Бітва пры Гастынгсе

(Пасля перасылкі з Бітва пры Гасцінгсе)

Бі́тва пры Га́стынгсе (англ.: Battle of Hastings) — бітва, якая адбылася 14 кастрычніка 1066 года, дзе ў рашучай барацьбе нарманы на чале з герцагам Вільгельмам I здолелі перамагчы сілы англасаксаў і канчаткова захапіць Англію. Бітва адбылася на ўзгорку Сенлак[1], прыблізна за шэсць міль на паўднёвы захад ад Гастынгса, каля сучаснага мястэчка Бетл у графстве Усходні Сасекс.

Бітва пры Гастынгсе
Асноўны канфлікт: Нармандскае заваяванне Англіі
Смерць Гаральда ў бітве. Малюнак з дывана Баё
Смерць Гаральда ў бітве. Малюнак з дывана Баё
Дата 14 кастрычніка 1066
Месца Гастынгс, Англія
Вынік Сканчэнне нармандскай навалы. Вільгельм становіцца каралём Англіі
Праціўнікі
Нармандыя
наёмнікі
Англія
Камандуючыя
Вільгельм Нармандскі Гаральд II
Сілы бакоў
7000—8000 7000—8000
Страты
Невядомыя Некалькі тысяч
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

У выніку бітвы англійскі кароль Гаральд II быў забіты. Паводле падання, ён быў смяротна паранены стралой у вока. Пасля перамогі пад Гастынгсам герцаг нармандскі Вільгельм стаў каралём Англіі, цалкам падпарадкаваўшы сабе краіну.

Падзеі, што адбываліся да бітвы, падчас і пасля яе, апісвае знакаміты дыван Баё[2]. У 1095 годзе ў час чарговай гадавіны ля месца сутычкі было пабудавана Бетлскае абацтва.

Перадумовы правіць

Першыя падзеі правіць

 
Стыганд. Архібіскуп Кентэрберыйскі. Выява з дывана Баё

Англійскі кароль Эдуард Спаведнік правёў у Нармандыі 28 гадоў у свайго дзядзькі Рычарда II, герцага Нармандыі, перад тым, як у 1042 годзе стаў каралём Англіі. Не маючы дзяцей, Эдуард на словах абяцаў карону Англіі свайму кузену Вільгельму[3], герцагу Нармандыі, у 1051 годзе[4], але ў апошні час перад смерцю змяніў рашэнне і паабяцаў трон брату сваёй жонкі Гаральду Годвінсану. Гаральда таксама падтрымаў Вітэнагемот, што абраў яго каралём Англіі, але Вільгельм з гэтым не жадаў згаджацца.

На той момант Англія пераўзыходзіла Нармандыю па моцы, але Вільгельму ўдалося прыцягнуць на свой бок шмат наёмнікаў. Гэтаму паспрыялі абяцанні шчодрай узнагароды пры ўдалым развіцці падзей. Але не меншую ролю сыграла сітуацыя вакол пасады архібіскупа Кентэрберыйскага.

Архібіскуп Кентэрберыйскі правіць

Вакол гэтай пасады разгарнуліся спрэчкі англасаксонскага двара Англіі з папствам, што было выкарыстана герцагам нармандскім Вільгельмам. У 1052 годзе падчас рэстаўрацыі Годвіна нармандскі ўплыў быў амаль што скасаваны, так, напрыклад, быў зняты з пасады архібіскуп Кентэрберыйскай Гіём Жуміескі[5]. Яго месца заняў стаўленнік Годвіна Стыганд. Але прызначэнне прайшло без удзелу папы, што азначала вялікае парушэнне канонаў. Новы архібіскуп быў адлучаны ад царквы. Гэтая падзея не абышла ўвагу Вільгельма, і ён падахвоціўся стаць заступнікам царквы ў Англіі. Падтрымка Вільгельма папам дазволіла нарманам сабраць нашмат больш добраахвотнікаў да навалы на востраў.

Падстава да прэтэнзіі на англійскую карону правіць

У наш час цяжка меркаваць, ці мела падставу длямаганне Вільгельма да англійскай кароны. Абгрунтаванне прэтэнзіі спарадзілася пазней пераважна французскімі хранікёрамі[6], накшталт Гіёма Жуміескага і Гіёма Пуацье. Але можна пагадзіцца, што такая падстава магла існаваць, бо калі Кнуд Вялікі панаваў у Англіі, англасаксонская каралеўская сям’я перабралася на кантынент, дзе знайшла прытулак у Нармандыі. У падзяку Эдуард, не маючы дзяцей, мог паабяцаць карону Вільгельму.

Дагэтуль ў англасаксонскай прававой практыцы не існавала выпадкаў такой перадачы стальцу (па клятве). Паводле звычаю, спадчынаваць мог толькі старэйшы сын, таксама прызначаць на пасаду караля мог Вітэнагемот і, нарэшце, уладу можна было захапіць сілком.

Але ў Нармандыі існавала іншая сістэма. Яшчэ з часоў Рола валадар перад смерцю называў імя свайго пераемніка, таму і Вільгельм, імаверна, успомніўшы былую клятву, лічыў, што законна прэтэндуе на трон.

Гаральд Суровы і нарвежскае ўварванне правіць

У той час, калі Вільгельм быў гатовы ў зручны момант выступіць у паход, на астравах з’явіўся нарвежскі кароль Гаральд Суровы са сваім войскам. Гаральд Нарвежскі таксама прэтэндаваў на англійскі трон, падстава на гэта ўзнікла, як лічыцца, паводле дагавора яго бацькі Магнуса з Хардэкнудам. У дамове значылася, што калі хтосьці з іх адыдзе на іншы свет не пакінуўшы спадчыннікаў, то другі становіцца пераемнікам нябожчыка на яго пасадзе.

Да войска вікінгаў далучыўся брат Гаральда (англійскага караля) Тостыг Годвінсан[7]. Напачатку скандынаўскае войска не мела перашкод, яно з поспехам правяло бітву пры Фулфардзе, але праз некалькі дзён было разбітае войскам Гаральда Годвінсана ў бітве пры Стэмфард Брыджы 26 верасня 1066 года[8]. Праз тры дні пасля бітвы Вільгельм Заваёўнік высадзіўся на востраве.

Англійскае войска правіць

Склад правіць

 
Гаральд атрымлівае звестку аб нармандскай навале

Ужо праз тры тыдні пасля бітвы ля Стэмфард Брыджу англійскае войска знаходзілася ля Гастынгса. Войска Гаральда накіроўвалася да месца праз Лондан, дзе змагло набраць падмацаванне[9]. Такі хуткі перакід войскаў відавочна не быў на карысць Гаральда, але часу адпачыць у яго не было.

Англійскае войска складалася толькі з пяхоты, але імаверна, што некаторыя альбо ўсе воіны прыбылі да месца, седзячы ў сядле. Аснову войска складалі прафесійныя салдаты хускарлы, дружыннікі караля, якіх налічвалася ад тысячы да паўтары тысячы чалавек[10]. Яны былі добра экіпіраванымі, мелі шалом канічнай формы, кальчугу і кроплепадобны шчыт. Асноўнай зброяй была двуручная дацкая сякера, нягледзячы на тое, што кожны з іх нядрэнна валодаў мячом.

Аднак большую частку войска складалі так званыя фірды (альбо міліцыя), землеўласнікі, што мусілі несці часовую службу ў войску караля некалькі месяцаў штогод[11]. Прычым даспехі і зброю яны забяспечвалі сабе самі.

Гаральд спадзяваўся на сваю ўлюбёную тактыку — шчытавая сцяна, калі ўсе салдаты ў шыхце змыкалі свае шчыты.

Спіс удзельнікаў правіць

Спіс вядомых удзельнікаў бітвы з англійскага боку[12]:

  • Гаральд II — кароль Англіі
  • Леафвін — брат Гаральда, эрл Кента.
  • Гірт — брат Гаральда, эрл Эсекса.
  • Гаркон — кузен Гаральда, быў у палоне ў Вільгельма з 1052 па 1064 гады.
  • Эльфвіг — дзядзька Гаральда, абат Вінчэстэра.
  • Леофрык — абат Пітэрбара.
  • Годрык — шэрыф Фыфілда (Беркшыр).
  • Эсэгар — шэрыф Мідлсекса.

Нармандскае войска правіць

Склад правіць

 
Герцаг Нармандыі Вільгельм

Войска Вільгельма складалася з лучнікаў, пяхоты і кавалерыі. Нармандскае войска было прадстаўлена панствам і наёмнікамі з розных тэрыторый. Былі прадстаўнікі непасрэдна Нармандыі (каля паловы ад агульной колькасці), Фландрыі, Брэтані (трэцяя частка войска), Францыі (пераважна з Парыжу) і некалькіх атрадаў з паўднёвай Італіі.

Ядро нармандскага войска складала кавалерыя, якая лічылася на той час найлепшай у Еўропе. Яна была цяжка экіпіраванай, а самі коннікі звычайна карысталіся дзідай альбо мячом, мелі круглыя, але па большай частцы кроплепадобныя драўляныя шчыты з металічнымі ўстаўкамі[13]. Нармандская пяхота, імаверна, была экіпіравана кальчугай, але наўрад ці ўся[14], а таксама карысталася дзідай, мячом і шчытом, як і англічане.

Вялікая колькасць лучнікаў у войску Вільгельма адпавядала еўрапейскай тэндэнцыі ў той час на выкарыстанне розных відаў войскаў на полі бітвы. А выкарыстанне лучнікамі Вільгельма арбалетаў ёсць першай такой з’явай у англійскай гісторыі.

Спіс удзельнікаў правіць

Спіс вядомых удзельнікаў бітвы з нармандскага боку[15]:

  • Вільгельм — герцаг Нармандыі.
  • Ода з Баё — зводны брат Вільгельма, епіскап Баё.
  • Эўстах II — граф Булоні, сваяк Эдуарда Спавяданніка.
  • Роберт дэ Мартэн — граф Мартэна, родны брат Ода і зводны брат Вільгельма.
  • Ральф дэ Тосні — зводны брат Вільгельма.
  • Вільгельм дэ Еўро — кузен Вільгельма і зводны брат Ральфа дэ Тосні, граф Еўро.
  • Роберт дэ Віто

Перад бітвай правіць

Як піша Уільям Мальмсберыйскі, англы ўсю ноч не змыкалі вачэй, яны распявалі песні і п’янствавалі, а раніцою рушылі на ворага трыма клінамі[16], прычым у першых шэрагах знаходзіліся хускарлы дзеля арганізацыі больш трывалай шчытавой сцяны, за імі размяшчаліся фірды[17]. Сам кароль стаяў ля сцяга са сваімі братамі, каб пры агульнай для ўсіх небяспецы ніхто і не падумаў аб дэзерцірстве[18].

Нарманы ж усю ноч правялі ў споведзі ў грахах сваіх. Раніцою пяхота з лучнікамі склалі авангард. На левым флангу размяшчаліся брэтонцы, фламандцы размяшчаліся з правага боку, цэнтр занялі нарманы[19]. Коннікі, раздзяліўшыся па флангах, размясціліся ў ар’ергардзе, за спінамі пяхоты[20].

 
Поле бітвы. Выгляд з нармандскай пазіцыі

Бітва правіць

 
Герцаг Вільгельм забівае караля Гаральда. Выява канца XIII стагоддзя.

Паводле задумкі Вільгельма, спачатку лучнікі мусілі паслабіць англаў, зрабіўшы іх шэрагі радзейшымі, а потым пяхота з удзелам кавалерыі павінны былі змяць праціўніка. Але падзеі адбываліся не так добра, як гэта планіравалася.

На загад Вільгельма лучнікі пачалі абстрэл пазіцыі англічан, але значных поспехаў гэта не прынесла, як на тое спадзяваўся Вільгельм, бо стрэлы проста адляталі ад шчытоў салдат. Гэта стала магчымым з-за выкарыстання англічанамі тактыкы шчытавой сцяны, што ўжывалася англамі яшчэ з часоў Альфрэда Вялікага[21]. Нарманцы, палічыўшы, што ўсё ідзе па плану, распачалі атаку пяхотай на англаў.

 
Смерць караля Гаральда

Англічане ж знаходзіліся на ўзгорку, што несумненна з’яўлялася перавагай. Пры набліжэнні сіл праціўніка англічане пачалі закідваць іх камянямі і кідальнымі дзідамі, што прывяло да цяжкіх стратаў сярод нарманаў[22]. Калі нарманы ўсё ж такі наблізіліся да англаў, пачалася рукапашная бітва, дзе вельмі добра сябе паказалі хускарлы. Цяжка прыйшлося і кавалерыі Вільгельма. Коні, не звыклыя да пад’ёму на круты ўзгорак і пад нападам англасаксаў, пачалі панікаваць. Між тым страты нарманаў працягваліся.

Праз гадзіну пасля пачатку бітвы брэтонскія дывізіі на левым флангу Вільгельма пачалі слабець, а праз нейкі час сталі ўцякаць з узгорку[23]. За брэтонцамі пачалі адступаць нармандцы і фламандцы. Многія сотні англічан кінуліся ў пагоню за імі, у асноўным гэта былі фірды, тым самым сапсаваўшы шыхт. Сярод іх былі браты Гаральда, Леафвін і Гірт[23]. У наступнай бітвы быў забіты баявы конь Вільгельма, і сярод яго салдат прайшла пагалоска, што герцаг забіты. Нармандскія войскі кінуліся на ўцёкі, і толькі пасля таго, як Вільгельм скінуў з сябе шалом, уцёкі скончыліся[24].

Вільгельм з групоўкай рыцараў змог правесці ўдалую контратаку сваіх пераследнікаў, што ўжо не знаходзіліся пад аховай шчытавой сцяны. Многія фірды загінулі, як і браты Гаральда. Толькі некаторыя змаглі вярнуцца на ўзгорак зноў. Усталявалася кароткае зацішша, падчас якога англічане і нарманы змаглі перагрупавацца.

Вільгельм паспрабаваў яшчэ раз атакаваць пазіцыі ворагаў на ўзгорку. Але на гэты раз ён меў перавагу, бо англічанам не хапала салдат, каб пабудаваць моцную шчытавую сцяну. У выніку шмат хускарлаў было забіта. Вільгельм таксама даў загад сваім лучнікам страляць па англічанам у апошнія рады, каб не забіць сваіх людзей. У гэты час, паводле падання, выпадковай стралой быў забіты альбо паранены Гаральд. Але фактаў на гэты конт мала, бо галоўным чынам гэтая падзея была ўзята з выявы дывана Баё[25].

Вільгельм распачаў новы ўдар па англічанам, і гэтым разам нарманы змаглі знайсці дзірку ў пазіцыях Гаральда, яны працягвалі насядаць, і англійскія рады пачалі развальвацца. Вільгельм з невялікай групоўкай праламіўся праз шчытавую сцяну і забіў караля[23][26]. Без свайго лідара і чалавека, які бы змог замяніць яго, многія фірды кінуліся на ўцёкі. Толькі хускарлы працягвалі трымаць сваю клятву перад каралём і адважна змагаліся, пакуль не былі ўсе перабітыя[27].

Наступствы правіць

Толькі невялічкія атрады абаронцаў змаглі ўратавацца ў лесе. Некаторыя з нарманаў спрабавалі пераследваць іх, але былі перабіты англічанамі ў зацьменні, гэтая падзея пазней атрымала назву «Мэлфас» альбо «Дрэнны раўчак»[28]. Вільгельм адпачываў са сваім войскам два тыдні каля Гастынгса і чакаў, калі англійскія лорды прыйдуць і падначаляцца яму. Калі яго надзеі не спраўдзіліся, ён рушыў да Лондана[29]. Яго войска было сур’ёзна падбіта эпідэміяй дызентэрыі, а сам Вільгельм цяжка захварэў. Нармандскае войска папоўнілася салдатамі, што пераплылі цераз Ла-Манш. Праз некаторы час Лондан здаўся, і англійскія лорды прызналі Вільгельма каралём Англіі.

25 снежня 1066 года на раство Хрыстова ў Вэстмінстэрскім абацтве адбылося каранаванне Вільгельма[30].

У выніку нармандскай навалы была зруйнавана старажытная англасаксонская дзяржава, а на змену ёй прыйшла цэнтралізаваная феадальная манархія з моцнай каралеўскай уладай, што абапіралася на рыцарства і васальна-ленную сістэму.

Спадчына правіць

 
Мемарыяльная дошка ў памяць бітвы і зліцця англійскага і нармандскага народаў

Бетлскі манастыр быў пабудаваны на месцы бітвы. Мемарыяльная дошка адзначае месца, дзе Гаральд, як мяркуюць, упаў і месца, дзе калісьці стаяў алтар царквы. Пасяленне Бетл вырасла вакол манастыра і цяпер гэта маленькае мястэчка. Бітва пры Гастынгсе з’яўляецца прыкладам выкарыстання камбінаванага войска. Нармандскія лучнікі, кавалерыя і пяхота, супрацоўнічаючы, змаглі надламіць англійскую ініцыятыву і перамагчы аднастайнае англійскае войска.

Цалкам магчыма, што гэта тактычная складанасць дзеянняў нарманаў існавала ў першую чаргу ў свядомасці нармандскіх летапісцаў. Апісанне бітвы прыведзенае ў ранніх крыніцах, як «Песня пра бітву пры Гастынгсе», з’яўляецца той крыніцай, дзе пазначаецца, што прасоўванне нарманаў з’яўляецца сюрпрызам для англічан, якім удалося хутчэй заняць узгорак за нарманаў.

Сярод іншых крыніц, якія згадваюць бітву, варта адзначыць працы нармандскага хранікёра Гіёма Пуацье, напісаныя паміж 1071 і 1077 гадамі, дыван Баё, створаны паміж 1070 і 1077 гадамі, а таксама значна пазнейшыя «Кроніка абатства Бетла», летапісы напісаныя Уільямам Мальмсберыйскім, працы Фларэнса Вустэрскага і твор Эадмера «Historia Novorum».

Наступствы Бітвы пры Гастынгсе аказалі велізарны ўплыў на англійскую мову. Нарманы карысталіся французскай мовай, і ў выніку іх панавання, шмат французскіх слоў пачалі ўжывацца мясцовай шляхтай і ў канчатковым выніку сталі часткай англійскай мовы. Як піша Пол Дэвіс: «Перамога Уільяма ёсць узыходам замежнага кіраўніка на пасад Англіі, якія прадстаўляў еўрапейскае, а не скандынаўскае грамадства на ізаляваным востраве» ў «апошнім паспяховым уварванні ў Англію»[31].

Заўвагі правіць

  1. Robert Gunn, Kim Siddorn, October 1995 (англ.). Regia Anglorum. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  2. The Bayeux Tapestry (англ.). My Battle of Hastings: 14 Oct 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  3. Абяцанне Эдуарда (англ.). Camelot International: Britain's Heritage and History. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  4. William = Дамаганне Вільгельма да англійскага трону (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  5. Altering the records = Змяненне фактаў (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  6. Did William have a valid claim? = Ці меў Вільгельм абаснаванне на дамаганне? (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  7. Архіўная копія (англ.)(недаступная спасылка). Heimskringla or The Chronicle of the Kings of Norway. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2013. Праверана 15 лістапада 2014.
  8. Архіўная копія (англ.)(недаступная спасылка). Heimskringla or The Chronicle of the Kings of Norway. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2013. Праверана 15 лістапада 2014.
  9. Каляндар падзей. 6 кастрычніка (англ.). My Battle of Hastings: 14 Oct 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  10. Harold’s Men = Людзі Гаральда (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  11. The Fyrd = Фірды (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  12. List of those we do know were involved (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  13. The Cavalry = Кавалерыя (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  14. Foot Soldiers = Пяхота (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  15. William’s Forced = Войска Вільгельма (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  16. The Battle of Hastings (англ.). British History in-depth. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  17. Lull Before The Storm = Зацішша перад бурай (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  18. «История английских королей». Вилиям Мальмсберийский. Книга 3. Раздел 241 (руск.). Восточная Литература. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  19. March North = Рух на поўнач (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  20. «История английских королей». Вилиям Мальмсберийский. Книга 3. Раздел 242 (руск.). Восточная Литература. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  21. Архіўная копія (англ.)(недаступная спасылка). Search.com. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 15 лістапада 2014.
  22. The High Ground = Узгорак (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  23. а б в Military History Companion. Battle of Hastings (англ.). Answers.com. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  24. No, I Am Not Dead = Не, я не забіты (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 11 верасня 2010.
  25. Harold Is Dead = Гаральд забіты (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  26. The Battle of Hastings (англ.). British History in-depth. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  27. The Battle of Hastings (англ.). Camelot International: Britain's Heritage and History. Праверана 11 верасня 2010.
  28. The Malfosse Incident = Здарэнне з дрэннымі ірвамі (англ.). Battle of Hastings 1066. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  29. King William (англ.). British History in-depth. Праверана 23 кастрычніка 2010.
  30. Архіўная копія (англ.)(недаступная спасылка). The Battle of Hastings - 1066. Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2012. Праверана 15 лістапада 2014.
  31. Paul K. Davis. 100 Decisive Battles from Ancient Times to the Present: The World's Major Battles and How They Shaped History. — Oxford: Oxford University Press, 1999. — P. 113.

Літаратура правіць

  • Howarth, David. 1066: The Year of the Conquest. — New York: Barnes and Noble, 1993.
  • Douglas, Daniel C. William the Conqueror. — Berkeley, CA: University of California Press, 1964.
  • Gravett, Christopher. Hastings 1066, The Fall of Saxon England // Osprey Campaign Series № 13, Osprey Publishing, 1992.
  • Morton, Catherine and Muntz, Hope (eds). The Carmen de Hastingae Proelio of Guy Bishop of Amiens. — Oxford: Clarendon Press, 1972.

Спасылкі правіць