Варанцэвічы (аграгарадок)

Варанцэ́вічы[1] (трансліт.: Varancevičy, руск.: Воронцевичи) — аграгарадок у Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Воўкавіцкага сельсавета.

Аграгарадок
Варанцэвічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
Насельніцтва
224 чалавекі
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2136
Аўтамабільны код
2
Варанцэвічы на карце Беларусі ±
Варанцэвічы (аграгарадок) (Беларусь)
Варанцэвічы (аграгарадок)
Варанцэвічы (аграгарадок) (Віцебская вобласць)
Варанцэвічы (аграгарадок)

ГісторыяПравіць

Вядомы прынамсі з сярэдзіны XV ст., калі належалі пану Івану Іллінічу[2] і былі цэнтрам значнага маёнтка. Паводле В. Насевіча, у 1492—1506 гадах сыны друцкага князя Івана Пуцяты — князі Пуцяцічы, прадалі частку Варанцэвічаў пану Юрыю Іванавічу Іллінічу[3], з чаго можна было б думаць, што раней пан Іван Іллініч валодаў толькі доляй Варанцэвіцкага маёнтка. В. Насевіч спасылаецца на М. Любаўскага, аднак той звестак пра продаж не дае, а паведамляе, што Варанцэвічы былі маёнткам князёў Пуцяцічаў і ў часы вял. кн. Аляксандра перайшлі да пана Юрыя Іллініча, без крыніц і акалічнасцяў. У кожным разе, за варанцэвіцкімі падданымі быў замацаваны догляд шасці гародзен Друцкага замка, павіннасць захавалася і пры пане Іллінічы, і пры наступных уладальніках, таму можа думаць, што Варанцэвічы былі адным са старых удзелаў Друцкага княства.

Пасля смерці пана Ю. І. Іллініча ў 1527 годзе, маёнткам паловамі валодалі яго сын Станіслаў (1531) і дачка Ганна, жонка пана П. С. Кішкі. У Попісе 1528 года Варанцэвічы названы супольнай уласнасцю С. Іллініча і П. Кішкі, з якой яны ставілі 7 «коней». Паводле нормаў Попісу 1528 года, 1 «конь» ставіўся з 8 службаў, тым часам 1 службу, звычайна, трымалі дзве, радзей адна, яшчэ радзей тры роднасныя сялянскія сям’і. Такім чынам, у Варанцэвіцкім маёнтку Іллініча і Кішкі было каля 100—110 сем’яў, пры звычайнай сялянскай малой сям’і таго часу ў 6-8 чалавек, колькасць падданых можна ацаніць як 600—900 чалавек.

Пан Станіслаў Іллініч памёр у 1531 годзе. У 1551 годзе Варанцэвічамі валодаў ужо троцкі ваявода Мікалай Радзівіл Руды. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1565—1566 гадоў уваходзіла ў склад Аршанскага павета. У 1584 годзе Мікалай Руды абмяняў Варанцэвіцкі маёнтак з канцлерам Астафіям Валовічам на яго долю маёнткаў Станькаў і Жыцін.

У 1593 годзе сяло належала віцебскаму кашталяну Марціну Стравінскаму (пам. 1594), праз шлюб яго дачкі Соф’і з Рыгорам Сапегам Варанцэвічы перайшлі да апошняга, а пасля яго смерці ў 1600 годзе да яго сына — старосты аршанскага Дажбога Сапегі (1585—1633). Каля 1613 года пан Дажбог запісаў сваёй жонцы Эльжбэце з Хадкевічаў грашовае забеспячэнне на маёнтку Варанцэвічы памерам у 30 тыс. злотых. На карце Т. Макоўскага (1613) Варанцэвічы пазначаны як мястэчка. У 1641 годзе, пасля раздзелу спадчыны Дажбога Сапегі паміж дачкамі Ганнай (жонкай Станіслава Нарушэвіча) і Хрысцінай (жонкай Яна Самуэля Паца), Варанцэвічы атрымала Хрысціна.

Пасля смерці Хрысціны ў 1649 годзе, Варанцэвічы перайшлі да яе мужа Я. С. Паца. Ва ўвязальным лісце, яго ў спадчыне жонкі, пералічаны паселішчы, якія былі ў складзе маёнтка — сёлы Старыя Варанцэвічы, Башарова, Клікаў, Крапівянка, Любавічы (Любанічы), Палачаны, Свіраны (Свірані), Слабада (Баркова Слабада), Старкове (напэўна, Стайкі), а таксама фальваркі Перавалочня (з сёламі Кучына, Марцюхова і 2-мя Перавалочнямі) і Альшанікі (з сёламі Альшанікі, Грушка-Панскае, Мачулішча-Сакаловічы, Шырневічы) і тры новазаснаваныя слабады. З ліста бачна, што да гэтага часу да Варанцэвіцкага маёнтка нейкім чынам была далучана тэрыторыя суседняга маёнтка Любавічы (Любанічы), які раней таксама быў часткай аднаго з удзелаў Друцкага княства. У 1650 годзе Я. С. Пац аддаў большую частку Варанцэвіцкага маёнтка ў заклад на 3 гады Івану Казелецкаму за 30 тыс. злотых. Сярод іншых закладзеных паселішчаў называна мястэчка Старыя Варанцэвічы (22 валокі, уніяцкая царква) і сяло Слабада. Пры гэтым Я. С. Пац валодаў толькі часткай Варанцэвіч, бо па смерці жонкі Хрысціны другая частка перайшла, напэўна, сыну яе сястры Ганны — старосце ушпольскаму Аляксандру Нарушэвічу.

Пасля смерці Я. С. Паца ў 1654 годзе, яго частка Варанцэвіцкага маёнтка перайшла брату — Дамініку Казіміру Пацу (пам. 1665), затым яго дочкам Ганне (жонцы Марцыяна Валовіча) і Гілярыі (жонцы Яна Зяновіча). У падымным тарыфе 1667 года Варанцэвічы называюцца маёнткам пані Зяновічавай і налічваюць 107 дымоў (напэўна, толькі ў частцы Зяновічавай). У 1671 годзе Гілярыя з сынамі Ганны — Валовічамі, прадалі свае правы на Варанцэвічы далёкаму сваяку гетману Міхалу Казіміру Пацу. На той час Варанцэвічы былі закладзены Віленскаму Святадухаўскаму манастыру і М. К. Пац выкупіў іх толькі ў 1678 годзе. Неўзабаве М. К. Пац купіў і частку Варанцэвічаў у А. Нарушэвіча, такім чынам сабраўшы ўвесь маёнтак. Пасля смерці М. К. Паца Варанцэвічы атрымалі сыны яго брата Гераніма Дамініка — Пётр Міхал і Ян Казімір Пацы. Пасля іх смерці ў 1696 годзе гаспадарамі сталі малалетнія сыны Яна Казіміра — Юзаф і Пётр. Пасля раздзелу спадчыны належалі Пятру (пам. 1756), потым яго сыну Юзафу (каля 1735—1797), апошняму прадстаўніку гэтай галіны Пацаў.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) ў Расійскай імперыі.

У XIX ст. мястэчка належала Воўк-Ланеўскім. Станам на 1886 год у Варанцэвічах 8 двароў і 33 жыхары, багадзельня, праваслаўная прыходская царква. У 1887 годзе адкрыта прыходская школа. У 1924 годзе ў варанцэвіцкай школе каля 100 вучняў.

Ёсць Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы садок і ўчастковая бальніца[4].

НасельніцтваПравіць

  • 1886 год — 8 двароў, 33 чалавекі
  • 1910 год — 23 двары, >100 чалавек
  • 1924 год — 145 чалавек
  • 1999 год — 264 чалавекі
  • 2010 год — 224 чалавекі

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. Варонін В. Новыя даныя аб землеўладанні магнацкага роду Іллінічаў у XV ст. // Мірскі замак і замкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Праблемы рэстаўрацыі і музеефікацыі. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці 4 чэрвеня 2005 года. — Мн.: Белпрынт, 2006. — 128—132.
  3. Насевіч В. Л. Друцкае княства і князі Друцкія // Друцк старажытны: Да 1000-годдзя ўзнікнення горада. — Мінск, 2000. — С. 49-76; У гэтым выданні В. Насевіч спасылаецца на: Документы Московского архива Министерства юстиции. Т. 1. — М., 1897. — С. 123—134, — але там змешчаны інвентар Аршанскага замка ад 1560 года і згадак пра названую здзелку Пуцяцічаў з Юрыем Іллінічам няма. У ранейшым выданні: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Крупскага р-на. — Мн., 1999. — С. 37-64, 70-73, — В. Насевіч у тым жа сцверджанні спасылаецца на: Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания Первого Литовского Статута: Иторические очерки. М., 1892. — С. 254, а зноска на «Документы Московского архива Министерства юстиции. Т. 1.» наступная ў спісе і тычыцца іншага сцверджання. У Любаўскага на стар. 254 таксама нічога няма пра названую здзелку, але на 253 стар. сапраўды згадваецца, што Варанцэвічы былі маёнткам Пуцяцічаў, а пры вял.кн. Аляксандры перайшлі ва ўладанне Юрыю Іллінічу, аднак ніякіх акалічнасцяў пераходу і спасылак на крыніцы не даецца.
  4. http://vlib.by/pridvinie/index.php/naselenuja-pynktu-lib/1122-varancevichi-veska-talachinskiy-raion

ЛітаратураПравіць

  • Города, местечки и замки Великого княжества Литовского: Энциклопедия. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 312 с. — 3000 экз. — ISBN 978-985-11-0432-7

СпасылкіПравіць