граніц Расійскай імперыі далей на захад, барысаўскія ўмацаванні страцілі сваё значэнне, былі закінуты і паступова асыпаліся і зарасталі. Сярод мясцовага насельніцтва за закінутым аб’ектам замацавалася назва «батарэі», «Чычагаўскія батарэі» ці нават «Напалеонаўскія батарэі»[1].

Найноўшы час правіць

У пачатку XX ст. у выніку пашырэння вёскі Дымкі быў знішчаны забудовай цэнтральны бастыён ў гаржавай частцы[2].

У час савецка-польскай вайны ў 1920 годзе палякі выкарыстоўвалі «батарэі», як артылерыйскую пазіцыю для абстрэлу горада, на саміх умацаваннях гэта ніяк не адбілася. На схілах, звернутых да ракі, з’явіліся акопы[1].

Пастановай СНК БССР гэтыя земляныя збудаванні лічацца помнікам гісторыі[3][4].

 
Бальніца на тэрыторыі «батарэяў». 1929 года

Куды больш «батарэі» пацярпелі ад будаўнікоў. У 1932 годзе ў Барысаў перакінулі 80-ы стралковы полк. Пераезд супаў з перафарміраваннем палка ў 5-ю асобную механізаваную брыгаду. Для размяшчэння новага падраздзялення на «Напалеонаўскіх батарэях» узвялі шэраг будынкаў. Пра гэта ў сваіх мемуарах пісаў маршал Міхаіл Катукоў, які на той момант займаў пасаду кірштаба брыгады. Перад Вялікай Айчыннай вайной тут узвялі бальнічны комплекс, які быў пашыраны ў 1980-я гады[1].

У 1970-х гадах частку крэпасці засыпалі савецкія ваенныя, каб арганізаваць камендатуру і склады. Пры гэтым быў пашкоджаны правы паўбастыён у фронце[2]. У 1980-х гадах пабудавалі шматпавярховы корпус Барысаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, былі зрытыя курціны[2].

 
Стэла з інфармацыяй
 
Лесвіца на валы з боку моста

У 1985 годзе пастаўлена стэла з надпісам-інфармацыяй[3]:

  Перадмаставыя ўмацаванні /батарэі/ пабудаваны напярэдадні Айчыннай вайны 1812 г. з мэтай абароны г. Барысава. Тут 10 лістапада 1812 года рускія войскі разграмілі буйную групоўку напалеонаўскай арміі

 
 
План «батарэяў», накладзены на сучасны спадарожнікавы здымак мясцовасці

14 верасня 2012 года быў зацверджаны праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці[5]. Паводле яго шматпавярховы корпус бальніцы быў прызнаны дысгарманічнай забудовай.

У 2020—2022 гадах на тэрыторыі «Батарэі» быў пабудаваны новы дзіцячы шматпрофільны корпус Барысаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Пляцоўка паводле праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці трапляла ў зону рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання, на тэрыторыі якой было дазволена «будаўніцтва будынкаў і збудаванняў вышынёй ад узроўню зямлі да ўзроўню канька даху не больш за дзесяць метраў». Але 5-павярховы новы корпус значна перавышаў абмежаванне ў 10 метраў[6].

Умацаванні працягваюць разбурацца як прыродай (вада размывае курціны) так і людзьмі.

Штогод на тэрыторыі "батарэяў" ладзіцца рэканструкцыя баёў бітвы на Бярэзіне[7].

Месца рэпрэсій правіць

Частка збудаванняў была ператворана ў мемарыял пастановай Савета Народных Камісараў БССР ад 1926 г., іншую частку савецкая дзяржбяспека ператварыла ў закрытую тэрыторыю[8].

 
Роў паміж землянымі ўмацаваннямі

Паводле даследаванняў гісторыкаў у гэтай мясцовасці ў 1920-я — 1930-я гг. былі пакараны смерцю ад адной да двух тысяч людзей. Адна з самых маштабных экзекуцый адбылася 3 мая 1933 г. пасля таго, як было падаўлена паўстанне, якое было выклікана голадам, які ўзнік у выніку правядзення калектывізацыі. Савецкая дзяржбяспека расстраляла тады больш за трыста яго ўдзельнікаў[8]. Паводле даследчыка Юркі Віцьбіча трупы закопвалі ў роў.

Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз, які адбыўся летам 1941 г., мясцовасць спусцела, а пра магілы забыліся[8].

