Опса (аграгарадок)

аграгарадок у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі

Опса — аграгарадок (раней вёска) у складзе Опсаўскага сельсавета Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі — цэнтр сельсавета, на беразе возера Опса. За 18 км на поўдзень ад Браслава на шашы Браслаў — Паставы.

Аграгарадок
Опса
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
163 м
Насельніцтва
700 чалавек (2005)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2153
Паштовыя індэксы
211998[1]
Аўтамабільны код
2
СААТА
2208860141
Опса на карце Беларусі ±
Опса (аграгарадок) (Беларусь)
Опса (аграгарадок)
Опса (аграгарадок) (Віцебская вобласць)
Опса (аграгарадок)

Назва Опса балцкага паходжання, ад аднайменнага возера Опса, на якім паселішча паўстала.

Азёрная назва звязаная з латышскім apse «асіна», прускім abse, таксама з фанетычна трохі далейшым літоўскім apušė, epušė «асіна». Далей да індаеўрапейскага apsā «асіна»[2]. Мяркуецца, што назва Опса — моўная спадчына балцкага племя селаў, што насялялі левабярэжжа Дзвіны.

Таго ж паходжання латышскія «асінавыя» водныя назвы Apsa, Apse, Apšas[3], літоўскія Apsingė, Apsuona, Apšė, Apušė[4].

Паблізу ад «асінавай» Опсы — два «бярозавыя» азёры Бяржонка (адно ў бок Браслава каля возера Пагошча, другое ў накірунку на Шаркаўшчыну каля возера Багданаўскага), ад літоўскага beržas «бяроза».

Гісторыя

правіць

Упершыню згадваецца 7 жніўня 1500 года, калі вялікі князь Аляксандр Ягелончык перадаў двор Опсу з «волосткою Опскою» у часовае карыстанне Глазыне, аднаму са смаленскіх князёў. Опса з’яўлялася вялікакняскім уладаннем, цэнтрам воласці, падпарадкаванай браслаўскаму дзяржаўцы. Назва мае балцкае паходжанне ў сэнсавым значэнні — ўзбярэжжа. Паводле позняга падання назва звязана з магілай любімага пса мясцовага пана.

У канцы XVI стагоддзя Опса — цэнтр нягродавага староства. Старостамі-дзяржаўцамі былі А. Марштын, Ю. Осцік, Я. Розен, Т. Дусяцкі-Рудаміна, Зяновіч, Цеханавецкія. У 1676 годзе будуецца драўляны касцёл (філіяльны браслаўскай парафіі). Адзін з опсаўскіх старостаў — Ян Цеханавецкі, які жыў у XVIII стагоддзі, ажаніўся з мясцовай прыгажуняй Ядвігай, дачкой Юзафа Струцінскага. Неўзабаве паміж Цеханавецкімі і Струцінскімі адбыўся канфлікт, які стаў шырока вядомы ў Рэчы Паспалітай. У 1764 годзе Ян Цеханавецкі быў забіты ў Опсе. Яго жонка пэўны час была каханкай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Па просьбе караля з ёй ажаніўся граф Мікалай Мануцы, які стаў уладальнікам Опсаўскага староства. Паводле інвентара 1779 года ў склад староства ўваходзілі Угорскае, Купчэльскае, Петкунішскае, Далёкаўскае і Заборніцкае войтаўствы. Налічваліся 357 дымоў, 62 валокі аседлых, 775 коней, 131 вол. Гадавы даход складаў 43641 злоты. «Мястэчка Опса на Слабадзе» мела 9 дымоў, 1,7 валокі зямлі, 2 валы, 18 коней. Названы прозвішчы гаспадароў: Мілінта, Ясюлевіч, Белюн, Кульпа і інш. Побач з мястэчкам знаходзіліся панскі двор, касцёл, карчма, вадзяны млын. У 1790 годзе ў мястэчку 19 дымоў, 120—130 жыхароў.

