Беларускі асобны батальён у складзе арміі Літвы

Беларускі асобны батальён у складзе арміі Літвы (літ.: Baltgudžių atskiras batalionas) — беларуская вайсковая адзінка ў складзе арміі Літвы, якая ваявала за незалежнасць Літвы ў 1918—1920 гадах.

Беларускі асобны батальён у складзе арміі Літвы
Гады існавання 1918—1923
Краіна
Тып асобны батальён[d]
Удзел у

Перадумовы правіць

 
Жаўнеры Беларускага асобнага батальёна са сцягам. 1919

У лістападзе 1918 года пачалося фармаванне войска БНР. Пад ціскам нямецкіх акупантаў гэты працэс быў спынены. Далейшае фармаванне беларускіх вайсковых аддзінак стала магчымым толькі ў шэрагах войска Літвы. Першым міністрам абароны Літвы стаў Аўгусцінас Вальдэмарас, яго намеснікам Кіпрыян Кандратовіч. Фармаванне літоўскага войска пачалося ў Вільні, былі заснаваны штабы 1-ага i 2-га літоўскіх палкоў. Штабы 1-га i 2-га беларускіх палкоў (камандзір 1-га палка — Лаўрэнцьеў, 2-га — Волкаў) увайшлі ў склад войска Літвы. Вясной 1919 года воінскія фармаванні з беларусаў былі перадыслакаваны з Вільні ў Гродна. Пасля эміграцыі Кандратовіча ў Францыю штаб 2-га беларускага палка быў расфармаваны міністэрствам абароны Літвы ў студзені 1919 года, фармаванне 1-ага палка, беларускага эскадрону i беларускай камендатуры ў Гродна працягвалася далей. Па факце, літоўскія і беларускія палкі да другой паловы лютага 1919 года ва ўмовах нямецкай акупацыі існавалі нелегальна, рэальнае стварэнне беларуска-літоўскага войска пачалося толькі пасля эвакуацыі немцаў з вайсковай акругі Літва.

Для наладжвання сувязі з міністэрствам абароны Літвы ў Коўна быў высланы афіцэр Казлоў (меў паўнамоцтвы этапнага каменданта, набіраў добраахвотнікаў). Пасля наступу польскай арміі на беларускія землі ўзнікла пытанне эвакуацыі беларускіх часцей у Сувалкі ці Коўна. Праз гэта была спынена адпраўка добраахвотнікаў у Гродна.

Стварэнне правіць

Загадам міністэрства абароны ад 11 сакавіка 1919 года № 47 § 17 было дазволена пачаць з 27 лютага фармаванне роты ахвотнікаў у Коўне колькасцю да 200 жаўнераў. З рэшты жаўнераў, якія не былі адпраўленыя ў Гродна, была сфармавана «рота ахвотнікаў пры беларускім стале рэгістрацыі ў Коўні» (сфармавана афіцэрам Казловым, ваенным чыноўнікамі Кадэнюком (былы камендант Усебеларускай Рады ў Мінску) i Жураўскім. Жаўнеры і афіцэры гэтай роты, па ўспамінах маёра Ружанцова, насілі форму з белымі кантамі на каўнерах, пагонах, рукаўках i шапках (беларусы кавалерысты i артылерысты насілі чырвоны кант). Рота мела, як i іншыя беларускія часці, ротны сцяг бела-чырвона-белы.

12 красавіка рота добраахвотнікаў была перайменованая ў 5-ю роту Першага беларускага палка ў Гродне, камандзірам яе быў назначаны афіцэр Яніцкі, але рота, як i раней, працягвала знаходзіцца ў Коўне, з складу яе быў выдзелены вучэбны ўзвод дзеля падрыхтоўкі падафіцэраў у 2-гі батальён. Большасць жаўнераў было неабмундзіравана, толькі частка была апранутая. Узбраенне роты складалі 18 старых германскіх адназарадных вінтовак. 17 красавіка было дазволена фармаваць каманду да 40 жаўнераў для вартавой службы.

