Венцаслаў Венцаслававіч Пелікан

(Пасля перасылкі з Венцаслаў Пелікан)

Венцасла́ў Венцасла́вавіч Пеліка́н, або Вацлаў Вацлававіч Пелікан (11 верасня 1790, Слонім — 9 чэрвеня 1873, маёнтак Пеліканы каля Опсы) — рэктар Віленскага ўніверсітэта, дзеяч расійскай медыцынскай навукі XIX ст. Правадзейны тайны саветнік (1870). Ганаровы член-карэспандэнт Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, член Віленскага і Варшаўскага медыцынскіх таварыстваў, таварыства кіеўскіх дактароў і Харкаўскага ўніверсітэта.

Венцаслаў Венцаслававіч Пелікан
польск.: Wacław Pelikan
Дата нараджэння 11 верасня 1790(1790-09-11)
Месца нараджэння
Дата смерці 9 (21) чэрвеня 1873 (82 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
  • Пеліканы[d]
Грамадзянства
Дзеці Яўген Пелікан
Род дзейнасці хірург
Месца працы
Навуковая ступень доктар медыцыны[d] і доктар навук[d]
Альма-матар
Узнагароды
ордэн Святога Аляксандра Неўскага ордэн Белага арла ордэн Святога Уладзіміра 2 ступені ордэн Святой Ганны I ступені ордэн Святога Станіслава I ступені
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сям’і Вацлава Пелікана[1], музыканта слонімскага аркестра князя Міхала Казіміра Агінскага, з незаможнага шляхецкага роду. Пачатковую адукацыю атрымаў у школах Слоніма і Маладзечна, у 1809 годзе праслухаў курс філасофскіх навук у інстытуце пры Віленскім універсітэце, у тым жа 1809 годзе паступіў у Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, якую скончыў у 1813 годзе з залатым медалём. Быў уладкаваны на працу на кафедру хірургічнай паталогіі і клінікі, якую ўзначальваў тады знакаміты хірург І. Буш, дзе да 1814 года зрабіў 58 хірургічных аперацый. 24 ліпеня 1816 года В. Пелікан за працу «Пра анеўрызмы» атрымаў вучоную ступень доктара медыцыны і хірургіі, у тым жа годзе быў абраны прафесарам кафедры хірургічнай паталогіі і хірургічнай клінікі Віленскага ўніверсітэта, выкладае студэнтам хірургію, анатомію і судзебную медыцыну. Праз два гады ён атрымлівае пасаду ад’юнкта-прафесара за цыкл лекцый «Пра перашкоды, якія сустракаюцца пры выманні каменя з мачавога пухіра, і спосабы пераадолення іх». У першыя ж гады працы здабыў славу выдатнага майстра хірургічнай справы. Выкладаў ва ўніверсітэце, займаўся хірургічнай практыкай, загадваў хірургічнай клінікай. За свой кошт В. Пелікан стварыў хірургічны кабінет з наборам інструментаў і бібліятэку. Апублікаваў некалькі навуковых артыкулаў, вынайшаў і ўдасканаліў некаторыя медыцынскія інструменты і прыстасаванні. У 1821 годзе В. Пелікан стаў старшынёй Віленскага таварыства лекараў.

 
Замалёўка Станіслава Мараўскага з выявамі пракурора Гераніма Батвінкі, Ігната Анацэвіча, Мікалая Навасільцава і Вацлава Пелікана

Калі ў 1823 годзе ўлады пачалі палітычнае следства над студэнтамі, прыхільнікамі незалежнасці Рэчы Паспалітай, В. Пелікан прыняў удзел у следстве, што выклікала абурэнне патрыятычнай віленскай грамадскасці. Але супрацоўніцтва з уладамі ўплыла на кар’еру В. Пелікана, у 1824 годзе ён прызначаны дэканам лекарскага факультэта, пазней выконваў абавязкі рэктара. У 1826 годзе прызначаны рэктарам Віленскага ўніверсітэта. На гэтай пасадзе В. Пелікан паказаў сябе як здольны адміністратар і арганізатар, шмат зрабіў для ўмацавання базы ўніверсітэта, павышэння якасці адукацыі. Быў старшынём камітэта па складанні праекта Віленскай навучальнай акругі і новага статута Віленскага ўніверсітэта.

У канцы 1820-х гадах у Віленскім універсітэце склаліся тры прафесарскія групоўкі. Лідарам адной з іх быў сам рэктар — В. Пелікан. Другая група — «Старэйшыя» стварылася вакол загадчыка кафедры фізіялогіі медыцынскага факультэта М. Міяноўскага. «Група маладых» складалася ў асноўным з маладых выкладчыкаў[2].

