Вольны Ідэль-Урал

Вольны Ідэль-Урал (тат. Азат Идел-Урал, эрз. Олячив Рав-Уралонь) – грамадскі рух народаў Паволжа, які мае на мэце атрыманне незалежнасці рэспублікамі Мардовія, Чувашыя, Марый Эл, Татарстан, Удмуртыя, Башкартастан і стварэнне інтэграцыйнага аб'яднання гэтых шасці рэспублік з агульнай мяжой, эканамічнай прасторай і калектыўнай сістэмай бяспекі.

Вольны Ідэль-Урал
Выява лагатыпа
Лідар Рафіс Кашапаў, Сырэсь Баляень
Дата заснавання 21 сакавіка 2018
Штаб-кватэра Кіеў
Дэвіз «Наш общий дом – Идель-Урал!»
Сайт idel-ural.org

Гісторыя правіць

26 снежня 2017 года з расійскай калоніі выйшаў на волю адзін з лідараў татарскага нацыянальнага руху Рафіс Кашапаў, які быў арыштаваны 28 снежня 2014 года і асуджаны ў верасні 2015 года на 3 гады калоніі за крытыку анексіі Крыма.[1][2][3] У пачатку лютага 2018 года ён зʼехаў ва Украіну, дзе неўзабаве сустрэў аднадумца: ураджэнца Мардовіі эрзяніна Сырэся Баляеня, вайскоўца на пенсіі.[4]

21 сакавіка Рафіс Кашапаў, Сырэсь Баляень і невялікая група іх аднадумцаў правялі ў Кіеве прэс-канферэнцыю, на якой заявілі аб стварэнні грамадскага руху «Вольны Ідэль-Урал».[5]
Першыя 5 месяцаў сваёй дзейнасці арганізацыя не выступала з адкрыта сепаратысцкіх пазіцыяў, а дэкларавала сваю барацьбу за аднаўленне рэспублікамі Паволжа рэальнага суверэнітэту. Аднак, пасля прыняцця Дзяржаўнай думай закону аб парадку вывучэння родных моваў у агульнаадукацыйных навучальных установах, згодна з якім дзяржаўныя мовы рэспублік прыбралі з абавязковай часткі навучальных праграмаў, «Вольны Ідэль-Урал» змяніў мэту сваёй дзейнасці.

25 ліпеня 2018 года «Вольны Ідэль-Урал» заявіў, што імкнецца да пабудовы ў будучыні незалежных нацыянальных дэмакратычных дзяржаў: Эрзяна-Макшаніі, Чувашыі, Марый Эл, Татарстану, Удмуртыі і Башкартастану. Пры гэтым рух падкрэсліў, што прытрымліваецца негвалтоўных метадаў супраціву.[6] Ужо праз некалькі дзён расейскія СМІ паведамілі, што супраць сузаснавальніка Руху Рафіса Кашапава пачалі новую крымінальную справу за публікацыю ў інтэрнэце матэрыялаў, якія распальваюць варожасць паводле прыкметаў расы, нацыянальнасці, мовы, прыналежнасці да рэлігіі.[7]

Ідэалогія правіць

«Вольны Ідэль-Урал» пазіцыянуе сябе як масавы грамадска-палітычны рух, заснаваны на прынцыпах дэмакратызму і гуманізму. Мэта – пабудова ў будучыні незалежных нацыянальных дэмакратычных дзяржаваў: Эрзяна-Макшаніі, Чувашыі, Марый Эл, Татарстану, Удмуртыі і Башкартастану. Галоўнымі мэтамі арганізацыі зʼяўляецца барацьба за рэалізацыю сацыяльных, культурных і рэлігійных правоў народаў эрзя, мокша, чувашоў, мары, татараў, удмуртаў і башкіраў.[8]

Арганізацыя ставіць перад сабой задачу пабудова незалежных нацыянальных дэмакратычных дзяржаваў: Эрзяна-Макшаніі, Чувашыі, Марый Эл, Татарстану, Удмуртыі і Башкартастану. «Вольны Ідэль-Урал» заяўляе, што імкнецца зʼяднаць гэтыя нацыянальныя рэспублікі ў адзінае інтэграцыйнае абʼяднанне (на прыкладзе Еўрапейскага Звязу). Рух дэкларуе, што кожная рэспубліка будзе самастойна рэалізоўваць сваю ўнутраную і вонкавую палітыку, але ўсе разам будуць забяспечваць сябе калектыўнай бяспекай, сумесна будуць ахоўваць вонкавую мяжу, будуць мець адзіную мытную прастору і грашовую адзінку і да таго падобнае.[9]

