Гатэль Дрэйцара — комплекс з двух будынкаў у Мінску, размешчаных па адрасе вул. Камсамольская, 13-15.

Славутасць
Гатэль Дрэйцара
Агульны выгляд на комплекс будынкаў з боку вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Агульны выгляд на комплекс будынкаў з боку вуліцы Інтэрнацыянальнай.
53°54′08″ пн. ш. 27°33′11″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Дата пабудовы XX стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

У XIX стагоддзі на месцы сучасных дамоў № 13—15 існавалі два прыватныя пляцы, на якіх сфарміраваўся комплекс драўляных і мураваных пабудоў. Яны моцна пацярпелі падчас вялікага пажару 1881 года.

Адразу пасля пажару ўладальнік паўднёва-ўсходняга пляца мінскі мешчанін Окунь звярнуўся з праектам у Мінскую гарадскую ўправу на аднаўленне мураванага двухпавярховага дома, які галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Багадзельную. Гэта быў прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай. У цэнтры знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных і лучковых аконных праёмаў, аздобленых прафіляванымі ліштвамі.

На суседнім пляцы, які належаў мінскаму мешчаніну Дрэйцару, існуючая драўляная забудова ў выніку пажару была цалкам страчана. Уладальнік вырашыў на старых падмурках пабудаваць два аднапавярховыя мураваныя дамы, якія пасля неаднаразова перабудоўваліся.

На мяжы XIX — пачатку XX стагоддзяў гэтыя будынкі былі аб’яднаны паводле адзінага праекта і атрымалі другі паверх. Адначасова на тэрыторыі пляца сфарміраваўся комплекс мураваных жылых і гаспадарчых пабудоў. У пачатку XX стагоддзя Дрэйцар набыў суседні пляц разам з забудовай. У гэты час над усімі будынкамі, якія выходзілі на Багадзельную вуліцу, быў надбудаваны трэці паверх, а галоўны фасад фактычна новага будынка атрымаў адзінае архітэктурнае рашэнне ў стылі мадэрн.

 
Накрыс праекта фасада будынка Драйцэра. Левае крыло. Пачатак ХХ стагоддзя

Ён быў багата аздоблены ляпным дэкорам. На другім і трэцім паверхах знаходзіліся балконы, упрыгожаныя дэкаратыўнымі металічнымі кратамі. Цэнтральная частка была вылучана вялікім франтонам складанай канфігурацыі. Захаваліся праязныя аркі, які будынак меў да рэканструкцыі. Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку памяшканняў займала гасцініца Дрэйцара, якая мела 40 нумароў, а ў астатніх размяшчаліся жылыя кватэры. На першым паверсе было некалькі крам і лавак, у тым ліку ювелірная і бакалейная лаўкі.

Пасля 1920 года былая гасцініца Дрэйцара нацыяналізавана, большасць памяшканняў была перароблена пад камунальныя кватэры.

У гады Другой сусветнай вайны комплекс будынкаў былой гасцініцы не пацярпеў. У выніку пасляваенных рамонтаў і рэканструкцый была цалкам зменена ўнутраная планіроўка будынкаў і часткова страчаны архітэктурны дэкор фасадаў.

У другой палове XX стагоддзя большая частка памяшканняў будынкаў выкарыстоўвалася пад розныя ўстановы.

Архітэктура правіць

 
Дом № 13 пасля рэстаўрацыі фасадаў
 
Правае крыло дома №13 да рэстаўрацыі

Дом № 13 уяўляе сабой трохпавярховы з паўпадвалам прамавугольны ў плане будынак пакрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад строга сіметрычны. Яго цэнтральная частка завершана плоскім трохвугольным франтонам. Пад карнізам даха праходзіць фрыз з геаметрычным арнаментам. Плоскасць сцяны (за выключэннем 1-га паверха) прарэзана лучковымі вокнамі ў ліштвах, якія аб’яднаны нішамі. Балконы маюць ажурную агароджу (чыгуннае ліццё). У будынку размяшчаліся дзяржаўныя ўстановы. Помнік архітэктуры эклектызму з элементамі класіцызму[1].

 
Дом №15

Дом № 15 уяўляе сабой двухпавярховы, амаль квадратны ў плане цагляны будынак, з мансардай. Паверхі падзелены карнізным поясам. Прамавугольныя вокны на 2-м паверсе дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. Двухсхільны дах утварае ў тарцовай частцы трохвугольны франтон з прамавугольным аконным праёмам і паўкруглай люкарнай. На 2-і паверх і мансарду вядзе вонкавая двухмаршавая лесвіца. Выкарыстоўваўся як жылы. Помнік архітэктуры эклектызму з выкарыстаннем элементаў стыляў класіцызму і ампір[1].

Зноскі

  1. а б 92.  // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць