Войны Залатой Арды з Вялікім Княствам Літоўскім
Войны Залатой Арды з Вялікім Княствам Літоўскім адбываліся на працягу XIII—XV стагоддзяў.
Гісторыя
правіцьУ 1243 годзе Кіеўская Русь была ператворана ва ўлус Залатой Арды. Ардынскія заваёўнікі падпарадкавалі сабе княствы Паўночна-ўсходняй, Паўднёвай і Паўднёва-заходняй Русі. Вольнымі з усходнеславянскіх зямель засталіся толькі паўночна-заходнія і заходнія рэгіёны — Полацкая зямля, Ноўгарад, Пскоў і часткова Смаленскае княства. Абыйшла ардынская экспансія і Панямонне, дзе ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае.
Першае дакументальна засведчаны канфлікт ВКЛ з Ардой адносіцца да 1258 года. Войска на чале з ханскім баскакам Бурундаем пры падтрымцы галіцка-валынскага князя напала на Літоўскую зямлю і са шматлікім палонам і багаццем пайшло назад. У 1284 годзе вялікі літоўскі князь Рынгольд, які княжыў у Наваградку, разбіў кааліцыю князёў, якія разам з татарамі ўварваліся ў Літву. Бітва адбылася на Нёмане каля вёскі Магільна. Звесткі пра Магільнянскую бітву адносяцца да паўлегендарных.
На працягу 1258—1338 гадоў татары 7 разоў хадзілі на Літву і пры гэтым разам з імі ў паходах удзельнічалі ўладзіміра-валынскія князі. У 1320-я гады войскі ВКЛ нанеслі ардынцам і іх саюзнікам буйное паражэнне на рацэ Ірпень. У 1274 і 1277 гадах адбыліся паходы аб’яднанага татарскага і паўднёварускага войска на Гарадзеншчыну.
У час праўлення Альгерда ў 1362 годзе ліцвіны арганізавалі паход на Падолле. Рэгіён фармальна знаходзіўся пад татарскай уладай, але ўжо быў незалежным ад Залатой Арды, якая знаходзілася ў стане распаду. У бітве на Сініх Водах войска ВКЛ разбіла ардынцаў. У выніку перамогі Альгерд пашырыў тэрыторыю дзяржавы да вусцяў Дняпра і Днястра.
У 1399 годзе на ардынцаў пайшоў Вітаўт. Новы паход быў абумоўлены ўмяшаннем ліцвінаў у грамадзянскую вайну ў Залатой Ардзе: ВКЛ падтрымала прыхільнікаў Тахтамыша, выступіўшы супраць Цімура Кутлуга. Аднак кампанія Вітаўта правалілася. Яго войскі былі разбіты ў бітве на Ворскле. Перамога дазволіла хану Цімуру Кутлугу зрабіць спусташальны набег на Кіеўшчыну і Валынь.
У далейшым Вітаўт, на працягу 1412—1422 гадоў, працягваў умешвацца ва ўнутраныя справы дзяржавы.
Пасля распаду Залатой Арды асноўным праціўнікам ВКЛ на паўднёвым напрамку стала Крымскае ханства.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Снапкоўскі У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: Вучэб. дапам. для студэнтаў фак. міжнар. адносін: У 2 ч. Ч. І. Ад пачаткаў дзяржаўнасці да канца XVIII ст. / У. Е. Снапкоўскі. — Мн.: БДУ, 2003 — 281 с. ISBN 985-445-902-0.