Даколька
Дако́лька, Дако́ль, Дако́лка — рака ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці і Глускім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Пціч (басейн Прыпяці).
Даколька | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 43 км |
Басейн | 462 км² |
Расход вады | 2,3 м³/с (у вусці) |
Вадацёк | |
Выток | |
• Месцазнаходжанне | за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Кармазы |
• Каардынаты | 52°58′10,30″ пн. ш. 28°24′39,30″ у. д.HGЯO |
Вусце | Пціч |
• Месцазнаходжанне | за 2 км вышэй ад вёскі Касарычы |
• Вышыня | 131,1 м |
• Каардынаты | 52°45′58,10″ пн. ш. 28°46′41,20″ у. д.HGЯO |
Ухіл ракі | 0,5 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Пціч → Прыпяць → Дняпро → Чорнае мора |
Краіна | |
Рэгіёны | Мінская вобласць, Магілёўская вобласць |
Раёны | Старадарожскі раён, Глускі раён |
Назва
правіцьНазва балцкага паходжання. На гэта паказвае тыповы балцкі гідранімічны фармант -ol-, які з’яўляецца дыягнастычным для балцкіх гідронімаў[1]. Адпачатная балцкая назва мусіла быць тыпу *Dakola.
Корань звязаны з балцкім абазначэннем птушкі шпака (прускае *dākē «шпак»), якое адбілася ў назвах пруск. Dakow, літ. Dakėnai, лат. Daka[2].
Непасрэдна па суседстве з Даколкай працякаюць рэкі з балцкімі назвамі Арэса, Аражна, Валажода. У Пціч, апроч Даколкі, уцякаюць рэчкі Сняролка, Дуполка (< *Sner-ol-, *Dup-ol-), у назвах якіх той жа балцкі фармант -ol-.
Гэты фармант вядомы ў літоўскім слова- і назваўтварэнні: šauk-ti «гукаць» — šauk-olas «гукальнік»[3]. Ён жа ў літоўскім тапоніме Medžiolai, які параўноўваюць з засведчанай даўнейшай назве Мядзела «Мядзолы».
Назва ракі *Дакола (> Даколка, Даколька) значыць «Шпачыная (рака)».
Гідраграфія
правіцьДаўжыня ракі 43 км, з іх 14 км у Старадарожскім раёне[4]. Плошча вадазбору 462 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,3 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰.
Асноўныя прытокі: Сноўка (справа), Альніца (злева).
Рака пачынаецца за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Кармазы Старадарожскага раёна, цячэ па паўночнай частцы Прыпяцкага Палесся, цяпер меліяраванай. Упадае ў Пціч за 2 км вышэй ад вёскі Касарычы Глускага раёна. Даліна ракі невыразная. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае, шырыня яго 5—20 м, у вусці — 12 м. Рака выкарыстоўваецца ў якасці водапрыёмніка меліярацыйных сістэм.
Заўвагі
правіць- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 163.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 184.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 183—184.
- ↑ Общая характеристика речной сети Минской области (в разрезе районов) // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» (руск.)
Літаратура
правіць- Рэйзман В. В. Даколька // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 154. — 522 с. — 10 000 экз.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Могилёвская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2012. — С. 32. — 64 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-173-0. (руск.)
- Ліст карты N35-117. Выданне 1989 года. Стан мясцовасці на 1985 год.
- Ліст карты N35-118. Выданне 1981 года.