У той жа час «Вольны Ідэль-Урал» прадставіў праграму, у якой абмаляваў уласныя мэты і задачы да моманту здабыцця рэспублікамі Ідэль-Уралу дзяржаўнай самастойнасці. Гэтак, на этапе знаходжання 6 рэспублік у складзе РФ, рух выступае за пабудову стасункаў паміж рэспублікамі і федэральным цэнтрам на дамоўных пачатках. Рэспублікі Ідэль-Уралу павінны валодаць правам вета на разгляд тых пытанняў, якія датычаць іх інтарэсаў, а таксама самастойна ўступаць у стасункі з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. У канстытуцыях Рэспублік Ідэль-Уралу варта вызначыць статус грамадзяніна і прыняць законы аб грамадзянстве.

«Вольны Ідэль-Урал» заклікае ўрады і грамадзянаў рэспублік Паволжа адмовіцца ад ідэі перагляду межаў паміж рэспублікамі. Адным з праектаў руху стала распрацоўка палітычнай мапы Ідэль-Уралу, якая была прадстаўленая ў Львове 23 верасня 2018 года ў рамках «Форуму выдаўцоў». Адзін з сузаснавальнікаў «Вольнага Ідэль-Уралу» Баляень Сырэсь адзначыў, што хоць этнічныя землі башкіраў, татараў, чувашоў, мары, эрзі і мокшы распаўсюджваюцца далёка за межы сучасных рэспублік – перагляд межаў, асабліва межаў паміж рэспублікамі, будзе мець катастрафічныя наступствы для нацыянальных рухаў Ідэль-Уралу. На думку Баляеня Сырэся, сам факт наяўнасці рэспублік, з прызнанымі адміністратыўнымі межамі – гэта вялікае дасягненне нацыянальных рухаў, якое будзе служыць адпраўной кропкай у працэсе атрымання незалежнасці ад РФ.[10]

Узброеныя сілы і служба ў войску правіць

Рух лічыць, што на тэрыторыі Рэспублік Ідэль-Уралу неабходна стварыць спецыяльныя тэрытарыяльныя вайсковыя фармаванні, у якіх будуць праходзіць абавязковую ваенную службу грамадзяне Рэспублік Ідэль-Уралу, незалежна ад іх нацыянальнасці. Вайсковую або паліцэйскую службу тэрмінам адзін год павінен адбыць кожны грамадзянін у веку ад 18 да 30 гадоў. Кожны грамадзянін, які прайшоў такую службу, набывае права валодаць і насіць зброю. Продаж зброі будзе дазволены толькі грамадзянам векам ад 21 год і толькі ў дзяржаўных крамах. Рух выступае супраць нясення абавязковай вайсковай службы грамадзянамі Рэспублік Ідэль-Уралу за межамі гэтых рэспублік.

«Вольны Ідэль-Урал» дамагаецца абвяшчэння Рэспублік Ідэль-Уралу зонай, вольнай ад ядзернай зброі. Рух выступае за вывад з тэрыторыі Рэспублік Ідэль-Уралу зброі масавага паражэння і скарачэнне колькасці звычайнага ўзбраення.

Дзейнасць правіць

Асноўнымі кірункамі працы «Вольнага Ідэль-Уралу» з'яўляецца асветніцкая і праваабарончая дзейнасць. Актывісты ладзяць мітынгі і пікеты пад дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Расійскай Федэрацыі ў еўрапейскіх дзяржавах з мэтай прыцягнення ўвагі да праблем карэнных народаў Паволжа. Рух фінансава падтрымлівае семʼі палітычных зняволеных, якія адбываюць пакаранне ў Расіі, а таксама даносіць інфармацыю сусветнай грамадскасці пра становішчы эрзянскага, макшанскага, чувашскага, марыйскага, татарскага, удмурцкага і башкірскага народаў у Ідэль-Урале. «Вольны Ідэль-Урал» ажыццяўляе радыёвяшчанне на эрзянскай мове ў інтэрнэце: некалькі разоў на месяц выходзяць агляды навін сусветнай палітыкі, эканомікі, спорту і культуры.

Таксама штомесяц у сетцы зʼяўляецца праграма «Торпингень блокнот» (эрз. «Ваенны нататнік»), у якой асвятляюцца падзеі ваенных канфліктаў, абмяркоўваюцца навінкі ваенна-прамысловага комплексу і распавядаецца пра ваенную гісторыю народу эрзянаў. [11]

Абарона моваў правіць

Першымі масавымі акцыямі руху сталі публічныя акцыі ў падтрымку эрзянскай, макшанскай, чувашскай, марыйскай, татарскай, удмурцкай і башкірскай моваў. У красавіку 2018 годаз ініцыятывы руху стартавала міжнародная адвакацыйная кампанія «Абаронім мовы Ідэль-Уралу!», падчас якой актывісты ў Ідэль-Урале і за яго межамі фатаграфаваліся ў публічных месцах з плакатамі ў падтрымку роднай мовы. Фота распаўсюджваліся ў сацыяльных сетках з заклікам праяўляць моўную ўстойлівасць і супраціўляцца русіфікацыі.

Завяршэннем кампаніі стала правядзенне 28 красавіка 2018 года адначасовых пікетаў дыпламатычных прадстаўніцтваў Расійскай Федэрацыі ў розных краінах свету. Акцыі прайшлі пад лозунгам «Абаронім мовы Ідэль-Уралу» і мелі на мэце прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да праблемы палітыкі русіфікацыі, якую праводзіць Масква над народамі Ідэль-Уралу: эрзянамі, макшанамі, марыйцаў, чувашамі, удмуртамі, татарамі і башкірамі.

Актывісты руху з розных куткоў свету актыўна каментуюць моўную палітыку РФ, у тым ліку абмежаванне вывучэння дзяржаўных моваў у школах Рэспублік Ідэль-Уралу. У жніўні 2018 сузаснавальнік «Вольнага Ідэль-Уралу» Сырэсь Баляень правёў у Кіеве прэс-канферэнцыю для ўкраінскіх журналістаў, на якой раскрытыкаваў палітыку русіфікацыі школьнай адукацыі ў Паволжы. Актывіст адзначыў, што ў сучаснай Расіі вывучэнне нацыянальнай мовы прымусова зводзіцца да ўзроўню паказухі і літаратуршчыны, калі мову пэўнага этнасу выкарыстоўваюць толькі для дэманстрацыі ўяўнага раўнапраўя нацыяў. Ён правёў аналогію з украінскай «шараваршчынай», якая заахвочвалася, у прыватнасці, у СССР, і заключалася ў тым, што нацыянальным меншасцям дазвалялі спяваць і пісаць на сваёй мове, але не дазвалялі ім тварыць палітыку, тым больш палітыку, якая не супадае з імперскай. Баляень лічыць, што ў Расіі, як і ў СССР, прадстаўнікоў іншых этнасаў пераконваюць у прыярытэтнасці рускай мовы як перадавой і адначасова спрабуюць пераканаць у другаснасці нацыянальных моваў. Напрыклад, для падтрымкі нацыянальнай эрзянскай мовы мясцовыя суполкі пакуль праводзяць пэўную працу, але гэта робіцца ў многіх выпадках паказальна, на свята, раз на год, і такая сітуацыя складваецца і з многімі іншымі мовамі карэнных народаў Расійскай Федэрацыі. [12]

Зноскі

  1. Азатлык Радиосы. Төркиядән кайтуга Кашаповны ФСБ кулга алган. - 28 декабрь 2014
  2. Азатлык Радиосы. "Дәүләт Рәфис Кашапов кебекләрдән курка" - 15 сентябрь 2015
  3. Азатлык Радиосы. Рәфис Кашапов: "Бәләкәй төрмәдән зур төрмәгә чыктым" - 27 декабрь 2017
  4. Тексти.org.ua. Ерзянські підпільники. У Києві активісти з Поволжя та Уралу започаткували рух за незалежність своїх республік. - 18 квітня 2018
  5. EuromaidanPress.com. Free Idel-Ural Movement takes shape in Kyiv. - 24 March 2018
  6. QHA. Представник «Ідель-Урал»: русифікаторський мовний закон в РФ — це агонія Імперії. - 1 серпня 2018
  7. Азатлык Радиосы. Рәфис Кашапов эзләүгә игълан ителгән. - 27 сентябрь 2018
  8. Свободный Идель-Урал. Программа общественного движения «Свободный Идель-Урал».
  9. Азатлык Радиосы. "Азат Идел-Урал" хәрәкәте үз сәяси програмы турында фикер алышуга чакыра. - 4 апрель 2018
  10. Азатлык Радиосы. Львовта Идел-Уралның сәяси харитасын тәкъдим иттеләр. - 24 сентябрь 2018
  11. Торпингень Блокнот #1 (en).
  12. Азатлык Радиосы. Русия халыклары хокукларын якларга чакырып өч илдә пикетлар узачак - 13 апрель 2018