Геранім Лявон Радзівіл
Герані́м Ляво́н Даміні́к Радзіві́л (10 сакавіка 1808, Варшава — 8 студзеня 1885, Парыж) — ваенны дзеяч Расійскай імперыі з роду Радзівілаў, генерал ад кавалерыі, адзінаццаты клецкі ардынат.
Геранім Лявон Радзівіл | |
![]() | |
Дата нараджэння | 10 сакавіка 1808 |
---|---|
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 студзеня 1885 (76 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Бацька | Людвік Мікалай Радзівіл[d] |
Маці | Марыяна Вадзінская[d] |
Жонка: | Соф'я Аляксандраўна Урусава[d] |
Прыналежнасць | |
Род войскаў | кавалерыя |
Званне | Генерал ад кавалерыі |
Бітвы/войны | Паўстанне 1830—1831 гадоў, Задушэнне Вянгерскага паўстання, Крымская вайна |
Узнагароды і прэміі |
БіяграфіяПравіць
Нарадзіўся 10 сакавіка 1808 года ў Варшаве ў сям’і Людвіка Мікалая Радзівіла герба Трубы (1773—1830) і яго жонкі Мар’яны Вадзінскай (1778—1823). З’яўляўся ўнукам Міхала Гераніма Радзівіла, пляменнікам князя Антонія Генрыка Радзівіла, намесніка Вялікага княства Познанскага і Міхала Гедэона Радзівіла, аднаго з галоўных кіраўнікоў паўстання 1830—1831 гадоў.
Геранім Лявон Радзівіл атрымаў хатнюю адукацыю: яго выхоўваў французскі эмігрант-манархіст Жан дэ Нэў. Пачаў ваенную службу 7 мая 1825 года, калі цэсарэвіч Канстанцін Раманаў адправіў яго юнкерам у Гродзенскі гусарскі лейб-гвардыі полк, дзе 25 чэрвеня 1826 года Радзівіл даслужыўся да звання карнета.
Удзельнічаў у задушэнні паўстання 1830—1831 гадоў, у тым ліку ў баях каля Астраленкі, штурме Варшавы, у ліквідацыі партызанскіх атрадаў, створаных на тэрыторыі Беларусі. За дасягненні ў бітвах у 1831 годзе быў ганараваны званнем паручніка. Асабліва вызначыўся ў бітве пры Грохаве, неаднаразова атакаваўшы кавалерыю Юзафа Хлапіцкага з эскадронам гусар. Таксама адзначыўся пры штурме Варшавы, за што атрымаў Ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені[1].
Пасля смерці дзеда ў 1831 годзе афіцыйна стаў уладальнікам Клецкай ардынацыі. Пры дапамозе Міхаіла Мураўёва вярнуў сабе былыя радзівілаўскія маёнткі, якія праз заклад перайшлі да мясцовай шляхты[2]. У тым жа годзе, знаходзячыся ў сваім маёнтку ў Мінскай губерні, ён выявіў атрады разбойнікаў, якіх яму ўдалося знішчыць уласнымі сіламі.
25 чэрвеня 1832 года Геранім Радзівіл быў прызначаны флігель-ад’ютантам, а 6 снежня наступнага года атрымаў званне штабс-ротмістра і быў накіраваны ў Маскву, дзе служыў пры Мікалаі I. Карыстаўся асаблівым даверам расійскіх імператараў, часта суправаджаў іх у падарожжах і выконваў дыпламатычныя даручэнні. У 1838 годзе Геранім Радзівіл суправаджаў Мікалая I за мяжой і ў Варшаве атрымаў даручэнне разбіраць просьбы, пададзеныя на ягонае імя. У 1841—1842 гадах зноў знаходзіўся пры імператары падчас яго паездак па Расіі, а ў 1843 годзе ездзіў у Берлін па дыпламатычных пытаннях[3].
У 1844 годзе князь Радзівіл быў камандзіраваны ў Гесэн-Касель, дзе ад імя Мікалая I прысутнічаў на шлюбе эрцгерцага Фрыдрыха Гесэнскага з князёўнай Аляксандрай Мікалаеўнай, а ў маі таго ж года камандзіраваўся ў Лондан з дыпламатычным даручэннем і за паспяховае яго выкананне быў узведзены ў палкоўнікі.
Падчас задушэння Венгерскай рэвалюцыі ў 1849 годзе знаходзіўся пры галоўнакамандуючым расійскай арміяй Іване Паскевічы ў Трансільваніі. Па вяртанні ў жніўні 1849 года накіраваўся ў Стамбул для вырашэння пытання аб выдачы расійскаму ўраду польскіх удзельнікаў Венгерскай рэвалюцыі, за што быў павышаны ў званні генерал-маёра.
У ходзе Крымскай вайны ў 1854 годзе камандаваў 2-й рэзервовай уланскай дывізіяй, пасля — Сацкім авангардам. 22 верасня 1855 года атрымаў званне генерал-лейтэнанта і быў прызначаны камандзірам уланскай дывізіі, а ў лістападзе таго ж года стаў генерал-ад’ютантам і ўзяў камандаванне 6-й лёгкай кавалерыйскай дывізіяй[1].
У 1869 годзе Гераніму Радзівілу быў нададзены чын генерала ад кавалерыі, сам ён быў залічаны ў Гродзенскі гусарскі лейб-гвардыі полк. Прадаўшы ў 1872–75 гадах Клецкую і Давыдгарадоцкую ардынацыі разам з зямельнымі ўладаннямі Антонію Вільгельму Радзівілу ў абмен на пажыццёвую пенсію ў 40 000 рублёў у год, Геранім пражываў пераважна ў Парыжы, дзе і памёр 27 снежня 1884 года[4]. Пахаваны ў радавой спачывальні ў Нясвіжскім касцёле.
Сям’яПравіць
12 лютага 1833 года ажаніўся з фрэйлінай Сафіяй Урусавай, дачкой князя Аляксандра Урусава і з таго часу карыстаўся літасцю імператара. Ад гэтага шлюбу не было нашчадкаў, а ў канцы 1850-х гадоў Геранім Радзівіл разышоўся з жонкай у атмасферы скандалу[4].
У 1853 годзе ў Радзівіла нарадзілася пазашлюбная дачка Леантэна ад рамана з італьянскай балерынай Карлотай Грысі.
УзнагародыПравіць
- Ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені з бантам (1831 г.)
- Ордэн воінскай доблесці 4-й ступені (1831 г.)
- Ордэн Чырвонага арла 3-й ступені (Прусія, 1835 г.)
- Ордэн Леапольда 3-й ступені (Аўстрыя, 1835 г.)
- Ордэн Святога Станіслава 2-й ступені (1840 г.)
- Ордэн Залатога льва 2-й ступені (Гесэн-Касель, 1844 г.)
- Знак адрознення за бездакорную службу за 15 гадоў (1846 г.)
- Ордэн Святой Ганны 2-й ступені (1847 г.)
- Ордэн Жалезнай кароны 1-й ступені (Аўстрыя, 1850 г.)
- Ордэн Святога Георгія 4-й ступені за 25 гадоў службы (26 лістапада 1854 г.)
- Ордэн Святога Станіслава 1-й ступені з мячамі (1855 г.)
- Знак адрознення за бездакорную службу за 25 гадоў (1855 г.)
- Ордэн Святой Ганны 1-й ступені (1863 года)
- Ордэн Белага Арла (1867 г.)
- Ордэн Святога Аляксандра Неўскага з мячамі (17 снежня 1877 г.)
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 Радзивилл, который двух императоров смешил (руск.) . СБ. Беларусь сегодня (26 красавіка 2014). Праверана 3 верасня 2019.
- ↑ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8., с.57
- ↑ Радзивил, князь Лев Людвигович (ros.). W: Большая биографическая энциклопедия [on-line]. dic.academic.ru. (руск.)
- ↑ 4,0 4,1 Stefan Kieniewicz: Radziwiłł Hieronim Leon Dominik. W: Polski Słownik Biograficzny. Emanuel Rostworowski (red.). T. XXX/2. Cz. 125. Wrocław–Warszawa i in.: Ossolineum PAN, 1987, s. 284. ISBN 83-04-02673-2. (польск.)
ЛітаратураПравіць
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.