Месцы яго знаходжання дастаткова разнастайныя і характарызуюцца высокай вільготнасцю. Найчасцей вужы трапляюцца па берагах вадаёмаў, ускрайках балот, на нізінных лугах сярод лясных масіваў, у поймавых алешніках і дубровах, на старых зарослых высечках. Вуж звычайны — дзённая жывёліна, палюе часцей за ўсё раніцай і пад вечар. Кормяцца вужы пераважна жабымі і рыбай, здыхліну не ўжываюць, палюючы выключна на жывую здабычу. У паўднёвых рэгіёнах у рацыёне вужа пераважаюць яшчаркі і мышы. Маладыя асобіны кормяцца апалонікамі, дажджавымі чарвякамі і малькамі рыб. У Беларусі корм вужа ў пераважным аб'ёме (да 96%) складаюць бясхвостыя амфібіі - звычайна бурыя ці зялёныя жабы, рыба, жарлянкі і часночніцы. Вуж распазнае здабычу выключна па яе руху. Ворагамі паўзуна з'яўляюцца драпежныя птушкі, вожык, кашачыя і таксама чалавек. Вужы часта трапляюць пад калёсы аўтамабіляў, грэючыся на сонцы на асфальтаваных дарогах.
На Беларусі да канца жніўня вужы назапашваюць тлушч, а з сярэдзіны верасня знаходзяцца ў спячцы. Зімуюць па адным або ў групамі ў норах пад пнямі, стагамі сена, падлогай хлявоў, у кучах смецця, падвалах. З зімоўкі вужы выходзяць звычайна ў красавіку. Кладка яек можа пачынацца ў канцы чэрвеня і нярэдка працягваецца ўсё лета. Самка кладзе ад 6 да 26 яек, перыяд развіцця яек ад 30 да 60 сутак. Вужаняты вядуць самастойнае жыццё, самцы дасягаюць полавай спеласці на трэці год, самкі — на чацвёрты або пяты.