Белорусская рада

беларуская газета, орган Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, 1917—1918
(Пасля перасылкі з Белорусская рада (1917))

Белору́сская ра́да — вайскова-грамадская і літаратурная газета, орган Выканаўчага камітэта Цэнтральнай Беларускай Вайсковай рады. Выдавалася ў Мінску з 25 лістапада (8 снежня) 1917 года да 5 лютага 1918 года на рускай мове, змяшчала таксама матэрыялы на беларускай мове. Галоўны рэдактар Я. А. Ярушэвіч[1][2].

«Белорусская рада»
Белорусская рада № 1, 25 лістапада (8 снежня) 1917 г.
Белорусская рада № 1, 25 лістапада (8 снежня) 1917 г.
Арыгінальная
назва
руск.: Белорусская рада
Тып газета
Выдавец Цэнтральная беларуская вайсковая рада
Краіна
Рэдактар А. Я. Ярушэвіч
Заснавана 25 лістапада (8 снежня) 1917
Спыненне публікацый 5 лютага 1918
Мова руская
Галоўны офіс Мінск, Плошча Свабоды, б. Дом Губернатара (№№ 1—11, 1917)
вул. Захар’еўская, 113 (№ 12, 1917)
вул. Паліцэйская, 2 (№№ 1—3, 1918)

Газета адлюстроўвала нацыянальна-кансалідацыйныя працэсы ў беларускім грамадстве на Беларусі і за яе межамі, у прыватнасці сярод беларусаў у вайсковых фармаваннях былой Расійскай імперыі, імкненне беларусаў да нацыянальнага і дзяржаўнага самавызначэння з уласным войскам, прапагандавала свабодныя, раўнапраўныя адносіны на падставе федэратыўнага саюза з іншымі народамі савецкай Расіі.

Публікавала артыкулы Ярушэвіча, Кастуся Езавітава, Івана Краскоўскага, Фабіяна Шантыра, аўтараў пад крыптанімам Л.Б. (Аркадзь Смоліч?), Х., а найбольш матэрыялы Усебеларускага з’езда (снежань 1917). На старонках газеты была змешчаная рэзалюцыя з’езда пра ўтварэнне «краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў» як «часовага органа народнай улады» з мэтай абароны «цэласнасці, непадзельнасці Беларусі і неадрывання яе ад Расійскай Федэрацыі». (13 (26) студзеня 1918, № 1). Шэраг публікацый звязаны з пратэстам супраць разгону Усебеларускага з’езда і арышту яго прэзідыума з боку СНК Заходняй вобласці і фронту. Гэтую акцыю газета расцаніла як антыдэмакратычную, бо яна супярэчыла праву народа на самавызначэнне, якое было пракламаванае савецкай уладай.

У газеце таксама друкаваліся артыкулы па гісторыі і эканоміцы Беларусі (Ярушэвіч, Аляксандр Уласаў), творы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Алеся Гаруна, Ігната Дварачаніна, Леапольда Родзевіча, Зоські Верас, Змітрака Бядулі, Палуты Бадуновай; пашыраліся ідэі дзяржаўнасці беларускай мовы, адкрыцця дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску, асветніцка-ададжэнскай ролі нацыянальнай інтэлігенцыі.

Зноскі

  1. Турук Ф., С. 47
  2. Каўка А., С. 6

Літаратура правіць

  • Каўка А. «Белорусская рада» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 6
  • Турук Ф. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. — Москва: Государственное издательство, 1921; — Мн.: Картографическая фабрика Белгеодезии, 1994

Спасылкі правіць