Васіль Міхайлавіч (князь друцкі)

князь друцкі
(Пасля перасылкі з Васіль Міхайлавіч Друцкі)

Васіль Міхайлавіч (1-я палова XIV ст. — паміж 1394—1398) — князь друцкі.

Васіль Міхайлавіч
Дата смерці не пазней за 1398
Бацька Міхаіл Міхайлавіч
Дзеці Андрэй Васілевіч

Сын князя Міхаіла Міхайлавіча з роду друцкіх князёў. Упершыню згадваецца як князь Васіль Друцкі сярод сведкаў граматы 1350—1377 гадоў полацкага князя Андрэя Альгердавіча на наданне баярам Фёдару і Дзмітрыю Корсакам. Таксама, магчыма, у 1374 годзе князь Васіль са старэйшым братам князем Дзмітрыем ускосна згаданы Германам з Вартберга як «князі одрыскія» (reges ... de Odriske) у паходзе князя Андрэя Альгердавіча на ордэнскі замак Дынабург.[1]

Пасля 1377 года, напэўна, з дваром князя Андрэя Альгердавіча, князь Васіль Міхайлавіч ад’ехаў з ВКЛ у Пскоў і зімою 1377—1378 гадоў кароткі час быў у Ноўгарадзе, дзе, на думку Андрэя Кузьміна, заказаў перапісванне Евангелля-Апракаса. З Ноўгарада, таксама разам з князем Андрэем Альгердавічам, князь Васіль мог паехаць у Маскву, але да 1380 года вярнуўся ў Друцк. У Маскве застаўся яго сын Глеб, які браў удзел у Кулікоўскай бітве.[2]

Паміж 1378 і 1394 гадамі князь Васіль Міхайлавіч, разам з жонкай княгіняй Васілісай, аздобіў і надаў Евангелле-Апракас друцкай царкве Прачыстай Багародзіцы разам з сялом Мараўінічы з людзьмі і ўсімі даходамі, дзесяцінай з жыта ў сяле Відзінічы, 5 пудамі мёду з «чалавека» на Паротвінай зямлі (магчыма, цяпер урочышча Ператоўшчына за 20 км на захад ад Друцка), лукном мёду Якімава і паўлукном мёду на Худаве.[2][3]

Каля 1390—1392 года разам з сынам Львом (княз Василии Михаилович… Левъ Васильевъ снъ) быў сярод паручнікаў перад вялікім князем Скіргайлам за нейкага Грыдку Канстанцінавіча[4]. У рэчышчы гіпотэзы паходжання друцкіх князёў з Гедзімінавічаў, Аляксандр Белы выказаў думку тоеснасці князя Васіля Міхайлавіча з паручнай граматы і пінскага князя Васіля Нарымонтавіча[5], такую магчымасць аспрэчваў, хоць і з іншай нагоды, Я. Тэнгоўскі[6], былі і крыніцазнаўчыя пярэчанні, урэшце, Аляксандр Груша паказаў уяўнасць асобы пінскага князя Міхаіла Нарымонтавіча, таму і немагчымасць зваць князя Васіля Нарымонтавіча Міхайлавічам[7].

Меў прынамсі трох сыноў — Льва, Глеба і Андрэя.

Памёр паміж 1394 і 1398 гадамі. Да 1399 года яго ўдава выйшла замуж за князя Дзмітрыя Альгердавіча.[8]

Зноскі

  1. Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 57.
  2. а б Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 62.
  3. Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя // БГА. — Том 9, Сшытак 1-2 (16-17), снежань 2002. — Заўв. 45.
  4. Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 58.
  5. Белы А. Нарымонтавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 5. — Мінск, 1999. — С. 297—298.
  6. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań—Wrocław, 1999. — S. 26.
  7. Груша А. І. Мяноўная грамата князя Васіля Нарымонтавіча і фарміраванне пісьмовай культуры ў прававой сферы Вялікага княства Літоўскага ў апошняй трэці XIV — першай трэці XV ст. — Мінск, 2010. — 96 с.
  8. Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 61.

Літаратура правіць

  • Кузьмин А. В. Опыт комментария к актам Полоцкой земли второй половины XIII-начала XV в. (окончание) // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 4/2007(40). — С. 50-68.