Вера Ігнатаўна Маслоўская

грамадска-палітычны і культурны дзеяч, паэтка
(Пасля перасылкі з В. Маслоўская)

Вера Ігнатаўна Маслоўская (дзявоч. Матэйчук, у другім шлюбе Карчэўская, псеўд. Мурашка, Вера Мурашка, Беларуская Мурашка; 24 сакавіка 1896, Агароднічкі, цяпер Падляскае ваяводства, Польшча23 студзеня 1981) — беларуская грамадска-палітычная і культурная дзяячка, адна з пачынальнікаў беларускага школьніцтва на Беласточчыне, паэтэса.[1]

Вера Ігнатаўна Маслоўская
Вера Маслоўская падчас «працэсу 45-ці».
Вера Маслоўская падчас «працэсу 45-ці».
Імя пры нараджэнні Вера Ігнатаўна Матэйчук
Род дзейнасці паэтка, настаўніца, палітычны актывіст, пісьменніца
Дата нараджэння 12 (24) сакавіка 1896
Месца нараджэння
Дата смерці 23 студзеня 1981(1981-01-23) (84 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Альма-матар
Партыя

Біяграфія

правіць
 
Вера Маслоўская сярод чальцоў фракцыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў на Першай Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе (1921).

Вера Матэйчук нарадзілася ў сялянскай сям'і. Атрымала пачатковую адукацыю ў Агароднічках і Супраслеўскай школе для дзяўчат, затым працавала на тэкстыльнай фабрыцы. Вызначылася як арганізатар забастоўкі работнікаў, за што была звольнена з працы. Матэрыяльнае становішча не дазваляла на далейшую нармальную вучобу, Вера вучылася дома і ў 1914 здала экстэрнам выпускныя экзамены ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі. Але, калі дыплом настаўніцы быў ужо на руках, выбухла вайна. У канцы 1915 нямецкія акупацыйныя ўлады пастанавілі, што школьныя заняткі павінны адбывацца на роднай мове насельніцтва. Так паўстала магчымасць арганізацыі беларускіх школ. У 1917 Вера зноў у Свіслачы, на чатырохмесячных педагагічных курсах, якія працавалі пры новаарганізаванай беларускай настаўніцкай семінарыі. Закончыўшы іх, накіроўваецца ў вёску Грабавец Арлянскай гміны (цяпер Дубіцкая гміна, Гайнаўскі павет, Польшча), дзе арганізуе беларускую народную школу, якой кіруе на працягу двух гадоў. У жніўні 1919 павышае свай кваліфікацыі на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні, дзе ўключаецца ў рэвалюцыйны рух. На працягу 1919/20 школьнага года настаўнічала на Міншчыне (в. Карма Ігуменскага павета), была школьным інструктарам на Барысаўскі і Дзісенскі паветы. Адна з заснавальніц і старшыня Цэнтральнага саюза беларусак, створанага вясной 1920 ў Мінску. Прымкнула да БПС-Р, пад уплывам П. Бадуновай напісала свой першы верш «Ідзі!», надрукаваны 27 чэрвеня 1920 ў мінскай газеце «Беларусь».

12 лютага 1920 Вера выйшла замуж за Уладзіслава Маслоўскага, капітана польскай арміі, які неўзабаве загінуў на фронце. У канцы 1920 Вера Маслоўская вяртаецца ў родныя Агароднічкі з заданнем стварыць на тэрыторыі Беластоцкага, Бельскага, Сакольскага паветаў падпольную паўстанчую арганізацыю. Кіраваў ёю ўрад Ластоўскага, які ў той час знаходзіўся ў Каўнасе. Пад канец 1921 паўстанчая арганізацыя мела ўжо свае ячэйкі ва ўсіх паветах Беласточчыны і Гродзеншчыны, а ў раёне Белавежскай пушчы — партызанскае злучэнне на чале з Германам Шыманюком (пс. «Скамарох»). У верасні 1921 г. ў Празе адбывалася Першая Усебеларуская канферэнцыя, у якой Вера Маслоўская ўдзельнічала як дэлегат ад Беласточчыны і Гродзеншчыны (ехала ў Прагу з пашпартам БНР праз Літву, Балтыйскае мора і Германію). У Празе яна выступіла як аўтар рэзалюцыі аб змаганні за ўз'яднанне ўсіх беларускіх земляў. Пасля вяртання Маслоўскай на радзіму яе поле дзейнасці хутка пачало звужацца, у снежні 1921 ў падпольную арганізацыю пранік правакатар, у сакавіку 1923 г. 43 падпольшчыкі з Маслоўскай на чале апынуліся за кратамі беластоцкай турмы. Ад 14 да 22 мая 1923, адбываўся ў Беластоцкім акруговым судзе «Працэс 45-ці». Цэнтральнай яго фігурай была Вера Маслоўская, якую абвінавачвалі ў тым, што яна арганізавала і кіравала падпольнай арганізацыяй, удзельнічала ў пражскай канферэнцыі, супрацоўнічала з беларускім штабам у Мерачы (Літва). Маслоўская прызнала, што прымала самы актыўны ўдзел у арганізацыі, каб злучыць у адно цэлае ўсе часткі падзеленай Беларусі, аднак у гэтым віноўнай сябе не лічыць. Вера Маслоўская была прыгаворана да шасцігадовага турэмнага зняволення. Пакаранне адбывала ў Беластоку і Варшаве. Вялікую маральную падтрымку зняволенай і яе таварышам аказвала беларуская грамадскасць, у прыватнасці, актыў створанай летам 1922 Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА), Леапольд Родзевіч прысвяціў Маслоўскай верш «Начны светагляд». Дасылала Маслоўская на волю свае лісты і вершы. Сярод іх верш, прысвечаны органу БРА, «Вольны Сцяг», які быў надрукаваны ў гэтай жа газеце 16 верасня 1923. Вершы Маслоўскай у той час друкаваліся таксама ў рускай газеце «Рассвет», якая выдавалася ў Амерыцы.

Дзякуючы старанням прадстаўніка савецкага Чырвонага крыжа ў Польшчы Стэфаніі Семпалоўскай Вера вызваляецца з турмы датэрмінова (чэрвень 1927). 21 лістапада 1927 выйшла замуж за Уладзіміра Карчэўскага. Як былы палітвязень доўгі час застаецца беспрацоўнай. Спачатку сям'я жыла ў Гайнаўцы, а потым у Альпені на Палессі і ў Кодані над Бугам, дзе Вера была арганізатарам мастацкай самадзейнасці (у Альпені ставілі, між іншым, Купалаву «Паўлінку», ролю якой выконвала Вера). Да настаўніцкай працы Вера з мужам вяртаюцца толькі пры савецкай уладзе. З восені 1939 працавалі ў Калантаях Ваўкавыскага павета, а летам 1940 вяртаюцца ў Агароднічкі. Тут арганізуюць беларускую няпоўную сярэднюю школу. У гэтай школе працавалі таксама ў часе нямецкай акупацыі (да Калядаў 1941), а пазней, калі яўнае навучанне было забаронена, вучылі дзяцей таемна. Восенню 1943 зноў адкрываецца беларуская школа ў Агароднічках, у якой надалей працуюць Карчэўскія.

У Агароднічках працавала Вера і пасля вайны, выкладаючы родную мову. Аднак у выніку тэрарыстычных дзеянняў падполля была вымушана спыніць настаўніцкую працу ў Агароднічках і ў чэрвені 1946 выехала ў Жагань на Сілезіі. Тут арганізавала дзіцячы сад, якім кіравала пяць гадоў. У палове 1951 вярнулася ў Супрасль, дзе загадвала гарадской бібліятэкай, працавала ў Лізе жанчын, была выбрана раднай у беластоцкую Павятовую раду. З верасня 1958 на пенсіі. Памерла ў Супраслі, пахаваная на мясцовых могілках.

Творчасць

правіць

Вера Маслоўская стварыла няшмат вершаў, якія час ад часу з'яўляліся ў заходнебеларускім друку міжваеннай пары (1921 — 1939 гг.) пад літаратурнымі псеўданімамі Вера Мурашка, В. Мурашка, Беларуская Мурашка.

Юры Туронак у невялічкім нарысе «Забытая ліра Веры Мурашкі» дае станоўчую ацэнку яе паэтычнай творчасці.

Паэтычная творчасць Веры Мурашкі вырасла на глебе нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў пачатку дваццатых гадоў, удзельнікамі якой былі заходнебеларускія сяляне, рамеснікі і сельская інтэлігенцыя розных палітычных поглядаў і напрамкаў. Старонкі гераічнага народнага змагання, у якім актыўны ўдзел прымае сама паэтэса, былі вядучым матывам ранняга перыяду яе творчасці. ...вершы гэтага часу з'яўляюцца не толькі своеасаблівай дакументацыяй настрояў і імкненняў руху, але і важным інструментам яго прапаганды. На гэта паказвае іх высокая грамадзянская заангажаванасць, імкненне ўздзеяння на чытача, іх агітацыйная накіраванасць, што нярэдка перавышае мастацкія сродкі і формы вершаскладання.
Гэтым мэтам служаць вершы «Мужык», у якім акрамя гаротнай долі селяніна моцна акцэнтуецца ўсведамленне яго чалавечай годнасці, а таксама «Ідзі!» — з ярка выражаным заклікам да працы і барацьбы за лепшую долю. Верш «Бацькаўшчыне» ўгрунтаваны на матывах узброенага змагання партызанскага злучэння, якое дзейнічала ў Белавежскай пушчы пад камандаваннем «Скамароха», а вершам «Беларускім партызанам» паэтэса адгукнулася на расправы палявых судоў над удзельнікамі падполля.
Цяжка перажывала маладая паэтэса гады зняволення, пакутлівая атмасфера якіх знайшла адлюстраванне ў значнай колькасці вершаў, напісаных у 1923-27 г. за кратамі варшаўскага «Павяка»[2] і беластоцкай турмы («Думкі», «За кратамі», «Птушка», «Вясна за кратамі» і інш.). Яны складаюць выразна акрэслены тэматычны цыкл яе творчасці, у якім пластычнае адлюстраванне панурых турэмных будняў і пякучай тугі па свабодзе і радзімай старонцы («Там, дзе Супрасль, Белавежа, думкі там ляцяць…») не пераходзіць у безнадзейнасць і роспач, а чаргуецца з моцнымі акцэнтамі веры.
Аптымістычная візія жыцця шырока праяўляецца таксама ў яе лірыцы кахання ці апісаннях прыроды («Успамін», «Дзе, сонейка, ты», «Прамень», «У гаі»). Гэтая тэндэнцыя наглядаецца і ў своеасаблівым запаветным вершы «Хацела б я» — з ярка выражаным гуманістычным асэнсаваннем маралі і суадносін паміж людзьмі
. (бел. (тар.))

Зноскі

  1. Радыё Рацыя. 125 гадоў з дня нараджэння Веры Маслоўскай(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2021. Праверана 28 сакавіка 2021.
  2. «Павяк» — турма ў Варшаве, збудаваная царскімі ўладамі ў 1829 — 1835 г. На сённяшні дзень не існуе.

Літаратура

правіць