У канцы мая стала вядома аб тым, што палякі абязброілі Першы беларускі полк і камендантуру ў Гродна. Пад кіраўніцтвам афіцэра Глінскага беларускі эскадрон перадыслакаваўся ў Коўна. Праз захоп беларускіх зямель палякамі папаўненне беларускіх часцей Літвы рэзка скарацілася. У маі i чэрвені беларусам атрымалі абмундзіраванне i нямецкія вінтоўкі Маўзер узору 1898 г., кулямёты Максім.

5-я рота палка ў Коўне была перайменаваная ў «1-ю асобную беларускую роту», а 25 чэрвеня i «каманда пры стале рэгістрацыі ў 2-ю асобную беларускую роту», якія ўтварылі разам Беларускі асобны батальён войска Літоўскай Рэспублікі.

1-я асобная беларуская рота 20 чэрвеня была адпраўлена з Коўна на Дзвінскі фронт, дзе вайшла ў склад асобнай (потым 2-ой) брыгады. 22-23 чэрвеня з 2-ім Пешым Вялікага Літоўскага Князя Альгерда палком вяла наступленне на бальшавікоў каля мястэчка Аляксандраўка. 27 чэрвеня рота ў мястэчку Абеле прысутнічала на аглядзе войскаў (агляд праводзіў генерал літоўскай арміі Жукоўскі).

Пачатак баявога шляху правіць

З 29 чэрвеня да 7 ліпеня рота займала пазіцыі Дарожка — Юнкуны — Буракішкі (на ўсход ад станцыі Абеле). Рота перайшла ў падпарадкаванне камандзіра Марыямпольскага Асобнага батальёну. За час знаходжання на пазіцыях адбыліся дзве перастрэлкі з чырвонымі каля млыну Цукрынішкі. Гэтыя падзеі сталі пачаткам баявога шляху роты. Былі узятыя ў палон чырвоны афіцэр i адзінаццаць чырвонаармейцаў, 2 коні i «двухколка з набоямі».

Ліпень 1919 года правіць

7 ліпеня літоўская армія (разам з латышскай) пачала агульны наступ на пазіцыі бальшавікоў. 8 ліпеня беларусы пачалі бой з бальшавікамі каля двара Анэнгоф (забіты стралок Казімер Патаковіч). Бой працягваўся ўвесь дзень. Бальшавікі адышлі да вёскі Разматка, а потым, былі выбітыя да ст. Ялоўка. 9-11 ліпеня адбыўся бой паміж беларускімі жаўнерамі з аднаго боку і бальшавікамі і чырвонымі латышамі з другога каля фальварка Танэнфельд, Грынвальд, вёскі Дубоўка. 12 ліпеня, сумесна з іншымі часцямі, вярнуліся на свае старыя пазыцыі (бальшавікі прарваліся паміж арміямі Латвіі i Літвы i зайшлі ў левы бок Дзвінскай групы літоўскай арміі). Страціўшы за ўвесь час супрацьстаяння два жаўнеры забітымі, шэсць параненымі, двух без вестак зніклымі. Падчас бою быў выратаваны літоўскі кулямёт, разлік каторага быў знішчаны. Падчас баёў часова камандавалі ротай: 7-10 ліпеня афіцэр Ружанцаў, 11 ліпеня афіцэр Бумажнікаў.

12 ліпеня прыбыў на фронт i прыняў роту прызначаны замест адхіленага галоўнакамандуючым афіцэра Яніцкага новы камандзір афіцэр Уладзімір Міхайлоўскі. 13 ліпеня беларуская выведка сутыкнулася з выведкай РСЧА каля вёскі Саманцэ, 16 ліпеня былі захопленыя ў палон 5 чырвонаармейцаў з бронецягніка; 17, 18 i 21 ліпеня здарыліся некалькі перастрэлак паміж бакамі (беларускія часці супраць РСЧА і латышскіх стралкоў) каля в.в. Бароўка, Саманцэ i Страмілішкі; 22 ліпеня ўзвод беларусаў зрабіў выведку пазіцыі чырвоных каля в. Падбержэ; 23 ліпеня беларускія выведнікі зноў сутыкнулася з выведкай РСЧА ў вёсцы Саманцэ.

28 ліпеня адбыўся напад латышскіх стралкоў на беларускую роту (да 80 чырвоных латышоў з чатырма кулямётамі здзейснілі напад на вёску Шапелі, дзе была застава беларусаў, маючая каля 30 стралкоў пад камандай афіцэра Ружанцава, пры кулямёце). Пасля працяглага бою беларусы адагналі латышоў пры дапамозе суседняй заставы марыямпольцаў i свайго правафланговага караула, якія ахапілі праціўніка з флангаў, страціўшы раненымі двух кулямётчыкаў. Страты латышоў склалі адзін забіты i тры параненыя.

24 ліпеня чатыры беларускія выведчыкі выбілі з пазіцый варту чырвоных латышоў з гаю каля фальварку Чырвонка i захапілі вайсковае абмундзіраванне.

З 25 да 29 жніўня рота была пачала наступ супраць РСЧА. Часці РСЧА вымушаныя былі адыйсці на пазіцыі за р. Дзвіну, знаходзячыся ў пастаянным судакрананні з беларусамі: 26 ліпеня каля двара Камарышкі, 27 ліпеня каля млына Шэдэрн, 28 ліпеня пад Сусэкле. Менавіта 28 ліпеня часці правага флангу натраілі на супраціў з боку жаўнераў РСЧА, займаючых добра ўмацаваныя акопы каля в. Сусэкле i двара Шэдэрн на ўсходнім берагу ракі Ілукшты.

Баі з палякамі правіць

28 ліпеня беларускі эскадрон вёў бой з палякамі каля мястэчак Друскенікі i Лейпуны, згубіўшы пры гэтым забітымі, раненымі а палоннымі аднаго афіцэра, дванаццаць жаўнераў i трынаццаць коней. Некалькі палонных уцяклі, астатнія былі адпраўленыя ў Гродзенскі лагер ваеннапалонных.

Баі супраць РСЧА правіць

Нечаканая атака на пазіцыі РСЧА, здзейсненая групай камандзіра беларускай роты Міхайлоўскага, вымусіла чырвонаармейцаў адысці на пазіцыі за раку Ілукшта. Беларускі эскадрон страціў падпаручніка Юрыя Пліску, малодшых падафіцэраў Міхала Вайцэхоўскага, Юрыя Раманава, Андрэя Мазоля i стралка Янку Рынкевіча. 28 ліпеня рота заняла двор Н. [Новы?] Грынвальд. Падчас пастою ў двары Танэнфельд было захоплена два кулямёты, палонныя i іншая зброя. Страты склалі адзін афіцэр, трынаццаць жаўнераў (з ix чацвёра забітыя, шэсць чалавек раненыя i трое прапалі без вестак). Войскі РСЧА спыніліся за Дзвіной.

З 22 верасня па 3 кастрычніка рота займала баявы ўчастак на Дзвіне ад в. Гурна да в. Нізгаляны.

4 кастрычніка рота перадыслакавалася ў двор Анэнгоф і была выдзелена са складу Марыямпальскага асобнага батальёну і 7 кастрычніка перайшла ў м. Ілукстэ, дзе значылася як запасная ў складзе 1-га батальёну 3-га Вялікага князя Літоўскага Вітаўта палка, несучы вартавую службу на месцы i на батарэях участка.

Аб адносінах марыямпальцаў [вайскоўцаў Марыямпальскага асобнага батальёну] i беларусаў сведчыць ліст кулямётчыкаў-беларусаў марыямпальцам: «Ад нас беларускіх кулямётчыкаў Вам, браты афіцэры i кулямётчыкі, сардэчнае разьвітальнае прывітаньне. Пасьля амаль чатырохмесячнай работы рука аб руку, плячо ў плячо на полі бойкi супраць агульных ворагаў вашай i нашай волі i незалежнасьці, з болем у сэрцы мы разьвітваемся з вамі. Жадаем вам сардэчна хутчэйшага выгнаньня ўсіх нашых ворагаў з Літвы i Белай Pyci i вяртаньня жывымі ў родны кут».

10 кастрычніка ў Коўна адбылася нарада па пытанні аб пашырэнні беларускіх фармаванняў у Літве. На ёй прысутнічалі: галоўнакамандуючы генерал-лейтэнант Лятукас, міністр беларускіх спраў ва ўрадзе Літвы Варонка, начальнік беларускага вайсковага бюро афіцэр Казлоў i камандзіры 2-ой асобнай роты афіцэр Ганзен i 1-ага эскадрону афіцэр Глінскі.

15 кастрычніка прыбыла на фронт 2-ая беларуская асобная рота з часткай беларускага эскадрона (каля двора Шэдэрн).

17 кастрычніка 1-ая беларуская асобная рота была пераведзеная ў вёску Сусэкле (каля двора Шэдэрн). Абедзве роты складалі запас 2-ой брыгады.

 
Віталь Казлоў, Начальнік Беларускага вайсковага бюро ў Коўна [1]

20 лістапада 2-ая беларуская асобная рота заняла пазіцыі на участку Энішкельскага батальёну (пазіцыя роты па Дзвіне ад в. Aciнаўка да фальварка Рубанішкі). Падчас перастрэлак з вайскамі РСЧА страціла жаўнера параненым. 10 снежня рота адыйшла зноў у двор Шэдэрн. Загадам Літоўскаму войску № 190 § 9 абедзве роты былі аб’яднаныя ў беларускі батальён 17 лістапада 1919 г. Камандзірам батальёна быў назначаны малодшы афіцэр 1-ай беларускай асобнай роты маёр Ружанцаў. У войску ўводзіліся чыны. Афіцэрскі склад батальёна: палкоўнік Міхайлоўскі, палкоўнік-лейтэнант Яніцкі, маёры Ружанцаў i Ганзен, капітаны Казлоў, Дзехцяровы Пётр i Уладзімір, Феранцэвіч, старшыя лейтэнанты — Ласінскі i Парахоўнікаў. Беларускае вайсковае бюро было расфармавана, а яго начальнік капітан Казлоў прызначаны беларускім афіцэрам сувязі ў Генеральны Штаб.

У пачатку снежня роты ўвайшлі ў склад батальёна, былі сфармаваны кулямётная, сувязі i нестраевая каманды. 28 снежня батальён заняў сумесна з Энішкельскім батальёнам (потым 9-ты Вялікага літоўскага князя Віценя полк) пазіцыі па Дзвіне. Да 3 студзеня 1920 г. адбылося некалькі перастрэлак з жаўнерамі РСЧА.

Нацыянальна-культурная дзейнасць правіць

Сярод вайскоўцаў выхоўвалася беларусацэнтрычная грамадзянская свядомасьць. Пры штабе батальёну на беларускай мове пачынае выдавацца часопіс для жаўнераў-беларусаў Літоўскага войска «Варта Бацькаўшчыны», заснавана вайскова-гістарычная камісія для збору i апрацавання ўсіх матэрыялаў аб удзеле беларусаў у баявых дзеяннях, выходзяць некалькі лістовак i брашураў у выдавецтве «Варты Бацькаўшчыны» i вайскова-гістарычнай камісіі. Дапамогу аказваў міністр беларускіх спраў Язэп Варонка. На чале справы асветы стаялі падпаручнік Маёраў i маёр Ружанцаў.

1920 правіць

15 студзеня батальён стаў запасным батальёнам 2-ой брыгады ў раёне двароў Шэдэрн, Раутэнзэе i в. Сусэкле. 4 лютага беларусы выйшлі з складу 2-ой пешай дывізыі i вайшлі ў склад 3-яй пешай дывізыі. Загадам Літоўскаму войску 14 студзеня № 218 зацверджана ўрачыстае свята батальёну 27 лютага.