У часы незалежнасці мясцовыя дэмакраты штогод на Дзяды спрабавалі ладзіць на Батарэях памятныя мерапрыемствы[9]. У дзень памяці продкаў 2 лістапада 2001 г. на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Батарэя» моладзевым рухам «Зубр» быў усталяваны Крыж памяці пакутнікам за Беларусь. Чатырохметровы бярозавы крыж быў знішчаны невядомымі ў ноч з 29 на 30 мая 2003 г., але і да гэтага ён шмат разоў быў пашкоджаны[8]. Крыжы ставіліся і ў наступныя гады, але іх пастаянна знішчалі. 2 лістапада 2006 года прадстаўнікамі мясцовай дэмакратычнай апазіцыі, моладзевых і грамадскіх арганізацый быў пастаўлены новы крыж, які вырабіў мясцовы зубровец Міхась Кандрашоў[10]. 23 мая 2008 года грамадскасцю быў усталяваны крыж Юрку Монічу, які ў 1920‑1930-х гадах узначальваў антыбальшавіцкі супраціў на Барысаўшчыне[11]. За ўсталяванне крыжа на 15 сутак былі арыштаваныя палітык Вячаслаў Сіўчык і журналіст Віктар Хурсік[9]. Ужо 30 мая абодва крыжы былі спілаваныя, паводле словаў лідара мясцовай суполкі Партыі БНФ Сяргея Салаша гэта зрабілі супрацоўнікі УП «Жыллё»[9].

Структура правіць

Крэпасць кантралявала масты праз Бярэзіну, закрывала праход на Барысаў і далей на Маскву з боку Мінска. Прызначэння свайго не выконвала, бо ўмацаванні было проста абысці з флангаў ва Ухалодзе, Вялікім Стахаве, Бытчы, Студзенцы, дзе былі старажытныя конныя пераправы праз раку[2].

Фронтам крэпасць разгорнута да Мінска, пабудавана ў выглядзе кронверка — цэнтральны бастыён і два флангавыя паўбастыёны. Гаржавая частка разгорнута да Бярэзіны, пабудавана таксама ў выглядзе кронверка. На флангах крэпасці пабудаваны два рэдуты. Перад курцінамі фартэцыі выкапаны глыбокія равы з гласісам[2].

Даўжыня лініі гласіса каля 1,97 км. Плошча фартэцыі ў межах гласіса каля 201940 кв.м[2].

На 2021 год знішчаныя і пашкоджаныя элементы крэпасці[2]:

  • у фронце — цэнтральны бастыён, курціна паміж цэнтральным бастыёнам і правым паўбастыёнам, правы паўбастыён.
  • у гаржавой частцы — курціна паміж правым паўбастыёнам і цэнтральным бастыёнам, цэнтральны бастыён.

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і francis_maks. Борисовские батареи. Полёты по Луне (11 кастрычніка 2017). Праверана 2 снежня 2023.
  2. а б в г д е ё Рахович В. Н. Борисовские предмостные укрепления. Отечественная война 1812 года. Источники. Памятники. Проблемы: Материалы XII Всероссийской научной конференции (Бородино, 6-8 сентября 2004 г.). — М.: Полиграф сервис, 2005. — 458 с.
  3. а б У. У. Бянько. 1. «Батарэі» Айчыннай вайны 1812 г. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 1. — 284 с.: іл.
  4. Памятник «Батареи 1812 года». minoblturism.gov.by. Праверана 2 снежня 2023.
  5. Постановление Министерства культуры Республики Беларусь от 14 сентября 2012 г. № 60 Об утверждении проекта зон охраны историко-культурной ценности — «Остатки земляных фортификационных сооружений „Батарея“ в г. Борисове Минской области»
  6. Спадчына. Telegram. Праверана 3 снежня 2023.
  7. У Барысаве правялі рэканструкцыю баёў 1812 года . Наша Ніва. Праверана 3 снежня 2023.
  8. а б в г Крыж памяці пакутнікам за Беларусь // Месцы памяці ахвяраў камунізму ў Беларусі / Пад рэдакцыяй Анны Камінскі. — Лейпцыг: Фонд даследавання камуністычных дыктатур, 2011. — С. 185. — 278 с.
  9. а б в У Барысаве сьпілавалі крыжы . spring96.org (30 мая 2008). Праверана 3 снежня 2023.
  10. У «барысаўскіх Курапатах» сёньня ўсталююць крыж . Наша Ніва. Праверана 3 снежня 2023.
  11. Крыж у гонар Юркі Моніча . Наша Ніва. Праверана 3 снежня 2023.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць