Віцебскі царкоўна-археалагічны музей

Віцебскі царкоўна-археалагічны музей — колішні музей у Віцебску.

Віцебскі царкоўна-археалагічны музей
Адкрыты 2 верасня 1893
Дата закрыцця 1919
Месцазнаходжанне Віцебск

Царкоўна-археалагічныя музеі пачалі з’яўляцца на Беларусі ў 18901910-х г. Утвараліся яны як епархіяльныя музеі духоўнага ведамства праваслаўнага веравызнання з мэтай збірання і захавання прадметаў мясцовай рэлігійнай даўніны. Такія музеі раней ці пазней былі створаны ва ўсіх епархіяльных гарадах тагачаснага Паўночна-Заходняга края: Віцебску, Магілёве, Гродне, Мінску і Вільні. Першае старажытнасховішча было адчынена ў Віцебску.

Гісторыя правіць

З ініцыятывай стварэння царкоўна-археалагічнага музея ў Віцебску выступіў інспектар народных вучылішчаў Еўдакім Раманаў. У чэрвені 1892 г. ён накіраваў архіепіскапу Полацкаму і Віцебскаму Антаніну  (руск.) спецыяльную запіску, у якой выказаў думку наконт неабходнасці збірання па цэрквах епархіі помнікаў царкоўнай даўніны, якія ўжо не ўжываліся пад час набажэнстваў, аднак уяўлялі «не толькі мясцовы, але і агульны царкоўна-археалагічны інтарэс». На ўвазе мелася старажытнае царкоўнае адзенне, начынне, абразы, старадрукі і рукапісныя кнігі, званы, старадаўнія планы ўжо не існуючых храмаў — усё тое, што, на думку Раманава, заслугоўвала «руплівага захавання ад знішчэння часам і нявопытнасцю асобаў, бліжэйшаму назіранню якіх яны былі давераны»[1].

Запіска Раманава была ўхвалена архіепіскапам, які на чарговым сходзе Віцебскага Свята-Уладзімірскага брацтва прапанаваў размясціць новы музей у адным з пустых пакояў архірэйскага дома пры Мікалаеўскім кафедральным саборы (колішнім езуіцкім касцёле ў Святога Іосіфа).

Адкрыццё Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея адбылося 2 верасня 1893 г. Да гэтага часу быў скончаны рамонт аднаго з пакояў архірэйскага дома. Загад жа Сінода з дазволам на адкрыццё Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея і зацвярджэнне ягонага статута выйшаў толькі 27 кастрычніка 1895 г.[2].

Росквіт Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея прыпаў на першае дзесяцігоддзе ягонага існавання. У гэты час ён асабліва актыўна папаўняўся новымі матэрыяламі, што паступалі ад дабрадзеяў з розных акругаў епархіі. Аднак першыя экспанаты для музея былі сабраны падчас наведвання віцебскіх храмаў: Дабравешчанскай, Ільінскай, Петрапаўлаўскай і цэркваў Маркава манастыра. У кастрычніку 1893 года епіскап Полацкі і Віцебскі звярнуўся да настаяцеляў усіх цэркваў Віцебска з прадпісаннем «Аб перадачы прадметаў, што не ўжываюцца пад час набажэнстваў і маюць царкоўна-археалагічную каштоўнасць, у Віцебскі царкоўна-археалагічны музей»[3].

У 1898 г. супрацоўнікамі музея былі агледжаны 17 цэркваў Лепельскага павета, чатыры царквы і тры капліцы ў Гарадоцкім павеце Віцебскай губерні. Сумесна гэтыя краязнаўцы даследавалі тры храмы ў Віцебску, а таксама зрабілі апісанне Свята-Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Бешанковічы. Вынікі апошняй працы былі надрукаваны спачатку ў «Полацкіх Епархіяльных ведамасцях», а пазней — у выглядзе асобнай брашуры[4].

Збор Віцебскага музея ў 1905 г. налічваў 1247 экспанатаў[5], пасля чаго папаўненне музея новымі прадметамі істотна замарудзілася.

У 1916 г. музей пераназваны ў Віцебскае царкоўна-археалагічнае таварыства. У 1917 г. музей разрабаваны. Царкоўна-археалагічны музей у Віцебску існаваў да 1919 г., пасля чаго ягоныя зборы былі перададзены Віцебскаму губернскаму музею.

Збор правіць

У музеі канцэнтраваліся рэчы пераважна рэлігійнага ўжытку. Сярод нецаркоўных прадметаў можна адзначыць невялікую калекцыю манет, медалёў, фотаздымкаў, некалькі дзесяткаў драўляных формаў для вырабу крашаніны. У сувязі з тым, што гістарычна-рэлігійнае жыццё края не было аднародным, то збіраліся прадметы, якія належалі прадстаўнікам розных хрысціянскіх канфесій. У музеі апроч праваслаўных захоўваліся стараверскія рэчы, такія, як складні, васьміканцовыя крыжы, «абразы стараверскія, апакрыфічнага пісьма», святцы, «рукапісны зборнік твораў хадзячай стараверскай літаратуры» і г.д. Былі тут і «абразы каталіцкага тыпу», антымінсы, манстранцыі, крыжы з распяццямі, больш за чатыры дзесяткі драўляных разьбяных выяваў — статуй Хрыста, Маці Божай, анёлаў, святых і г.д. Найбольшую колькасць складалі культавыя прадметы уніяцкага веравызнання, бо асноўнае папаўненне музея ішло праз ахвяраванне святарамі культавых рэчаў, якія ўжо не ўжываліся пад час набажэнстваў і вялі сваё паходжанне з XVII або XVIII ст., больш раннія рэчы ў цэрквах захоўваліся вельмі рэдка з прычыны частага разрабавання. У збор музея трапіла шмат уніяцкіх абразоў, святарскага адзення — рызы, фелоні, мітры ўніяцкага архіепіскапа Антонія Сялявы, уніяцкага царкоўнага начыння — чашы, мірніцы, паціры, келіхі, падсвечнікі, харугвы, антымінсы, уніяцкіх богаслужбовых кніг, партрэтаў іерархаў уніяцкай царквы. У музей быў поўнасцю перавезены іканастас з уніяцкай Свята-Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Бешанковічы, драўляныя царскія вароты з царквы Святога Юр’я ў Віцебску, 18 абразоў з царквы ў вёсцы Латыгава, напісаныя ў XVIII ст. мясцовым майстрам, частка з якіх захавалася да нашага часу[6][7][8].

Меўся таксама цэлы комплекс прадметаў, звязаных з асобай Іасафата Кунцэвіча. Тут захоўваліся «абраз Іасафата Кунцэвіча, маляваны алейнымі фарбамі на палатне», драўляная скульптура святога, пацір з рэльефнай выявай Кунцэвіча ў архірэйскім адзенні, друкаваная кірыліцай у Супраслі ў XVIII ст. «Месяца септембрия в 16 день служба Святому Священномученику Иосафату»[9].

Сярод экспанатаў музея можна было знайсці сапраўдныя рарытэты беларускай культуры: Евангелле Напрастольнае, выдадзенае ў Вільні ў 1575 г.; Евангеллі, выдадзеныя ў Куцейне ў 1651 і 1654 г.; кнігу «Апостал», надрукаваную Спірыдонам Собалем у 1638 г. у Магілёве; рукапісны «зборнік прыпеваў і кантаў у гонар Хрыста, Богамаці, некаторых святых і анёлаў на беларускай і польскай мовах (усяго 40 п’ес)»; батлейку (або жлоб) з ваколіц Веліжа; рукапісную «Кнігу прывілеяў горада Віцебска»; рукапіснае Евангелле Віцебскай Петрапаўлаўскай царквы 1671 г. і шмат іншых рэчаў[10].

Зноскі

  1. Записки Северо-Западного отдела Императорского Русского географического общества. Кн.1. Вильно, 1910. С.222.
  2. Записки Северо-Западного отдела… С.222—224.
  3. НГАБ, ф.2502, воп.1, спр.797, арк.7.
  4. Никифоровский Н. Я. Никольская церковь в Задвинской слободе м. Бешенковичи Лепельского уезда. Витебск, 1899. Отд. отт. Из «Полоцких Епархиальных Ведомостей». 1899. № 3—5.
  5. Записки Северо-Западного отдела… С.222—224.
  6. ВАКМ, н/а, ф.7, спр.1. Арк.64—75.
  7. Пра латыгаўскія абразы гл.: Пуцко В. Абразы з вёскі Латыгава: архаічныя тэндэнцыі ў беларускім іканапісе XVIII ст. // Віцебскі сшытак. 1996. № 2. С.72—75;
  8. Вакар Л. Барочная экспрэсія народнага абраза (стылістычны аналіз абразоў з вёскі Латыгава) // Віцебскі сшытак. 1996. № 2. С.83—86.
  9. ВАКМ, н/а, ф.7, спр.1, арк.42—75.
  10. ВАКМ, н/а, ф.7, спр. 1, арк.39—78.

Літаратура правіць

  • Описание предметов древности, поступивших в Витебское епархиальное церковно-археологическое древлехранилище по ноябрь 1897 года / составили члены комитета по заведыванию Витебским церковно-археологическим древлехранилищем Дм. Ив. Довгялло и Н. Я. Никифоровский. — Витебск, 1899.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.
  • Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.