Батальён адсвяткаваў 16 лютага 2-я ўгодкі незалежнасці Літвы, а 27 лютага свае першыя ўгодкі. На свяце батальёна прысутнічалі прадстаўнік Міністэрства Беларускіх спраў Чэркас, начальнік з дывізіі генерал-лейтэнант Гальвідзіс-Быкоўскі, камандзір i афіцэры 6-ага пешага Піленскага князя Маргіса палка. Загадам Літоўскаму войску № 263, 317 батальён быў перафармаваны ў беларускую асобную роту (камандзір — маёр Ружанцаў). Рота была сфармавана 1 красавіка 1920 г. Дэмабілізацыя падафіцэраў былой царскай арміі i звальненне з батальёну, паводле загаду, усіх грамадзян-жыхароў, з-за дэмаркацыйнай лініі, дужа паменшыла колькасць вайскоўцаў. З двара Шэдэрн беларусы былі пераведзеныя яшчэ да канца перафармавання ў абшар фальварка Казлоўшчына (каля возера Свентэн), рота ў аператыўных i гаспадарчых адносінах была прыкамандзіравана да 9-га пешага палка. 18 красавіка беларусы занялі участак на дэмаркацыйнай лініі з палякамі Кшчава-Галадайка-Пашэліне-Антокаль-Кіркаліе (штаб роты ў двары Рудмінішкі).

На гэтым участку рота знаходзілася да 6 чэрвеня 1920. 15, 16, 26 мая адбыліся перастрэлкі паміж беларусамі i польскімі вартаўнікамі, тры жаўнеры беларусы былі забіты разрывам снарадаў.

Пасля наступу чырвонай кавалерыі Гая і адыходу палякаў літоўская армія пачала рухацца да сваёй мяжы. 7 ліпеня 1920 беларусы занялі ўчастак чыгункі Дзвінск — Вільня на поўдзень ад ст. Калкуны, а потым i гасцінец Дзвінск — Відзы. Пасля 12 ліпеня на другі дзень самі бальшавікі перадалі аб тым, што мір ужо падпісаны. Рух наперад працягваўся, i 14 ліпеня занялі двор Шэнберг, 15 ліпеня — Гімзы, i пасля трохдзённага адпачынку рота 19 ліпеня прыбыла ў в. Крывасельцы на берагу возера Снуды. Рота заняла тэрыторыю Плюскай, Дрысвяцкай i Браслаўскай воласцяў (насельніцтва — да 90 адсоткаў беларусы).

 
Камандзір Першай беларускай роты Мікалай Яніцкі[1]

Рота займала ўчастак ад в. Струста да двара Якубова (каля 40 вёрст), а з 11 жніўня ад Браслава да Якубова (каля 100 вёрст). Участак цягнуўся па мяжы з Савецкай Беларуссю, а далей з Латвіяй. Бракавала жаўнераў для варты. Былі адчынены часовыя беларускія камендантуры ў в. Крывасельцы, а потым у м. Браславе-Беларускім (сучасны Браслаў). Сярод жыхароў пасля прыходу беларусаў пачаўся ўздым нацыянальнай самасвядомасці, бо беларусы-каталікі, якія ўжывалі польскую мову толькі ў касцёле, пасля польскай акупацыі пачалі лічыць сябе не «палякамі», а беларусамі. Беларускія вайскоўцы спрыялі развіццю беларускай мовы. Былі пастаўлены беларускія спектаклі і адбылося некалькі беларускіх вечарынак у Браславе, Плюсах і вёсках. Сярод жыхароў распаўсюджвалася беларуская літаратура i газета «Пагоня». У Браславе была створана пажарная грамада, ганаровымі сябрамі яе былі выбраны міністры беларускіх спраў Дамінік Сямашка i Салавейчык. У роту паступіла шмат ахвотнікаў з жыхароў Браслаўшчыны i Дрысвятчыны. 27 верасня ў вызваленай Вільні быў створаны Асобны беларускі батальён, камандзірам якога быў прызначаны загадчык афіцэрскіх курсаў палкоўнік Успенскі.

З заняццем Вільні войскамі генерала Жалігоўскага фармаванне асобнага беларускага батальёну было перанесена ў Коўну, а асобная беларуская рота, якая ўвайшла ў склад батальёна, як яго 1-я рота, засталася на фронце.

6 кастрычніка былі сабраныя ў Браслаў усе заставы, а 7 кастрычніка беларусы выйшлі на станцыю Дукшты, адкуль павінны былі перадыслакавацца чыгункай на станцыю Алькенікі ў склад 1-ага пешага палка, але, не даехаўшы праз тое, што ў Вільню ўвайшлі палякі, былі астаўленыя пры 9-ым палку на ст. Новыя Свянцяны. 9 i 10 кастрычніка праводзілася эвакуацыя са станцыі Новыя Свянцяны і паралельна стрымліваўся наступ палякаў з боку м. Свянцяны i станцыі Падбярэззе. Потым рота была перавезеная па чыгунцы з часткай 9-ага палка на станцыю Турмонт i нясла варту на станцыі ў м. Дукшты i м. Салокі.

15 кастрычніка рота перадыслакавалася ў м. Ежэрэны i перайшла з 9-ага палка ў падчыненне каменданту Ежэрэнскага павету, мела заняць латвійскую мяжу ад Ежэрэн да ст. Абелі, але потым, 18 красавіка, выйшла паходным парадкам на Уцяну, а адтуль выйшла на падмогу 3-яму батальёну 9-ага палка пад Маляты. Пастаяўшы дзень у Малятах, 25 кастрычніка рота заняла Вялікі Двор, выставіўшы заставы ў в. Занянцы, двары Лаўрынаўшчызна. На другі дзень палякі пачалі наступ вялікімі сіламі на м. Гедройцы. 3-ці ўзвод з Занянцаў быў пасланы камандзірам 9-ага палка ў падтрымку гарнізона м. Гедройцы, але, не дайшоўшы да яго, раней сустрэў палякаў. Падчас перастрэлкі каля двара Марцінішкі стралок Ярашук быў пасланы з стралком Яўсюкевічам у дазор. Польскі афіцэр з жаўнерамі захапілі ў палон Яўсюкевіча, але стралок Ярашук стрэлам забіў паручніка, дзякуючы чаму палякі ўцяклі, і вярнуўся з вызваленым таварышам да камандзіра ўзводу. Штаб роты, 2-гі і 3-ці ўзводы, з далучанымі да ix часцямі 6-ага i запасной роты 9-ага палка, адышлі перш у в. Раўпішкі, а 28 кастрычніка, у сувязі з агульным адыходам усходніх часцей фронту, у Маляты. 1-шы ўзвод роты застаўся на сваім месцы i потым, калі палякі зайшлі яму ў тыл, далучыўся да 7-ай роты 9-ага палка (згубіў 1 жаўнера забітым i палоннымі малодшага падафіцэра i жаўнера). 28 кастрычніка палякі паланілі жаўнера-беларуса. Палякі пасля прарыву пазіцый 28 кастрычніка ў раёне Шырвінты-Гедройцы працягвалі наступ і трымалі кірунак на Алунты. 29 кастрычніка польская кавалерыя ўвайшла ў м. Відзенішкі, чым пагоршыла становішча 3-яга батальёну 9-ага палка, бо палякі ўжо абыйшлі яго правы бок. Эскадроны палякаў пачалі рух на Маляты, дзе былі беларусы i куды ішлі 8-ая, 9-ая вучэбная i запасная роты. 3-ці ўзвод беларусаў спаткаў палякаў на заставе ў в. Келі i пасля гадзіннай перастрэлкі з абодвух бакоў кавалерысты не вытрывалі супраціву i пасунуліся назад у Відзенішкі, а адтуль на поўдзень. Яны згубілі аднаго улана забітым i двух параненымі. Прарыў быў ліквідаваны. 30 кастрычніка беларусы занялі зноў Раўпішкі, 31 кастрычніка в. Шашолку, в. Камосты, двор Туменшчызну, Вялікі Двор.

31 кастрычніка прыехаў да фронту камандзір батальёна палкоўнік Успенскі, па яго загадзе маёр Ружанцаў быў адазваны ў Коўну, а камандзірам роты назначаны штабс-капітан Благавешчанскі. 1 лістапада былі заняты Вялікі Двор, Шварунцы, пастаўлена варта па вёсках Гізны, Александрышкі i Жэшвішкі. Выведка ў польскі бок палякаў не спаткала. 3 лістапада рота заняла баявы ўчастак ад в. Жэшвішкі да Сідабры, 4 лістапада беларускія выведчыкі перастрэльваліся з выведкай палякаў. 5 лістапада беларусы былі змененыя 8-ай ротай 9-ага палка i занялі новы ўчастак ад Папішкі да Жэшвілішкі, але ў гэты дзень роце давялося зноў расцягнуцца i абараняць участак 8 роты, маючы 70 стралкоў i 2 кулямёты. 8 лістапада вялася выведка з абодвух бакоў i адбыліся перастрэлкі паміж выведчыкамі i вартамі бакоў. Палякі зноў падцягнулі сілы да фронту. 9 лістапада каля дзвюх ротаў палякаў, карыстаючыся цемрай i правадырамі з жыхароў, здзейснілі напад на в. Папішкі i паланілі беларускую заставу (14 жаўнераў). Па загаду камандзіра роты падпаручнік Маёраў, маючы пры сабе 14 жаўнераў, падаўшы ім прыклад асабістай храбрасці, выбіў мацнейшага ворага з вёскі, але потым быў вымушаны адступіць. Маёраў, здзейсніўшы манеўр, выбіў палякаў з вёскі. Малодшыя падафіцэры Аляксееў, Нагорскі i стралок Дэпольскі, ідучы наперадзе, сваім прыкладам паднялі дух стралкоў і, дзякуючы гэтаму, вёска была вызвалена. 10 лістапада палякі пераважаючымі сіламі знянацку напалі на варту беларусаў i 5 жаўнераў з в. Смільгі i малодшага падафіцэра з 2 стралкамі паланілі, 2 стралкі ўцяклі. У бок Смільгі быў высланы ўзвод з Жэшвішкі, які выбіў палякаў з вёскі i два разы адбіў ix новыя наступы, 11-12 лістапада завязалася перастрэлка на участку з абодвух бакоў. 13 лістапада а 4 гадзіне раніцы ў цемры да 70 палякаў з кулямётамі абыйшлі з боку i тылу варту ў в. Смільгі, захапіўшы 2 беларускіх стралкоў. Старшы лейтэнант Ласінскі з невялікай колькасцю жаўнераў спрытным манеўрам выбіў палякаў з вёскі i адбіў палонных і захапіў польскага сержанта i забітага жаўнера. Як казалі потым жыхары, палякі згубілі шмат жаўнераў забітымі і раненымі. Стралкі 1-шай роты Сільчанка, Юзэфовіч, Янушэўскі, Расловіч i Запароўскі падчас перастрэлкі паказалі надзвычайную храбрасць, змагаючыся з ворагам, у 10 разоў пераўзыходзячым іх (бо ў старшага лейтэнанта Ласінскага было толькі 7 жаўнераў).

14-16 лістапада адбыліся перастрэлкі. 16 лістапада ўчастак Понішкі-Таўкелі быў перададзены часцям 2-га пешага палка, штаб роты перайшоў у в. Піварунцы.

17 лістапада палякі да 4 ротаў пры 6 кулямётах пачалі наступ уздоўж усяго ўчастку роты. Завязалася гарачая бойка. Беларусы пад кіраўніцтвам камандзіра роты штабс-капітана Благавешчанскага біліся 8 гадзін, часова змушаны былі адысці, але потым зноў пачалі наступ на палякаў і адышлі на новыя пазіцыі. Падчас бою: 1) прапаршчык Сатыга з 1-шым узводам быў акружаны, але, вытрываўшы 8-гадзінную бойку, прабіўся праз пазіцыі палякаў i далучыўся да роты; 2) прапаршчык кулямётнай роты (1-шы узвод 1-шай роты) Таблавінскі з дапамогай кулямёта стрымліваў палякаў, якія абыходзілі роту з бакоў, тое ж рабілі i кулямётчыкі пры другім кулямёце Касэвіч i Каладзінскі. Ім давялося да апошняй хвіліны затрымліваць палякаў пры адыходзе роты. Пасля акружэння яны схаваліся ў лесе з кулямётам i, дачакаўшыся супрацьнаступу роты, працягвалі спаўняць свае абавязкі кулямётчыкаў. Праз працяглы агонь абодва кулямёты папсаваліся; 3) малодшы падафіцэр 1-шай роты Бэер з стралкамі Драздовым i Бальчунасам, падчас дазору на правым баку ўзводу заўважыўшы, што палякі робяць абход, самі перабеглі пад абстрэлам ворага яму ў бок i ўняслі беспарадак у шэрагі ворага, чым далі магчымасць адысці ўзводу на новую пазіцыю; 5) стралок 1-шай роты Каваленка з небяспекай для жыцця перабраўся праз польскія пазіцыі, даведаўся колькасць сіл палякаў i вярнуўся ў стан сваіх. Беларусы страцілі забітымі 2, параненымі 2, палоннымі 5 i бяз весці зніклымі 2 жаўнеры. 18 лістапада рота знаходзілася каля Райпішак, пасля перайшла ў Таракішкі, дзе мелі страляніну з польскай кавалерыяй. 19 лістапада рота адышла ў Маляты, узводы былі разасланы на заставы ў кірунках на Гедройцы, 21 лістапада штаб роты перайшоў у в. Гаі, 22 лістапада ў Падлаўнесы i потым у мястэчка Інтуркі. Беларусы працягвалі наступ наперад. Каля Інтуркі паланілі 4 польскіх жаўнераў. 22 лістапада быў атрыманы загад спыніцца i далей не працягваць наступ, бо было падпісана перамір’е паміж Літвой i Польшчай.

 
Афіцэры і падафіцэры Беларускага асобнага батальёна (Коўна, 1921).
 
Віньетка з афіцэрамі Беларускага асобнага батальёна Літоўскай арміі. 1921?

Да 1 снежня праводзілася вартаванне ўчастку Ямунцы — Куманцы. 1 снежня 1-шая рота i ўзвод кулямётнай роты былі перадыслакаваны з пазіцыі i пераехалі па чыгунцы ад Уцяны праз Панявеж — Радзівілішкі ў Коўну, дзе іх урачыста сустрэлі, i былі далучаныя да беларускага асобнага батальёну. 23 снежня батальён быў на парадзе ўсіх часцей ковенскага гарнізону.

4 студзеня 1921 г. была зноў створана камісія для культурна-асветніцкай працы ў батальёне ў складзе: прэзэса падпаручніка Маёрава i сяброў прапаршчыкаў Якаўлева i Дубяс.

Расфарміраванне правіць

Неўзабаве ў барацьбу за ўплыў на беларусаў, якія знаходзіліся ў Літве, уключыліся бальшавікі. Прадстаўніцтва Савецкай Расіі/СССР стала весці таемную агітацыю сярод беларусаў з мэтай схіліць іх да вяртання ў Беларусь (БССР). У маі 1923 атрад з 60 беларускіх вайскоўцаў літоўскай арміі пакінуў сваё размяшчэнне ў раёне Мерачы і сышоў праз польскую тэрыторыю ў Беларусь. Падчас руху беларусам некалькі разоў прыйшлося ўступаць у бой з палякамі, але атрад прабіўся ў Беларусь.

Гэты інцыдэнт прымусіў літоўскі ўрад канчаткова адмовіцца ад беларускіх вайсковых фармаванняў. Неўзабаве ўсе беларускія часці былі расфармаваныя. У 1924 Коўна пакінула Рада БНР[2].

Футбольны клуб «BAB Kaunas» правіць

У 1922 годзе футбольны клуб беларускага асобнага батальёна «BAB Kaunas  (літ.)» удзельнічаў у першым чэмпіянаце Літвы па футболе і заняў шостае месца.

Іншыя вайсковыя арганізацыі беларусаў у Літве правіць

Акрамя беларускага батальёна, на тэрыторыі Літвы быў створаны Саюз беларускіх стралкоў, які займаўся фармаваннем партызанскіх атрадаў для барацьбы з палякамі на літоўскай і беларускай тэрыторыі. Ужо зімой 1921—1922 гадоў беларускія партызаны прыступілі да актыўных баявых дзеянняў супраць палякаў. Войску Польскаму хутка ўдалося справіцца з дрэнна ўзброенымі партызанамі[2].

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць