Тэрсейра
Тэрсе́йра (парт.: Terceira) — востраў у цэнтральнай групе Азорскіх астравоў у Атлантычным акіяне. Плошча - 400,6 км². Насельніцтва (2011 г.) - 56 437 чал. На Тэрсейры знаходзіцца адна са сталіц Азорскіх астравоў — Ангра-ду-Эраіжму.
Тэрсейра | |
---|---|
парт. Terceira | |
![]() гара Санта-Барбара | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 400,6 км² |
Насельніцтва | 56 437 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 140,88 чал./км² |
Размяшчэнне | |
38°43′49″ пн. ш. 27°19′10″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Азорскія астравы |
Акваторыя | Атлантычны акіян |
Краіна | |
![]() |
ГеаграфіяПравіць
Востраў Тэрсейра абрысамі нагадвае авал, выцягнуты з паўночнага захаду на паўночны ўсход. На поўдні вылучаецца невялікі паўвостраў. Знаходзіцца ў 1555,55 на захад ад Лісабона, сталіцы Партугаліі. Даўжыня - 29,58 км. Найбольшая шырыня - 17,84 км.
Мае вулканічнае паходжанне. Суша сфарміравана пераважна базальтамі. Берагі месцамі стромкія. На поўдні вылучаецца шырокі старажытны вулканічны кратар, які мясцовыя жыхары называюць папросту Кальдэйра. Захад вострава ўзняты. Найвышэйшы пункт — гара Санта-Барбара (1021 м). Востраў знаходзіцца ў сейсмічна актыўнай зоне. У 1980 г. і 1981 г. адбыліся моцныя разбуральныя землятрусы.
Клімат умераны міжземнаморскі. Сярэднегадавая тэмпература +17,22 °C. Улетку сярэдняя дзённая тэмпература дасягае +22,2 °C, узімку — +13,8 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1099 мм. Найбольшая вільготнасць назіраецца ў зімовыя месяцы.
ГісторыяПравіць
Востраў Тэрсейра быў адкрыты партугальскімі маракамі ў першай палове XIV ст. і доўгі час быў вядомы як ненаселены востраў Ісуса Хрыста. У 1445 г. даследаваны спецыяльна пасланай партугальскай экспедыцыяй. У 1450 г. пачаў засяляцца фламандскімі каланістамі. Аднак як паказалі знаходкі археолагаў пачатку XXI ст. на Тэрсейры маюцца рэшткі значна больш старажытных паселішчаў з IV ст. да н. э. Знойдзены могілкі 2000-гадовай даўніны, рымскія і арабскія надпісы. У 2011 г. археолагамі даследаваны наскальныя малюнкі, што могуць адносіцца да бронзавага века.
У другой палове XV - XVI стст. Тэрсейра развівалася пераважна як земляробчая калонія. Адсюль вывозілі пшаніцу, цукар, тытунь і фарбавальнікі для тканін. Порт Ангра на поўдні вострава з’яўляўся важным транспартным цэнтрам у часы Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. У 1766 г. у Ангры было размешчана Азорскае генерал-губернатарства. У XIX ст. на востраў часцяком высылаліся непажаданыя асобы з Партугаліі. Яго наведвалі Чарлз Роберт Дарвін і Педру V. У 1829 г. каля Прая-дэ-Віторыя адбылася марская бітва паміж прыхільнікамі двух партугальскіх манархаў.
У другой палове XX ст. аэрапорт на востраве Тэрсейра ператварыўся ў важны транспартны пункт паветраных трансатлантычных пералётаў, у тым ліку для ваенных самалётаў. У 2003 г. на Тэрсейры сустракаліся Дж. Буш, Х. М. Аснар і Ж. М. Барозу для абмеркавання сітуацыі вакол Ірака.
ІнфраструктураПравіць
Востраў Тэрсейра падзелены на 2 муніцыпалітэта. Найбуйнейшы — Ангра-ду-Эраіжму. Цэнтр другога знаходзіцца ў паселішчы Прая-дэ-Віторыя на ўсходнім беразе. Тэрсейра — важны транспартны вузел Паўночнай Атлантыкі і адзін з галоўных турыстычных цэнтраў на Азорскіх астравах. У Ангра-ду-Эраіжму працуе буйны марскі порт, каля Прая-дэ-Віторыя — міжнародны аэрапорт.
Востраў Тэрсейра знакаміты ў Партугаліі сваімі бычынымі баямі.