Літоўская ўніяцкая епархія

(Пасля перасылкі з Віленская уніяцкая епархія)

Літоўская ўніяцкая епархія — уніяцкая епархія, якая існавала ў 18091839 гг., да 1828 года вядома таксама пад назвамі Віленская, Літоўска-Віленская. Створана загадам імператара Аляксандра І з паўночнай і ўсходняй частак Брэсцкай епархіі; уключала Віленскую і Курляндскую губерні, Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Дзісенскі, Мінскі паветы Мінскай губерні. У 1828 да яе далучаны ўсе парафіі Брэсцкай і частка Луцкай епархіі. Адначасова Беларускай епархіі (цэнтр-г. Полацк) перададзены тэрыторыі Курляндскай губерні, Бабруйскі, Барысаўскі, Дзісенскі, Ігуменскі паветы Мінскай губерні. У 1828 тэрыторыя літоўскай уніяцкай епархіі складалася з Віленскай і Гродзенскай губерні, Беластоцкай вобласці, Вілейскага, Мінскага, Пінскага, Слуцкага паветаў Мінскай губерні, Дубенскага, Ковельскага, Крамянецкага, Луцкага, Ровенскага, паветаў Валынскай губерні. Цэнтр епархіі — г. Вільня, з 1828 мястэчка Жыровічы (цяпер Слонімскі раён). У 1811 налічвала 295 цэркваў, 333 святары і 308852 прыхаджан. Пасля тэрытарыяльных змен (1828) колькасць прыходаў павялічылася да 779, святароў — да 735. Працавала Літоўская духоўная семінарыя ў Жыровічах. Скасавана ў сувязі з ліквідацыяй уніяцкай царквы Полацкім царкоўным саборам 1839, на яе тэрыторыі ўтворана Літоўская праваслаўная епархія. Пры стварэнні Літоўскай уніяцкай епархіі яе намінальным кіраўніком лічыўся Іраклій Лісоўскі, хоць фактычна ёю кіраваў да 1831 віленскі і літоўскі суфраган Адрыян Галаўня. У 18321839 епархію ўзначальваў самастойны літоўскі епіскап Іосіф Сямашка.

Літаратура правіць

  • Сяргей Казуля. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл.