Адкрыць галоўнае меню

Васіль Міхайлавіч (князь друцкі)

князь друцкі

Васіль Міхайлавіч (1-я пал. XIV ст. — паміж 1394—1398) — князь друцкі.

Васіль Міхайлавіч
Дата смерці: не пазней за 1398
Бацька: Міхаіл Міхайлавіч[d]

Сын кн. Міхаіла Міхайлавіча з роду друцкіх князёў. Упершыню згадваецца як кн. Васіль Друцкі сярод сведкаў граматы 1350—1377 гадоў на наданне полацкага кн. Андрэя Альгердавіча баярам Фёдару і Дзмітрыю Корсакам. Таксама, магчыма, у 1374 годзе кн. Васіль са старэйшым братам кн. Дзмітрыем ускосна згадваюцца Германам з Вартберга як «князі одрыскія» ў паходзе кн. Андрэя Альгердавіча на ордэнскі замак Дынабург.[1]

Пасля 1377 года, напэўна, з дваром кн. Андрэя Альгердавіча, кн. Васіль Міхайлавіч ад’ехаў з ВКЛ у Пскоў і зімою 1377—1378 гадоў кароткі час быў у Ноўгарадзе, дзе, на думку А. Кузьміна, заказаў перапісванне Евангелля-Апракаса. З Ноўгарада, таксама разам з кн. Андрэям Альгердавічам, кн. Васіль мог быць і ў Маскве, але да 1380 года вярнуўся ў Друцк. У Маскве ж застаўся яго сын, кн. Глеб, які браў удзел у Кулікоўскай бітве.[2]

Паміж 1378 і 1394 гадамі кн. Васіль Міхайлавіч, разам з жонкай кн. Васілісай, аздобіў і даў Евангелле-Апракас друцкай царкве Прычыстай Багародзіцы, а таксама надаў ёй сяло Мараўінічы з людзьмі і ўсімі даходамі, дзесяціну з жыта ў сяле Відзінічы, 5 пудоў мёду з «чалавека» на Паротвінай зямлі (магчыма, цяпер урочышча Ператоўшчына за 20 км на захад ад Друцка), лукно мёду Якімава і паўлукна мёду на Худаве.[2][3]

Каля 1390—1392 года разам з сынам, кн. Львом (княз Василии Михаилович… Левъ Васильевъ снъ) быў сярод паручыцеляў перад вял.кн. Скіргайлам за нейкага Грыдку Канстанцінавіча[4]. У рэчышчы гіпотэзы паходжання друцкіх князёў з Гедзімінавічаў, А. Белы выказаў думку тоеснасці кн. Васіля Міхайлавіча з паручнай граматы і пінскага кн. Васіля Нарымонтавіча[5], такая магчымасць аспрэчвалася, хоць і з іншай нагоды, Я. Тэнгоўскім[6], былі і крыніцазнаўчыя пярэчанні, урэшце, А. Груша паказаў уяўнасць асобы пінскага кн. Міхаіла Нарымонтавіча, таму і немагчымасць кн. Васіля Нарымонтавіча зваць Міхайлавічам і лічыць ўнукам, а не сынам кн. Нарымонта Гедзімінавіча[7].

Меў прынамсі трох сыноў — Льва, Глеба і Андрэя.

Памёр паміж 1394 і 1398 гадамі. Да 1399 года яго ўдава выйшла замуж за кн. Дзмітрыя Альгердавіча.[8]

Зноскі

  1. Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 57.
  2. 2,0 2,1 Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 62.
  3. Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя // БГА. — Том 9, Сшытак 1-2 (16-17), снежань 2002. — Заўв. 45.
  4. Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 58.
  5. Белы А. Нарымонтавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 5. — Мінск, 1999. — С. 297—298.
  6. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań—Wrocław, 1999. — S. 26.
  7. Груша А. І. Мяноўная грамата князя Васіля Нарымонтавіча і фарміраванне пісьмовай культуры ў прававой сферы Вялікага княства Літоўскага ў апошняй трэці XIV — першай трэці XV ст. — Мінск, 2010. — 96 с.
  8. Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 61.

ЛітаратураПравіць

  • Кузьмин А. В. Опыт комментария к актам Полоцкой земли второй половины XIII-начала XV в. (окончание) // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 4/2007(40). — С. 50-68.