Бітва пры Гастынгсе

Бі́тва пры Га́стынгсе (англ.: Battle of Hastings) — баявое сутыкненне 14 кастрычніка 1066 года, дзе ў зацятай барацьбе нармандцы на чале з герцагам Вільгельмам перамаглі сілы англасаксаў і такім чынам захапілі Англію. Бітва адбылася на ўзгорку Сенлак[1], прыблізна за шэсць міль на паўднёвы захад ад Гастынгса, каля сучаснага мястэчка Бетл у графстве Усходні Сасекс.

Бітва пры Гастынгсе
Асноўны канфлікт: Нармандскае заваяванне Англіі
Смерць Гаральда ў бітве. Малюнак з дывана Баё
Смерць Гаральда ў бітве. Малюнак з дывана Баё
Дата 14 кастрычніка 1066
Месца Гастынгс, Англія
Вынік Заваяванне нармандцамі Англіі, Вільгельм стаў каралём.
Праціўнікі
Нармандыя
наёмнікі
Англія
Камандуючыя
Вільгельм Нармандскі Гаральд II
Сілы бакоў
7000—8000 7000—8000
Страты
Невядома Некалькі тысяч
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

У бітве загінуў англасаксонскі кароль Гаральд Годвінсан, паводле падання, ён быў смяротна паранены стралой у вока. Пасля перамогі пад Гастынгсам нармандскі герцаг Вільгельм стаў каралём Англіі, даволі хутка цалкам падпарадкаваў сабе краіну.

Падзеі да бітвы, падчас і пасля яе, апісвае знакаміты дыван Баё[2]. У 1095 годзе ў чарговую гадавіну каля поля бітвы пабудавана Бетлскае абацтва.

Прадгісторыя

правіць

Першыя падзеі

правіць
 
Стыганд. Архібіскуп Кентэрберыйскі. Выява з дывана Баё

Англасаксонскі кароль Эдуард Спаведнік правёў у Нармандыі 28 гадоў у свайго дзядзькі Рычарда II, герцага Нармандыі, перад тым, як у 1042 годзе стаць каралём Англіі. Не маючы дзяцей, Эдуард на словах абяцаў карону Англіі свайму кузену Вільгельму[3], герцагу Нармандыі, у 1051 годзе[4], але перад самай смерцю змяніў рашэнне і паабяцаў сталец брату сваёй жонкі Гаральду Годвінсану. Гаральда таксама падтрымаў Вітэнагемот, які абраў яго каралём Англіі, але Вільгельм з гэтым пагадзіўся.

Тым часам Англія моцай пераўзыходзіла Нармандыю, але Вільгельму здолеў прыцягнуць на свой бок шмат наёмнікаў, абяцаў шчодрыя ўзнагароды пры ўдалым развіцці падзей. Але не меншую ролю сыграла сітуацыя вакол месца архібіскупа Кентэрберыйскага.

Архібіскуп Кентэрберыйскі

правіць

Вакол архібіскупскага месца разгарнуліся спрэчкі англасаксонскага двара Англіі з Папствам, што было выкарыстана герцагам нармандскім Вільгельмам. У 1052 годзе падчас рэстаўрацыі Годвіна нармандскі ўплыў быў амаль скасаваны, так, напрыклад, быў адхілены ад кафедры архібіскуп Кентэрберыйскай Гіём Жуміескі[5]. Яго месца заняў стаўленнік Годвіна Стыганд. Але прызначэнне здзейснена без удзелу Папы, што было парушэннем канонаў. Новы архібіскуп быў адлучаны ад царквы. Вільгельм не абыйшоў увагай гэту падзею, вызваўся стаць заступнікам царквы ў Англіі. Падтрымка Вільгельма Папам дазволіла нармандцам сабраць нашмат больш добраахвотнікаў для ўварвання на востраў.

Прычына прэтэнзій на англійскую карону

правіць

Цяпер цяжка вызначыць ці была прычына для дамаганнящ Вільгельма да англійскай кароны. Абгрунтаванні прэтэнзій створаны пазней пераважна французскімі хранікёрамі[6], напрыклад Гіёмам Жуміескім і Гіёмам Пуацье. Але не выключана, што такая прычына на праўдзе магла быць, бо калі Кнуд Вялікі панаваў у Англіі, англасаксонская каралеўская сям’я перабралася на кантынент, дзе знайшла прытулак у Нармандыі. У падзяку Эдуард, не маючы дзяцей, мог паабяцаць карону Вільгельму.

Дагэтуль ў англасаксонскай прававой практыцы не было выпадкаў перадачы стальца па клятве. Паводле звычаю, спадкаваць мог толькі старэйшы сын, таксама прызначаць на сталец караля мог Вітэнагемот і, урэшце, уладу можна было захапіць сілай.

Але ў Нармандыі была іншая сістэма. Яшчэ з часоў Рола ўладар перад смерцю называў імя свайго пераемніка, таму і Вільгельм, імаверна, калі клятва Эдуарда была, лічыў, што законна прэтэндуе на сталец.

Гаральд Суровы і нарвежскае ўварванне

правіць

Тым часам, калі Вільгельм быў гатовы ў зручны момант выступіць у паход, на астравах з’явіўся нарвежскі кароль Гаральд Суровы са сваім войскам. Гаральд Суровы таксама прэтэндаваў на англійскі сталец, прычына гэтага ўзнікла, як думаюць, у сувязі з дагаворам яго бацькі Магнуса з Хардэкнудам. У дагаворы адзначалася, што калі хтосьці з іх памрэ без нашчадкаў, то другі будзе пераемнікам нябожчыка на яго стальцы.

Да войска Гаральда Суровага далучыўся Тостыг Годвінсан, брат англасаксонскага караля Гаральда Годвінсана[7]. Спачатку нарвежскае войска ўзяло перамогу ў бітве пры Фулфардзе, але праз некалькі дзён было разбіта войскам Гаральда Годвінсана ў бітве пры Стэмфард Брыджы 26 верасня 1066 года[8]. Праз тры дні пасля бітвы пры Стэмфард Брыджы на востраў высадзіліся нармандскія войскі Вільгельма.

Англійскае войска

правіць
 
Гаральд атрымлівае вестку пра нармандскае ўварванне.

Ужо праз тры тыдні пасля бітвы каля Стэмфард Брыджа англійскае войска знаходзілася каля Гастынгса. Войска Гаральда накіроўвалася да месца праз Лондан, дзе злучылася з падмацаваннем[9]. Такі хуткі перакід войскаў відавочна не быў на карысць Гаральда, але часу адпачыць у яго не было.

Англійскае войска складалася толькі з пяхоты, але імаверна, што некаторыя або ўсе воіны прыбылі да месца конна. Аснову войска складалі прафесійныя ваяры хускарлы, дружыннікі караля, якіх было ад тысячы да палутара тысяч[10]. Яны былі добра экіпіраванымі, мелі шалом канічнай формы, кальчугу і кроплепадобны шчыт. Асноўнай зброяй была двуручная дацкая сякера, нягледзячы на тое, што кожны з іх добра валодаў мячом.

Аднак большую частку войска складалі так званыя фірды, мясцовае апалчэнне, землеўласнікі, якія мусілі несці часовую вайсковую службу для караля некалькі месяцаў на год[11], даспехі і зброю яны забяспечвалі сабе самі.

Гаральд спадзяваўся на сваю ўлюбёную тактыку — шчытавая сцяна, калі ўсе ваяры ў шэрагах змыкалі свае шчыты.

Спіс удзельнікаў

правіць

Спіс вядомых удзельнікаў бітвы з англійскага боку[12]:

  • Гаральд II — кароль Англіі
  • Леафвін — брат Гаральда, эрл Кента.
  • Гірт — брат Гаральда, эрл Эсекса.
  • Гаркон — кузен Гаральда, быў у палоне ў Вільгельма ў 1052—1064 гадах.
  • Эльфвіг — дзядзька Гаральда, абат Вінчэстэра.
  • Леафрык — абат Пітэрбара.
  • Годрык — шэрыф Фыфілда (Беркшыр).
  • Эсэгар — шэрыф Мідлсекса.

Нармандскае войска

правіць
 
Герцаг Нармандыі Вільгельм

Войска Вільгельма складалася з лучнікаў, пяхоты і кавалерыі. Нармандскае войска было прадстаўлена рыцарствам і наёмнікамі з розных тэрыторый. Былі прадстаўнікі непасрэдна Нармандыі (каля паловы ад агульнай колькасці), Фландрыі, Брэтані (трэцяя частка войска), Францыі (пераважна з Парыжу) і некалькіх атрадаў з паўднёвай Італіі.