У маі 1794 года каля мястэчка адбылася сутычка паміж паўстанцамі і расійскімі часцямі. З боку паўстанцаў у баі ўдзельнічала каля 300 чалавек, яны пацярпелі паражэнне, 57 чалавек былі забіты, 60 трапілі ў палон. З канца XVIII стагоддзя існавала самастойная каталіцкая парафія (62 паселішчы), мелася парафіяльная школа (1781 год — 21 вучань, у тым ліку 6 шляхціцаў, 10 мяшчан, 5 сялян, 1782 год — 22 вучні, у тым ліку 2 шляхціцы, 4 мяшчан, 16 сялян). У вайну 1812 года, 6 ліпеня ў Опсе знаходзілася галоўная кватэра Барклая дэ Толі, 11 ліпеня — галоўная кватэра I. Мюрата. 3 1829 года Опса — уладанне Плятэраў. У 1829 годзе адбыўся вялікі пажар, які знішчыў палову мястэчка. У сярэдзіне XIX стагоддзя Опса — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага павета, 11 дамоў, 163 жыхары (1859), касцёл, млын-вятрак. У склад воласці ўваходзіла 71 вёска, налічвалася 2378 сялян. У 1866 годзе заснавана сельскае вучылішча, якое валодала 1205 сажнямі зямлі. У пачатку XX стагоддзя 415 жыхароў, у маёнтку — 55 жыхароў, народнае вучылішча, касцёл, пазыкова-ашчаднае таварыства. У 1909 годзе — 467 жыхароў. У 1903 годзе пабудаваны мураваны палац Плятэраў.

У Першую сусветную вайну ў мястэчку размяшчаліся шматлікія тылавыя ўстановы, штабы расійскай арміі, у маёнтку — шпіталь. Праз мястэчка прайшла ваенная вузкакалейка Друя — Браслаў — Опса — лінія фронту. У 1918—1919 гадах дзейнічаў валасны рэўкам. З 1921 года ў Польскай Рэспубліцы, мястэчка, цэнтр гміны, 153 дамы, 907 жыхароў, касцёл, сінагога, школа агульнаадукацыйная, школа сельскагаспадарчая, пошта, крамы, чыгуначная станцыя. У 1929 годзк адбыўся моцны пажар, пацярпела значная частка мястэчка. У Вялікую Айчынную вайну ў Опсе размяшчаліся паліцэйскі і нямецкі гарнізоны. 22 красавіка 1944 года гарнізоны разгромлены партызанамі брыгады «Спартак». 2 ліпеня 1944 года Опса вызвалена партызанамі брыгады імя Жукава. У гады акупацыі яўрэйскае насельніцтва мястэчка знішчана ў Браслаўскім гета.

У 1995 годзе — 246 дамоў, 605 жыхароў. Цэнтр сельсавета, сядзіба калгаса імя Заслонава.

Існуе шэраг легенд і паданняў, звязаных з маёнткам і паркам, касцёлам.

Гаспадарка

правіць

Маюцца школа, школа-інтэрнат, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, сталовая, магазіны, бальніца, аддзяленне сувязі, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання.

Вядомыя асобы

правіць

Славутасці

правіць

Страчаная спадчына

правіць
  • самы стары дуб Браслаўшчыны

Крыніцы

правіць
  1. http://zip.belpost.by/zip_code/211998
  2. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 55.
  3. В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. Москва, 1975. С. 51-52.
  4. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 45.

Літаратура

правіць
  • Опса // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К. В. Велічковіч і інш. — Мн., 1998. — С. 683—684.
  • Бальшакоў І. Опса : мінулае і сучаснае / І. Бальшакоў // Браслаўская звязда. — 1973. — 27 снежн.
  • Мушыкля Т. Вёсцы Опса — 500 гадоў / Т. Мушыкля // Браслаўская звязда. — 2000. — 7 кастр.

Спасылкі

правіць