Бібліятэка Гродзенскага кляштара дамініканцаў

Бібліятэка Гродзенскага кляштара дамініканцаў — бібліятэка, якая існавала пры Гродзенскім кляштары дамініканцаў у XVII — сярэдзіне XIX ст. Была адной з найбуйнейшых у Беларусі і Літве ў XVIII — першай палове XIX стагоддзя, налічвала да 15 тыс. выданняў. Адкрыццё (пасля скасавання ў 1773 ордэна езуітаў) пры кляштары павятовай школы Адукацыйнай камісіі, якая мела механічны, мінералагічны і фізічны кабінеты, патрабавала вялікай колькасці вучэбнай літаратуры[1].

Бібліятэка папаўнялася шляхам куплі кніг, атрымання прыватных кнігазбораў у спадчыну ад манахаў, падараванняў з боку свецкіх і духоўных асоб (манахаў, навучэнцаў). Так, доктар тэалогіі Гілярый Помян і Зыгмунт Гілярый Піскоўскі ў 1762 перадалі ў бібліятэку 600 тамоў XVIIXVIII стст. па тэалогіі, кананічным праве, філасофіі, прыродазнаўстве на лацінскай, польскай і інш. мовах. Вялікі кнігазбор ахвяраваў у 1762 годзе кляштару яго настаяцель Дамінік Сівіцкі. У 1773 у дамініканскі кляштар перададзены кнігазбор гродзенскіх езуітаў, у склад якога ўваходзілі і кнігі з бібліятэкі караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта II Аўгуста з яго суперэкслібрысам. У склад дамініканскай бібліятэкі трапілі кнігі са збораў віленскіх і гродзенскіх кармелітаў, шчучынскіх піяраў, гродзенскіх францысканцаў і бернардзінцаў, розных езуіцкіх устаноў Беларусі, віленскага біскупа Мікалая Стафана Паца, віленскага суфрагана Георгія Альбінуса, каноніка Барталамея Вышамірскага, прафесера Віленскай акадэміі Францішка Мільканта Нарвойша[1].

У бібліятэцы было шмат кніг па кананічным і свецкім праве, філасофіі, гісторыі, геаграфіі, матэматыцы, батаніцы, творы антычных аўтараў, слоўнікі. Віленскі гравёр Францішак Вацлаў Бальцэвіч выканаў для бібліятэкі спецыяльны экслібрыс[1].

Пасля скасавання кляштара ў 1833 годзе частка яго бібліятэкі перададзена ў Гродзенскую гімназію, адкуль у сярэдзіне 19 ст. некаторыя старыя выданні аддадзены ў Віленскі музей старажытнасцей. Рэшта дамініканскай бібліятэкі захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі[1].

Зноскі

  1. а б в г В. С. Пазднякоў. Бібліятэка Гродзенскага кляштара дамініканцаў // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.

Літаратура правіць