Вапа

(Пасля перасылкі з Гуапа)

Вапа, гуапа (саманазва: Ašočimi; англ.: Wappo; ісп.: Guapo) — індзейскі народ у Каліфорніі (ЗША). Агульная колькасць (2010 г.) - 291 чал.

Вапа
(Ašočimi)
1924 г.
Агульная колькасць 291 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова вапа
Рэлігія анімізм, танец духу
Блізкія этнічныя групы юкі

Гісторыя

правіць

Лічыцца, што вапа маюць агульных продкаў з іншымі каліфарнійскімі індзейцамі юкі, аднак іх разыходжанне адбылося даўно, што адлюстравана ў значнай моўнай і культурнай розніцы. Асноўнай мясцовасцю, населенай вапа ў XIX ст., былі кантынентальныя раёны акругі Санома ў Каліфорніі.

У 1823 г. мексіканскія святары заснавалі ў Саноме місію, куды актыўна прыцягваліся вапа. Кантакты паміж індзейцамі і мексіканцамі ўскладніліся ў 1828 г. эпідэміяй воспы, да якой у вапа не было імунітэту. У 1835 - 1836 гг. мексіканцы вялі супраць вапа ваенныя дзеянні, якія скончыліся перамір'ем. У 1838 - 1839 гг. вапа зноў пацярпелі ад моцнай эпідэміі воспы, так што да сярэдзіны XIX ст. гэты народ апынуўся на мяжы вымірання.

Пасля далучэння Каліфорніі да ЗША ў Саноме знаходзіліся часткі амерыканскай арміі. У 1851 г. каля 250 выжылых вапа былі прымусова адселены на поўнач Каліфорніі. Яшчэ каля 50 чалавек перасяліліся на ўзбярэжжа. Толькі ў 1915 г. вапа і іх суседдзям была прадстаўлена аўтаномная рэзервацыя.

З другой паловы 1980-х гг. пачалося культурнае адраджэнне. З 1988 г. вядзецца юрыдычны працэс прызнання вапа федэральнымі ўладамі ў якасці самастойнай нацыі.

Культура

правіць

Асноўнымі традыцыйнымі заняткамі вапа здаўна з’яўляліся збіральніцтва і паляванне. Асноўную ежу складалі жалуды, арэхі, ядомае карэнне, ягады, мёд, мяса трусоў, аленяў, дзікіх птушак. У месцах, населеных вапа, здабывалі соль. Маглі сезонна вандраваць да акіяна або азёр у пошуках малюскаў і рыбы.

Прылады працы ладзілі з ракавін, камянёў, дрэва. Лукі і стрэлы атрымоўвалі ў суседзяў у выніку гандлю. У якасці разліковых адзінак пры абмене выкарыстоўвалі бісер. Распаўсюджанае жаночае рамяство — пляценне. Вапа амаль не мелі вопраткі. Жанчыны рабілі вузкія повязі з травы або трыснягу. Узімку мужчыны і жанчыны накрываліся коўдрай з футра трусоў.

Свае невялікія паселішчы будавалі на ўзвышшах. Звычайна яны ўключалі некалькі жылых і гаспадарчых хацін. У адной хаціне туліліся некалькі сем'яў. Хаціны мелі авальную форму, уяўлялі сабою вярбовы каркас, накрыты травой, трыснягом ці зямлёй.

Асновай сацыяльнага ладу была абшчына, што складалася з аднаго паселішча. На чале стаяў выбраны правадыр, звычайна найбольш спрытны мужчына. Часам у паселішчы магло быць два правадыра, або месца правадыра займала жанчына. Вапа імкнуліся падтрымліваць мір з суседдзямі, паколькі моцна залежалі ад абмену з імі. Называлі суседнія народы братамі, удзельнічалі ў іх святах. Сем'і вялікія пашыраныя на чале мужчын. Жаніцьба прадугледжвала абмен падарункамі паміж сем'ямі. Сталенне хлопчыкаў і дзяўчынак суправаджалася ініцыяцыяй.

Вапа знакаміты сваімі танцамі.

Родная мова вапа фактычна з’яўлялася ізалятам, хаця некаторыя даследчыкі імкнуцца звязаць яе ў адзіную моўную сям'ю разам з юкі. У мінулым мела 5 дыялектаў. У 1990 г. памёр апошні носьбіт гутарковай мовы.

Рэлігія

правіць

Вапа верылі, што сусвет населены шматлікімі духамі. Рэлігійныя цырымоніі арганізоўваў правадыр.

Спасылкі

правіць