Пасля падаўлення паўстання 1830—1831 гадоў Віленскі ўніверсітэт закрыты, выкладчыкі і студэнты (г.зв. «віленская інтэлігенцыя») пераведзены ва ўніверсітэты Масквы, Пецярбурга і Кіева, некаторыя больш не выкладалі і не вучыліся. Улады запатрабавалі ад В. В. Пелікана характарыстыкі выкладчыкам, былы рэктар падзяліў іх на тры групы: надзейных, сумнеўных і ненадзейных. Асабліва адмоўна ён характарызаваў прафесараў Л. Бароўскага, І. Фонберга, А. Вырвіча, А. Снядэцкага і Ю. Ярашэвіча.[2].

Пасля закрыцця ўніверсітэта В. Пелікан прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да адкрыцця Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, а потым працуе ў розных медыцынскіх установах. 3 1838 года ўзначальваў ваенны шпіталь, які ператварыў у клініку медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. У 1846 годзе В. Пелікан прызначаны дырэктарам медыцынскага дэпартамента ваеннага міністэрства.

У Санкт-Пецярбургу В. Пелікан зблізіўся з гурткамі Нестара Кукальніка і Яна Баршчэўскага. Магчыма, менавіта В. В. Пелікан распавёў гісторыю Паўлюка Багрыма, у расследаванні справы якога прымаў удзел, Я. Баршчэўскаму, за распаўсюджанне чыйго верша «Бунт хлопаў» (варыянт «Рабункаў мужыкоў») Багрым і пацярпеў[3].

У 1851 годзе прызначаны прэзідэнтам імператарскай Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, дзе ўпершыню пачынае праводзіць акадэмічныя канферэнцыі, на якіх вядомыя дактары і навукоўцы чыталі свае даклады. В. Пелікан шмат зрабіў у рэфармаванні ваеннай медыцыны. Слушнасць і своечасовасць рэформ пацвердзіла неўзабаве Крымская вайна. Сярод найважнейшых спраў В. Пелікана ў апошнія гады жыцця — увядзенне з 1866 годзе рускамоўнай фармакапеі, якая замяніла лацінскі аналаг і значна палепшыла аптэкарскую справу ў Расіі, рэформа ветэрынарнай справы. Дзейнасць В. Пелікана адзначана ў 1870 годзе наданнем вышэйшага тытула расійскага чыноўніка — правадзейнага тайнага саветніка.

Апроч чытання лекцый, В. Пелікан выдаваў навучальныя дапаможнікі, сабраў шмат матэрыялаў па анатамічнай медыцыне, стварыў новыя хірургічныя інструменты, у тым ліку пілу, якая пры пілаванні косці не траўміруе мяккіх тканак, адмысловая фрэза для трэпанацыі чэрапа. Шмат зрабіў В. Пелікан у галіне хірургіі сасудаў, вядомыя яго аперацыі на шыі і галаве. Асобныя віды аперацый і тэхнічныя дэталі мелі тады амаль рэвалюцыйны характар.

У 1866 годзе В. Пелікан набыў маёнтак Пеліканы памерам ў 3 тысяч га ў Новааляксандраўскім павеце Ковенскай губерні, гэтыя мясціны В. Пелікан звязваў з узнікненнем свайго роду, але пакуль не высветлена ці на праўдзе яно так. Паселішча Пеліканы згадваецца ў дакументах з XVII ст., а таксама пазначана на карце ВКЛ (1613). У гэтым маёнтку В. Пелікан памёр і пахаваны (1873). Нашчадкі В. Пелікана ў міжваенны час жылі ў Відзах, былі ўладальнікамі маёнтка Разалінова паблізу Пеліканаў. Маёнтак Пеліканы не захаваўся, згарэў падчас Другой сусветнай вайны. Захаваліся рэшткі капліцы, якая знаходзілася побач сядзібы. Паводле сведчанняў старажылаў у ёй яшчэ ў канцы 1940-х гадоў знаходзілася надмагільная пліта В. Пелікана. Меў сыноў Аляксандра[4], Віктара і Яўгена[5], таксама вядомыя яго ўнукі — Венцаслаў, Аляксандр, Надзея, праўнукі — Аляксандр, Дзмітрый, Барыс.

За бездакорную шматгадовую службу Венцаслаў Пелікан быў узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі, у т.л. два ордэны Святога Аляксандра Неўскага, Святой Ганны I і II ступеняў, Святога Станіслава I ступені і інш.

