Дамамерычы

вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі

Дама́мерычы[2] (трансліт.: Damamieryčy, руск.: Домамеричи) — вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі, на рацэ Сасноўцы. Уваходзіць у склад Дамамерыцкага сельсавета. Знаходзіцца за 14 км на поўнач ад Клімавічаў, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Клімавічы (лінія ОршаУнеча), на аўтамабільнай дарозе Р42 ЗвянчаткаІвацэвічы[3].

Вёска
Дамамерычы
Будынак былой паштовай станцыі
Будынак былой паштовай станцыі
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
168 м
Насельніцтва
82[1] чалавек (2020)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2244
Паштовыя індэксы
213610
Аўтамабільны код
6
Дамамерычы на карце Беларусі ±
Дамамерычы (Беларусь)
Дамамерычы
Дамамерычы (Магілёўская вобласць)
Дамамерычы

Гісторыя

правіць

У крыніцах вядома з 1604 года як дзяржаўная ўласнасць у Крычаўскай воласці Вялікага Княства Літоўскага. У 1724 годзе — ўладанне Радзівілаў, уваходзіла ў Крычаўскае староства. У 1737 годзе была пабудавана драўляная царква, меліся карчма і млын.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе вёска апынулася ў Крычаўскім старостве Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. На той час у паселішчы, якое было ўласнасцю памешчыка, існавалі вадзяны млын, сукнавальня і царква. Вяскоўцы займаліся апрацоўкай і падрыхтоўкай да прадзення пянькі і кудзелі[4].

Станам на 1785 год, у Дамамерычах дзейнічаў бровар, на якім у 1819 годзе працавала 8 чалавек. Гаспадар маёнтка ў 1845 годзе валодаў 3119 дзесяцінамі зямлі, вадзяным млыном, броварам і крупарушняй, у 1858 годзе — карчмой. У 1864 годзе адкрылася народнае вучылішча, дзе ў 1889 годзе навучаліся 39 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка. У 1872 годзе з’явілася яшчэ адна крупарушня, прадукцыя якой збольшага вывозілася ў Рослаўль[4].

У 1881—1905 гадах ва ўрочышчы Асінаўка, непадалёку ад вёскі, дзейнічала Асінаўская шкляная мануфактура[5]. Акрамя таго, 88 рабочых працавалі на цагельні, якая ў 1883 годзе выпусціла цэглы на 72.3 тысяч рублёў[6]. У 1884 годзе ў Дамамерычы з Клімавічаў была пераведзена бальніца. На той час у вёсцы штогод 9 мая праводзіліся кірмашы.

Па выніках перапісу 1897 года, у сяле працавалі бальніца, заезны і піцейны дамы, кузня, паштовая станцыя і хлебазапасны магазін. Двойчы на год праводзіліся кірмашы. Побач быў аднайменны фальварак, дзе існаваў вадзяны млын. У 1909 годзе ў вёсцы адкрылася паштовае аддзяленне.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дамамерычы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, яны ўвайшлі ў склад БССР. 16 студзеня вёска апынулася ў складзе РСФСР, дзе 26 красавіка таго ж года яна ўвайшла ў Клімавіцкі павет Гомельскай губерні.

У выніку першага ўзбуйнення БССР Дамамерычы вярнулі БССР, дзе 20 жніўня 1924 года яны сталі цэнтрам сельсавета ў Клімавіцкім раёне Калінінскай (у 1927—1930 гадах — Магілёўскай) акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці.

У 1924 годзе замест культурна-асветніцкага гуртка ў вёсцы адкрылася хата-чытальня. 12 кастрычніка 1930 года быў арганізаваны калгас «Барацьба», які ў 1932 годзе аб’ядноўваў 110 гаспадарак, 622 га ворыва і абслугоўваўся Клімавіцкай МТС. Дзейнічалі вадзяны млын, кузня, урачэбная амбулаторыя.

З сярэдзіны жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Дамамерычы былі пад нямецкай акупацыяй. У верасні 1943 года нацысты спалілі вёску і забілі 10 жыхароў[4]. На могілках у брацкай магіле пахаваны вяскоўцы, якія загінулі на франтах вайны.

Пасля вайны паселішча аднавілася і ў 1950 годзе далучылася да калгаса імя М. І. Калініна. У 1980-я гады ў вёсцы існавалі бібліятэка з фондам больш за 10400 кніг, крама, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт і ферма буйной рагатай жывёлы.

У канцы 2000-х гадоў у вёсцы дзейнічалі ўжо толькі крама, бібліятэка і аддзяленне сувязі. У 2010 годзе цэнтр Дамамерыцкага сельсавета быў перанесены з Дамамерычаў у Палошкава, пры гэтым яго назва не змянілася.

Насельніцтва

правіць
  • XVIII стагоддзе: 1747 год — 40 двароў; 1779 год — 47 двароў, 301 жыхар; 1785 год — 56 двароў, 391 жыхар.
  • XIX стагоддзе: 1858 год — 99 рэвізскіх душ; 1884 год — 43 двары, 304 жыхары; 1897 год — 73 двары, 515 жыхароў у вёсцы Дамамерычах, 1 двор, 16 жыхароў у фальварку Дамамерычах.
  • XX стагоддзе: 1909 год — 73 двары, 487 жыхароў у вёсцы, 1 двор, 23 жыхары ў фальварку; 1926 год — 116 двароў, 663 жыхары; 1940 год — 88 двароў, 433 жыхары; 1986 год — 215 двароў, 84 жыхароў; 1997 год — 88 двароў, 151 жыхар[3].
  • XXI стагоддзе: 2007 год — 52 двары, 95 жыхароў; 2009 год — 88 жыхароў[7]; 2020 год — 40 двароў, 82 жыхары[1].

Забудова

правіць

Вёска складаецца з дзвюх вуліц — адна працяглая, амаль мерыдыяльнай арыентацыі, другая кароткая, арыентаваная з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Забудавана шчыльна традыцыйнымі сялянскімі хатамі. Гаспадарчы комплекс размешчаны на паўночна-заходняй ускраіне вёскі[4].

Славутасці

правіць
  • Будынак былой паштовай станцыі (сярэдзіна XIX стагоддзя).
  • Брацкая магіла савецкіх воінаў[3].

Зноскі

правіць
  1. а б Сельскія Саветы дэпутатаў Клімавіцкага раёна (руск.). Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт (1 студзеня 2020). Праверана 21 ліпеня 2020.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Дама́меравічы
  3. а б в БелЭн 1998.
  4. а б в г Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — С. 93—94
  5. Асінаўская шкляная мануфактура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  6. Прамысловасць Клімавіцкага раёна (недаступная спасылка). Магілёўская абласная бібліятэка. Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2019. Праверана 21 ліпеня 2020.
  7. Насельніцтва Магілёўскай вобласці па выніках перапісу 2009 года (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 жніўня 2018. Праверана 21 ліпеня 2020.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць