Азорскія астравы

Азо́рскія астравы́ (парт.: Açores) — архіпелаг у Атлантычным акіяне. З’яўляецца аўтаномным рэгіёнам Партугаліі (парт.: Região Autónoma dos Açores). На Азорскіх астравах няма адзінай сталіцы. Вышэйшая заканадаўчая ўлада знаходзіцца ў горадзе Орта (востраў Фаял), вышэйшая выканаўчая ўлада — у горадзе Понта-Дэлгада (востраў Сан-Мігел), вышэйшая судовая ўлада — у горадзе Ангра-ду-Эраіжму (востраў Тэрсейра).

Азорскія астравы
парт.: Região Autónoma dos Açores
Герб Азорскіх астравоў
Сцяг Азорскіх астравоў Герб Азорскіх астравоў
Дэвіз: «Antes morrer livres que em paz sujeitos»
Дзяржаўны гімн Азорскіх астравоў
Афіцыйная мова партугальская
Сталіца Понта-Дэлгада
Ангра-ду-Эраіжму
Орта
Найбуйнейшыя гарады Понта-Дэлгада, Ангра-ду-Эраіжму, Лагоа, Рабу-дэ-Пейшэ
Форма кіравання Аўтаномная правінцыя
Прэзідэнт Васка Кардэйра
Плошча
• Усяго

2346 км²
Насельніцтва
• Ацэнка (2011)
Шчыльнасць

245746 чал.
105,87 чал./км²
Валюта еўра
Інтэрнэт-дамен .pt
Тэлефонны код +351
Часавыя паясы -1, улетку +0

Агульная плошча сушы — 2 346 км². Насельніцтва (2011 г.) — 245 746 чал.

Назва правіць

Назва астравоў, хутчэй за ўсё, паходзіць ад састарэлага партугальскага слова «azures» (літаральна «блакітныя»). Існуе больш паэтычная версія, якая сцвярджае, што сваю назву астравы атрымалі ад слова «Açor» — ястраб (Ястрабінымі астравы звалі арабы). Згодна паданню мараплаўцаў, ястрабы ляцелі да сваіх гнёздаў і паказалі шлях да астравоў. Аднак паколькі гэта птушка ніколі не існавала ў гэтым рэгіёне, навукоўцы лічаць дадзеную версію найменш верагоднай.

Геаграфія правіць

 
Тапаграфічная карта

Склад архіпелага правіць

Азорскі архіпелаг размяшчаецца ў цэнтральнай частцы Паўночнай Атлантыкі ў 1368 км ад бліжэйшага берага Еўрапейскага кантынента, у 1513 км ад Афрыкі і ў 1945 км ад Паўночнай Амерыцы. Складаецца з трох буйных груп астравоў:

Да архіпелага адносіцца таксама вялікая колькасць малых астравоў і груп, якія незаселены.

Геалогія правіць

Азорскія астравы ўзніклі ў выніку вулканічнай дзейнасці на на стыку трох буйных тэктанічных пліт — Еўрапейскай, Афрыканскай і Паўночнаамерыканскай. Цэнтральная і ўсходняя групы астравоў месцяцца на так званай Азорскай субпліце, якая з’яўляецца ўскраінай Еўрапейскай буйной тэктанічнай пліты. Заходняя група астравоў належыць да Паўночнаамерыканскай буйной тэктанічнай пліты[1]. Найбольш стары востраў Санта-Марыя сфарміраваўся каля 7 млн гадоў таму. Найбольш малады востраў Піку — каля 300 тысяч гадоў таму[2].

Усе астравы маюць базальтавыя платформы, кальдэры старых і маладых вулканаў. Так, на самым вялікім востраве Сан-Мігел налічваецца 5 вулканічных кратараў, прычым 3 з гэтых вулканаў актыўныя. На астравах усходняй і некаторых астравах цэнтральнай груп на ўзбярэжжы маюцца пясчаныя пляжы. Востраў Тэрсейра знакаміты сваімі бухтамі, прыдатнымі для стаянкі суднаў. Аднак для большасці астравоў характэрны стромкія скалістыя берагі са спадзістымі платформамі фажас[3], створанымі лававымі струменямі.

Унутраныя ландшафты астравоў звычайна гарыстыя. На Азорскіх астравах знаходзіцца найвышэйшы пункт усёй Партугаліівулкан Піку (2351 м) на аднайменным востраве. Геалагічная зона, у якую ўваходзіць архіпелаг, сейсмічна актыўныя. Назіраюцца частыя землетрасенні.

Клімат правіць

Клімат Азорскіх астравоў міжземнаморскі мяккі акіянічны, вызначаны высокай вільготнасцю паветраных мас і ўздзеяннем цёплай плыні Гальфстрым[4]. На працягу года дамінуюць паўднёва-ўсходнія і паўночна-заходнія вятры, якія могуць дасягаць 18 м у секунду і выклікаць моцнае хваляванне да 6 м каля берагоў астравоў. Аднак базальтавыя скалы звычайна добра ахоўваюць сушу ад затаплення. Выпадкаў паводак, выкліканых штармамі не зафіксавана.

Сярэднегадавая дзённая тэмпература вагаецца ад +14 °C да +22 °C[5]. Змены тэмпературнага рэжыма адлюстраваны ў наступнай табліцы:

Месяц Студзень Люты Сакавік Красавік Май Чэрвень
Сярэдняя тэмпература 14,1 °C 13,8 °C 14,2 °C 14,9 °C 16,3 °C 18,5 °C
Месяц Ліпень Жнівень Верасень Кастрычнік Лістапад Снежань
Сярэдняя тэмпература 21 °C 22,2 °C 21,3 °C 18,9 °C 16,5 °C 14,9 °C

Сярэднегадавая норма ападкаў — каля 1 099 мм. Найбольш вільготны сезон цягнецца з кастрычніка да сакавіка. Найбольш сонечны і сухі месяц — ліпень.

Прырода правіць

Флора правіць

 
Азарына — адзін з эндэмікаў Азорскіх астравоў.

Флора Азорскіх астравоў характэрная для рэгіёна Макаранезія, адна з самых багатых у Еўропе. Да прыбыцця еўрапейскіх каланістаў у XV ст. большая частка сушы была пакрыта густымі шыракалістымі лаўровымі лясамі Laurissilva, травяністымі пусткамі і хмызнякамі. У наш час рэшткі лясоў і гаі сустракаюцца амаль на ўсіх буйных астравах, але найлепш захаваліся на астравах Піку, Тэрсейра, Сан-Мігел. Звычайна яны месцяцца на вулканічных плато і схілах гор. Усяго налічваецца каля 1200 відаў дзікіх раслін[6]. Каля 60 відаў — уласна азорскія эндэмікі. 700 відаў раслін былі ўвезены чалавекам звонку выпадкова або з камерцыйнымі мэтамі[7]. Сярод эндэмікаў асабліва вядомы азорскі лаўр (Laurus azorica) і азарына (Azorina).

Фаўна правіць

Азорскія астравы ніколі не былі злучаны з кантынентамі, таму большасць наземных жывёл прадстаўлены птушкамі і казуркамі[8], у тым ліку знакамітым азорскім снягіром (Pyrrhula murina)[9]. Налічваецца ўсяго 9 відаў сысуноў, але толькі кажаны маюць мясцовае паходжанне. Астатнія (трусы, вожыкі, грызуны, тхары) былі завезены чалавекам. Радзей сустракаюцца яшчаркі, чарапахі і жабы[10]. Навакольныя акіянічныя воды насяляюць рэдкія віды акул, кітоў, дэльфінаў і іншых марскіх жывёл.

Ахова правіць

На Азорскіх астравах існуе шэраг прыродных паркаў. У 1995 годзе аўтаномія атрымала прэмію ЕС за захаванне першароднай прыроды і развіццё экалагічнага турызму.

Гісторыя правіць

 
Крэпасць Санта-Круз на востраве Фаял

Першаадкрывальнікамі Азорскіх астравоў лічацца партугальскія мараплаўцы Дыёгу ды Сілвеш і Гонкалу Велью Кабрал[11]. Дыёгу ды Сілвеш высадзіўся на Санта-Марыі і Сан-Мігеле ў 1427 г. У 1432 г. даследаванне Азорскіх астравоў працягваў Гонкалу Велью Кабрал. Заходняя група астравоў была адкрыта толькі ў 1452 г.

Ужо з XVI ст. некаторыя даследчыкі абвяргалі першынство партугальцаў у адкрыцці Азорскіх астравоў. На аснове пісьмовых запісаў, легенд і сярэдневяковых карт паказвалася, што шэраг астравоў быў вядомы яшчэ з часоў Старажытнага Рыма. Аднак дадзеныя, на якія спасылаліся даследчыкі, былі даволі спрэчнымі. У пачатку XXI ст. сітуацыя змянілася дзякуючы археалагічным раскопкам на астравах Корву і Тэрсейра. Былі выяўлены рэшткі старажытных пахаванняў, рэчаў і нават рымскае і арабскае пісьмо, што сведчылі пра наведванне астравоў чалавекам з IV ст. да н.э. У 2011 г. археолагамі на Тэрсейры даследаваны наскальныя малюнкі, што могуць адносіцца да бронзавага века[12]. У 2013 г. з’явіліся звесткі аб адкрыцці на дне акіяна паміж астравамі Тэрсейра і Сан-Мігел штучных пірамід[13]. Тым не менш, у XV ст., калі партугальцы зрабілі сваё адкрыццё, Азорскія астравы былі бязлюднымі.

Каланізацыя Азораў пачалася ў 1439 г.[14] У асноўным перасяленцы прыязджалі з паўднёвай Партугаліі, паўночнай Францыі і Фландрыі. Яны займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, вырошчвалі і вывозілі ў Еўропу пшаніцу, цукар, раслінныя фарбавальнікі. З цягам часу важную роль у эканоміцы астравоў стала адыгрываць вінаградарства і вытворчасць віна. У другой палове XVIII ст. - трэцяй чвэрці XX ст. многія астравіцяне займаліся здабычай кітоў. Дзякуючы стратэгічнаму становішчу ў Атлантыцы з перыяду Вялікіх геаграфічных адкрыццяў Азорскія астравы маюць важнае значэнне як транспартны вузел. Іх наведвалі такія славутыя даследчыкі, як Барталамеў Дыяш, Васка да Гама, Хрыстафор Калумб, Чарлз Роберт Дарвін і інш. З другой паловы XX ст. развівіццё атрымалі авіяцыйныя перавозкі.

У 1580 г., калі Партугалія была захоплена войскамі іспанскага караля Філіпа II[15], Азоры некаторы час кантраляваліся прыхільнікамі незалежнай партугальскай кароны. У 1581 г. Філіп II выслаў для заваявання астравоў флот з 10 караблёў. Спроба іспанскіх салдат высадзіцца на Тэрсейры скончылася іх паражэннем ад пасяленцаў[16]. Аднак іспанцы выйгралі марскую бітву каля Понта-Дэлгада[17]. На Азорах было размешчана некалькі іспанскіх гарнізонаў. Напады французскіх, англійскіх і асманскіх карсараў у XVIXVII стст. вымусілі мясцовыя ўлады пабудаваць для абароны астравоў шэраг крэпасцей. У 1640 г. Партугалія зноў вярнула незалежнасць. У 1641 г. іспанцы канчаткова пакінулі Азорскія астравы. У 1766 г. партугальскія манархі заснавалі асобнае Азорскае генерал-капітанства з цэнтрам у Ангры.

У гады грамадзянскай вайны ў Партугаліі ў 18281832 гг. Азорскія астравы заставаліся адзінай тэрыторыяй, якая не падпарадкавалася каралю-узурпатару Мігелю I[18]. Мясцовыя лібералы захавалі адданасць каралеве Марыі. 11 жніўня 1829 г. у бітве каля Віла-дэ-Прая на востраве Тэрсейра прыхільнікі Марыі атрымалі бліскучую перамогу над войскамі Мігеля I[19]. Азорцы ўдзельнічалі ў далейшых баях у Партугаліі. У 1836 г. Азорскія астравы былі падзелены на тры раўнапраўныя паветы з цэнтрамі ў Ангры, Орце і Понта-Дэлгада ў складзе Партугаліі.

Падчас Другой сусветнай вайны дыктатар Антоніу ды Алівейра Салазар перадаў частку тэрыторыі астравоў у арэнду ЗША для пабудовы ваенна-паветраных баз. Пасля заканчэння вайны амерыканскія базы засталіся на Санта-Марыі і Тэрсейры.

У 1976 г. Азорскія астравы набылі аўтаномію.

Кіраванне правіць

Сістэма аўтаноміі Азорскіх астравоў у складзе Партугаліі была распрацавана падчас рэвалюцыйных падзей 19741975 гг. і ўвайшла ў партугальскую прававую сістэму пад спецыяльнай назвай палітыка-аўтаномнага статуса Азораў (парт.: Estatuto Político-Administrativo dos Açores, EPARAA)[20]. Яна прадугледжвае наяўнасць асабістага канстытуцыйнага закона і дзеяння агульных азорскіх органаў улады, аднак не дае права на самавызначэнне і выхад са складу Партугаліі. Аўтаномія Азорскіх астравоў была замацавана партугальскай Канстытуцыяй 1976 г. з папраўкамі 2004 г. і 2008 г.

Сістэма аўтаномнага кіравання заснавана на падзеле ўлады на тры асноўныя галіны — заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Заканадаўчая галіна прадстаўлена мясцовым Заканадаўчым Сходам (52 дэпутаты выбіраюцца на агульных выбарах на 4 гады), які размяшчаецца ў Орце. Артыкул 226 Канстытуцыі Партугаліі замацоўвае абавязковае зацверджанне законаў, прынятых азорскім Заканадаўчым Сходам з боку партугальскага Схода Рэспублікі. Вышэйшая выканаўчая ўлада належыць Савету Міністраў, які выконвае функцыі ўрада і знаходзіцца ў Понта-Дэлгада. Савет Міністраў прызначаецца Заканадаўчым Сходам Азорскіх астравоў, яго склад зацвярджаецца ўрадам Партугаліі. Вышэйшая судовая ўлада прадстаўлена Вярхоўным Судом Азорскіх астравоў у горадзе Ангра-ду-Эраіжму.

На Азорскіх астравах дзейнічаюць агульнапартугальскія палітычныя партыі.

Эканоміка правіць

Тры асноўныя галіны эканомікі Азорскіх астравоў — сельская гаспадарка, рыбалоўства і турызм. Сельская гаспадарка прадстаўлена малочнай жывёлагадоўляй і земляробствам. Мясцовы клімат дазваляе на працягу ўсяго года вырошчваць свежую гародніну і садавіну. Востраў Сан-Мігел — адзінае месца ў ЕС, дзе існуе камерцыйная вытворчасць ананасаў. Астравіцяне таксама займаюцца вытворчасцю сыру, масла, алею, цыкорыі, віна і цукру.

З развіццём рыбалоўства і перапрацоўкі рыбы звязваюць пераважна перспектыўны рост мясцовай эканомікі[21]. Найбольш важнымі з камерцыйнага пункту гледжання відамі рыб азорскай эксклюзіўнай марской зоны з’яўляюцца тунец, вугор, селядцовыя і інш.

Прамысловасць прадстаўлена пераважна харчовай галіной, вытворчасцю малочных прадуктаў, піва, вэнджанай рыбы, цыгарэт, дробнымі будаўнічымі і мэблевымі прадпрыемствамі. Развіваецца энергетыка. Астравы забяспечаны электрычнасцю ад мясцовых дробных гідра-, ветра- і геатэрмальных станцый.

Турызм з’яўляецца найбольш імклівай галіной гаспадаркі. Наведвальнікі прыбываюць на Азоры на працягу ўсяго года. Каля паловы турыстаў — непасрэдна з Партугаліі. Астатнія — пераважна з іншых краін ЕС.

Гл. таксама правіць

Заўвагі правіць

Літаратура правіць

  • Азорскія астравы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
  • Африка: энциклопедический справочник. Т. 1. А—К / Гл. ред. А. Громыко. Ред. колл. В. М. Власов, Н. И. Гаврилов т др. — М.: Советская энциклопедия, 1986. — С. 210. — 672 с. с илл. (руск.)

Спасылкі правіць