Зноскі

  1. Вацлаў Пелікан — музыкант слонімскага аркестра Агінскага, які часам памылкова лічыцца капельмайстрам. Два гады (верасень 1776 — верасень 1778) атрымліваў штомесячную плату ў 10 дукатаў, потым да сакавіка 1785 — 7 дукатаў. На 1.1.1782 каса К. М. Агінскага завінавацілася Вацлаву Пелікану 44 дукаты, даволі вялікія грошы, што сведчыць пра некаторую заможнасць Пелікана і яго сям’і. Пасля звальнення з аркестра да канца жыцця Пелікан заставаўся ў Слоніме, дзе ў 1797—1798 служыў наглядчыкам Слонімскага палаца (замка) Агінскага. Бацька Венцаслава Пелікана, рэктара Віленскага ўніверсітэта. Гл.: Andrzej Ciechanowiecki. Michał Kazimierz Ogiński und sein Musenhof zu Słonim. Böhlau, Verlag, Köln, Graz, 1961. (бел. перакл: Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме / Пер. з ням. мовы Уладзіміра Сакалоўскага; навук. рэд. пер. і тэкст прадм. Адама Мальдзіса.— Мн.: Беларусь, 1993.; Крыніцы адтуль: А. Мілер. С. 46; А. Андрыеўскі. Т. 2. С. 176; Б-ка. Рук. 139, 230.)
  2. а б Шылабрыт Т. Штрыхі да партрэта гісторыка Юзафа Ярашэвіча (1793—1860) // Гістарычны Альманах. Т.2., 1999.
  3. Ільін А. Чому не з’явівся білоруський «Кобзар» у середині ХІХ століття? // Сіверянський літопіс. — 2000. — № 2. — с.161-162.
  4. Аляксандр Венцаслававіч Пелікан — правадзейны стацкі саветнік, пам. 28.2.1879, пахаваны ў Васкрасенскім[-Новадзявочым] манастыры ў Санкт-Пецярбургу побач з іншымі членамі сям’і Пеліканаў. Гл.: СПб. некрополь, т. 3, с. 378.
  5. Яўген Венцаслававіч Пелікан (1824—1884). Пачатковую адукацыю атрымаў дома, дасканала валодаў французскай, нямецкай, англійскай і італьянскай мовамі. Скончыу медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта і абараніў доктарскую дысертацыю. Пасля абароны працаваў у Расійскай імператарскай медыкахірургічнай акадэміі, дзе чытаў лекцыі па дзіцячых хваробах. З 1848 загадваў рэдакцыяй «Военно-медицинского журнала», а пасля быў выдаўцом газеты «Друг здравия». Па хадайніцтве канферэнцыі акадэміі ў 1853 быў прызначаны прафесарам кафедры судзебнай медыцыны, медыцынскай паліцыі і гігіены, выкладаў у акадэміі судзебную медыцыну і таксікалогію, удзельнічаў у распрацоўцы навуковых пытанняў па гэтых дысцыплінах, увёў у акадэміі навукова-доследны спосаб выкладання таксікалогіі. У 1860 паводле праекта Яўгена Пелікана ў Пецярбургу быў адкрыты Камітэт грамадскага здароўя. У 1861 — прызначаны дырэктарам Медыцынскага дэпартамента Міністэрства ўнутраных спраў Расіі. Навуковыя публікацыі Я. Пелікана прысвечаныя развіццю таксікалогіі, судзебнай медыцыне, эпідэміялогіі, далі пэўны матэрыял па фізіялогіі і хіміі. Таксама Яўген Пелікан быў перакладчыкам і вялікім бібліяфілам. Ад дзеда і бацькі яму засталося шмат рэдкіх і каштоўных кніг, ён сам сабраў вялікую бібліятэку па медыцыне і гісторыі. Пасля смерці Я. Пелікана бібліятэка Пеліканаў была перададзена Расійскай ваеннамедыцынскай акадэміі.

Літаратура правіць

  • Грицкевич В. П. С факелом Гиппократа: Из истории белорусской медицины. — Минск: Наука и техника, 1987. — С. 20—138.
  • Крючок Г. Р. Очерки истории медицины Белоруссии. — Минск: Беларусь. 1976. — С. 26—106.
  • Майсяёнак, А., Шарэйка, П. В. Пелікан: Ад Слоніма да Брасчаўшчыны // Браслаўскія чытанні: Матэрыялы 11-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 925-годдзю Браслава. — Браслаў, 1991. — С. 45—53.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12). — С. 262.