Ядро нармандскага войска складала кавалерыя, якая лічылася тым часам найлепшай у Еўропе. Яна была цяжка экіпіравана, коннікі звычайна карысталіся дзідай або мячом, мелі ў асноўным кроплепадобныя драўляныя шчыты з металічнымі ўстаўкамі[13]. Нармандская пяхота, імаверна, была экіпіравана кальчугай, але наўрад ці ўся[14], а таксама карысталася дзідай, мячом і шчытом, як і англічане.

Вялікая колькасць лучнікаў у войску Вільгельма адпавядала еўрапейскай тэндэнцыі таго часу на выкарыстанне розных відаў войск на полі бітвы. А выкарыстанне лучнікамі Вільгельма арбалетаў ёсць першай такой з’явай у англійскай гісторыі.

Спіс удзельнікаў

правіць

Спіс вядомых удзельнікаў бітвы з нармандскага боку[15]:

  • Вільгельм — герцаг Нармандыі.
  • Ода з Баё — зводны брат Вільгельма, епіскап Баё.
  • Эўстах II — граф Булоні, сваяк Эдуарда Спавяданніка.
  • Роберт дэ Мартэн — граф Мартэна, родны брат Ода і зводны брат Вільгельма.
  • Ральф дэ Тосні — зводны брат Вільгельма.
  • Вільгельм дэ Еўро — кузен Вільгельма і зводны брат Ральфа дэ Тосні, граф Еўро.
  • Роберт дэ Віто

Перад бітвай

правіць

Як піша Уільям Мальмсберыйскі, англы ўсю ноч не змыкалі вачэй, яны спявалі і п’янствавалі, а раніцай рушылі на ворага трыма клінамі[16], прычым у першых шэрагах знаходзіліся хускарлы для арганізацыі больш трывалай шчытавой сцяны, за імі размяшчаліся фірды[17]. Сам кароль стаяў каля сцяга са сваімі братамі, каб пры агульнай для ўсіх небяспецы ніхто і не падумаў пра дэзерцірства[18].

Нармандцы ж усю ноч правялі ў споведзі грахоў сваіх. Раніцай пяхота з лучнікамі склалі авангард. На левым флангу размяшчаліся брэтонцы, фламандцы размяшчаліся на правым, цэнтр занялі нармандцы[19]. Коннікі, раздзяліўшыся па флангах, размясціліся ў ар’ергардзе, за спінамі пяхоты[20].

 
Поле бітвы. Від з нармандскай пазіцыі
 
Герцаг Вільгельм забівае караля Гаральда. Выява канца XIII стагоддзя.

Паводле задумы Вільгельма, спачатку лучнікі мусілі аслабіць англаў, зрабіўшы іх шэрагі радзейшымі, а потым пяхота з удзелам кавалерыі павінны былі змяць праціўніка. Але падзеі развіваліся іначай.

На загад Вільгельма лучнікі пачалі абстрэл пазіцыі англічан, але значных поспехаў гэта не дало, стрэлы проста адскоквалі ад шчытоў. Так працавала тактыка шчытавай сцяны, што ўжывалася англамі яшчэ з часоў Альфрэда Вялікага[21]. Нарманцы ж лічылі, што іх стрэлы эфектыўныя і пачалі атаку пяхотай на англаў.

 
Смерць караля Гаральда

Англічане знаходзіліся на ўзгорку, што было перавагай. Пры набліжэнні сіл праціўніка англічане пачалі закідваць іх камянямі і кідальнымі дзідамі, што нанесла нармандцам цяжкія страты[22]. Калі нармандцы ўсё ж наблізіліся да англаў, пачаліся рукапашныя баі, дзе вельмі добра сябе паказалі хускарлы. Цяжка прыйшлося і кавалерыі Вільгельма. Коні, не звыклыя да пад’ёму на крутыя ўзгоркі і пад атакай англасаксаў пачалі панікаваць. Між тым страты нармандцаў павялічваліся.

Праз гадзіну бітвы брэтонскія атрады на левым флангу Вільгельма пачалі слабець, а праз нейкі час уцякаць з узгорку[23]. За брэтонцамі пачалі адступаць нармандцы і фламандцы. Многія сотні англічан кінуліся ў пагоню за імі, у асноўным гэта былі фірды, тым самым яны парушылі шэрагі шчытавай сцяны. Але сярод іх былі і браты Гаральда — Леафвін і Гірт[23]. У баі быў забіты конь пад Вільгельмам, і сярод яго ваяроў пайшла чутка, што герцаг забіты. Нармандскія войскі кінуліся на ўцёкі, і толькі як Вільгельм зняў з сябе шалом уцёкі спыніліся[24].

Вільгельм з атрадам рыцараў здолаў правесці ўдалую контратаку сваіх пераследнікаў, што ўжо не былі пад абаронай шчытавай сцяны. Многія фірды загінулі, як і браты Гаральда. Толькі некаторыя здолелі вярнуцца на ўзгорак зноў. Настала кароткае зацішша, падчас якога англічане і нармандцы перагрупаваліся.

Вільгельм паспрабаваў яшчэ раз атакаваць пазіцыі ворага на ўзгорку. Але гэтым разам меў перавагу, бо англам ужо не сталава ваяроў, каб утварыць моцную шчытавую сцяну. У выніку шмат хускарлаў загінула. Вільгельм таксама даў загад сваім лучнікам страляць па англах у апошнія шэрагі, каб не забіць сваіх людзей. Тым часам, паводле падання, выпадковай стралой быў забіты або паранены Гаральд. Але фактаў пра гэта мала, бо сама такая акалічнасць узята з выявы на дывана Баё[25].

Вільгельм пачаў новую атаку на англаў, гэтым разам нармандцы знайшлі слабае месца ў шэрагах войск Гаральда, працягвалі там атакаваць, і англійскія шэрагі пачалі развальвацца. Вільгельм з невялікім атрадам прабіўся праз шчытавую сцяну і забіў караля Гаральда[16][23]. Без уладара і таго, хто б мог замяніць яго, многія фірды кінуліся на ўцёкі. Толькі хускарлы трымалі сваю клятву каралю і біліся, пакуль усе не загінулі[26].

Наступствы

правіць

Толькі невялікія атрады англаў уратаваліся ў лесе. Некаторыя з нармандцаў спрабавалі гнацца за імі, але былі перабіты англамі ў цемры, гэта падзея пазней названа «Мэлфас» або «Дрэнны раўчак»[27]. Вільгельм адпачываў са сваім войскам два тыдні каля Гастынгса і чакаў, калі англійскія лорды прыйдуць і падпарадкуюцца яму. Калі яго надзеі не спраўдзіліся, ён рушыў да Лондана[28]. Яго войска было сур’ёзна аслаблена эпідэміяй дызентэрыі, сам Вільгельм цяжка захварэў. Нармандскае войска папоўнілася ваярамі, якія пераплылі Ла-Манш. Праз некаторы час Лондан здаўся, і англійскія лорды прызналі Вільгельма каралём Англіі.

25 снежня 1066 года на Раство Хрыстова ў Вэстмінстэрскім абацтве адбылося каранаванне Вільгельма[29].

Нармадскае ўварванне зруйнавала старажытную англасаксонскую дзяржаву, яе змяніла цэнтралізаваная феадальная манархія з моцнай каралеўскай уладай, якая абапіралася на рыцарства і васальна-ленную сістэму.

Спадчына

правіць
 
Мемарыяльная дошка ў памяць бітвы і зліцця англійскага і нармандскага народаў

Бетлскі манастыр пабудаваны на месцы бітвы. Мемарыяльная дошка адзначае месца, дзе Гаральд, як думаюць, упаў і месца, дзе калісьці быў алтар царквы. Пасяленне Бетл вырасла вакол манастыра і цяпер гэта маленькае мястэчка. Бітва пры Гастынгсе — прыклад выкарыстання камбінаванага войска. Нармандскія лучнікі, кавалерыя і пяхота ва ўзаемадзеянні здолелі зламіць англійскую ініцыятыву і перамагчы аднароднае англійскае войска.

Магчыма, што тактычная складанасць дзеянняў нармандцаў існавала ў першую чаргу ў свядомасці нармандскіх летапісцаў. Апісанне бітвы ў ранніх крыніцах, як «Песня пра бітву пры Гастынгсе», сведчыць, што ўварванне нармандцаў было нечаканым для англаў, але яны здолелі заняць узгорак раней за нармандцаў.

Сярод іншых крыніц, якія згадваюць бітву, вылучаецца нармандскі хранікёр Гіём Пуацье, чый твор напісаны паміж 1071—1077 гадамі, дыван Баё, створаны паміж 1070—1077 гадамі, а таксама значна пазнейшыя «Кроніка абатства Бетла», летапісы напісаныя Уільямам Мальмсберыйскім, працы Фларэнса Вустэрскага і твор Эадмера «Historia Novorum».

Наступствы Бітвы пры Гастынгсе аказалі велізарны ўплыў на англійскую мову. Нармандцы ўжывалі французскую мову, у выніку іх панавання, шмат французскіх слоў пачала ўжываць і мясцовая арыстакратыя і ўрэшце яны сталі часткай англійскай мовы. Як піша Пол Дэвіс: «Перамога Вільгельма ёсць узыходам замежнага ўладара на сталец Англіі, якія прадстаўляў еўрапейскае, а не скандынаўскае грамадства на ізаляваным востраве» ў «апошнім паспяховым уварванні ў Англію»[30].

Крыніцы

правіць
  1. Robert Gunn, Kim Siddorn, October 1995 (англ.). Regia Anglorum (23 кастрычніка 2010).
  2. The Bayeux Tapestry (англ.). My Battle of Hastings: 14 Oct 1066 (23 кастрычніка 2010).
  3. Абяцанне Эдуарда (англ.). Camelot International: Britain's Heritage and History (23 кастрычніка 2010).
  4. William = Дамаганне Вільгельма да англійскага трону (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  5. Altering the records = Змяненне фактаў (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  6. Did William have a valid claim? = Ці меў Вільгельм абаснаванне на дамаганне? (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  7. Сага аб Гаральдзе Суровым. раздзел 89. (англ.)(недаступная спасылка). Heimskringla or The Chronicle of the Kings of Norway (23 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2013. Праверана 15 лістапада 2014.
  8. Сага аб Гаральдзе Суровым. раздзел 96. (англ.)(недаступная спасылка). Heimskringla or The Chronicle of the Kings of Norway (23 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2013. Праверана 15 лістапада 2014.
  9. Каляндар падзей. 6 кастрычніка (англ.). My Battle of Hastings: 14 Oct 1066 (23 кастрычніка 2010).
  10. Harold’s Men = Людзі Гаральда (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  11. The Fyrd = Фірды (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  12. List of those we do know were involved (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  13. The Cavalry = Кавалерыя (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  14. Foot Soldiers = Пяхота (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  15. William’s Forced = Войска Вільгельма (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  16. а б The Battle of Hastings (англ.). British History in-depth (23 кастрычніка 2010).
  17. Lull Before The Storm = Зацішша перад бурай (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  18. «История английских королей». Вилиям Мальмсберийский. Книга 3. Раздел 241 (руск.). Восточная Литература (23 кастрычніка 2010).
  19. March North = Рух на поўнач (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  20. «История английских королей». Вилиям Мальмсберийский. Книга 3. Раздел 242 (руск.). Восточная Литература (23 кастрычніка 2010).
  21. Shield wall = Шчытавая сцяна (англ.)(недаступная спасылка). Search.com (23 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 15 лістапада 2014.
  22. The High Ground = Узгорак (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  23. а б в Military History Companion. Battle of Hastings (англ.). Answers.com (23 кастрычніка 2010).
  24. No, I Am Not Dead = Не, я не забіты (англ.). Battle of Hastings 1066 (11 верасня 2010).
  25. Harold Is Dead = Гаральд забіты (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  26. The Battle of Hastings (англ.). Camelot International: Britain's Heritage and History (11 верасня 2010).
  27. The Malfosse Incident = Здарэнне з дрэннымі ірвамі (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  28. King William (англ.). British History in-depth (23 кастрычніка 2010).
  29. Review of the Battle of Hastings (англ.)(недаступная спасылка). The Battle of Hastings - 1066 (23 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2012. Праверана 15 лістапада 2014.
  30. Paul K. Davis. 100 Decisive Battles from Ancient Times to the Present: The World's Major Battles and How They Shaped History. — Oxford: Oxford University Press, 1999. — P. 113.

Літаратура

правіць
  • Howarth, David. 1066: The Year of the Conquest. — New York: Barnes and Noble, 1993.
  • Douglas, Daniel C. William the Conqueror. — Berkeley, CA: University of California Press, 1964.
  • Gravett, Christopher. Hastings 1066, The Fall of Saxon England // Osprey Campaign Series № 13, Osprey Publishing, 1992.
  • Morton, Catherine and Muntz, Hope (eds). The Carmen de Hastingae Proelio of Guy Bishop of Amiens. — Oxford: Clarendon Press, 1972.

Спасылкі

правіць