Джавані Грасі
Джавані Грасі (таксама бел.: Джавані Антоніа Грасі, італ.: Giovanni Antonio Grassi, лац.: Joannes Antonius Grassi; 10 верасня 1775, Скільпарыа, Італія — 12 кастрычніка 1849, Рым) — дзеяч каталіцкага касцёлу і Таварыства Ісуса, педагог; 9-ты прэзідэнт Джорджтаўнскага ўніверсітэта (1812—1817).
Джавані Грасі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
італ.: Giovanni Antonio Grassi | |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Папярэднік | Charles Neale[d] | ||||||
Пераемнік | Anthony Kohlmann[d] | ||||||
|
|||||||
|
|||||||
Папярэднік | Francis Neale[d] | ||||||
Пераемнік | Benedict Joseph Fenwick[d] | ||||||
|
|||||||
Адукацыя |
|
||||||
Дзейнасць | каталіцкі святар, місіянер, academic administrator, астраном, настаўнік | ||||||
Месца працы | |||||||
Нараджэнне |
10 верасня 1775[1] |
||||||
Смерць |
12 снежня 1849[2] (74 гады) |
||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 10 верасня 1775 г. ў мястэчку Скільпарыа (Бергама) у сям’і Фларына і Альмы Маці Грасі. Спасціжэнне навук Дж. Грасі пачаў у школе Кангрэгацыі Рэгулярных клірыкаў Самаскі (лац.: Clerici Regulares Congregationis Somaschae) — каталіцкай манаскай кангрэгацыі, адной з асноўных сфер дзейнасці якой была адукацыя. Яшчэ два гады вывучаў тэалогію ў семінарыі Бергамскай дыяцэзіі і быў высвечаны на ксяндза. Далейшы яго лёс аказаўся звязаны з езуітамі[3].
У 1799 г. Грасі паступіў у навіцыят Таварыства Ісуса ў Калорна (Colorno), толькі што адчынены пад патранажам герцага Фердынанда IV Пармскага (1751—1802), і 21 лістапада ўступіў у Ордэн езуітаў. Фердынанд IV, палымяны прыхільнік забароненага паўсюль апрача Расійскай імперыі ордэна, пераканаў генеральнага вікарыя Таварыства Ісуса Габрыэля Лянкевіча з дазволу папы Пія VII заснаваць у Пармскім герцагстве віцэ-правінцыю і распачаў аднаўленне езуіцкай грамады. Так, у 1800 па запрашэнню герцага ў яго ўладанні з Полацка, тагачаснай сталіцы ордэна, прыехалі тры езуіты. У адваротным накірунку з Пармскага герцагства для заканчэння свайго духоўнага фармавання былі накіраваныя два маладыя італьянцы, адным з якіх і аказаўся Грасі[4].
Беларускі этап
правіць31 снежня 1801 г. Джавані Грасі прыехаў у Полацк, дзе за два гады скончыў курс тэалогіі у Полацкім езуіцкім калегіуме (1802—1804). Накіраваны ў Санкт-Пецярбург на пасаду рэгента Высакароднага пансіёну, езуіцкай навучальнай установы, якую адкрыў генерал Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі Габрыэль Грубер[5]. У расійскай сталіцы пачаў весці каштоўны для гісторыі езуітаў свайго часу дзённік, у якім да апошніх гадоў свайго жыцця скрупулёзна фіксаваў усе свае важнейшыя справы[3].
Няскончаная місія ў Пекін
правіцьПаспеўшы з найлепшага боку праявіць сябе ў Пецярбургу, Дж. Грасі атрымаў прызначэнне генерала Таварыства Ісуса Габрыэля Грубера разам з двума іншымі братамі-езуітамі, Норбертам Корсакам і Ёганам Штурмерам, адправіцца з адказнай місіяй ў Пекін. Выправа была падтрымана Аляксандрам І, зацікаўленым у праекце з дзяржаўна-палітычных меркаванняў.
Місія, якая стартавала ў студзені 1805 г. з самога пачатку сутыкнулася з цяжкасцямі. Не здолеўшы сесці на патрэбны карабель, езуіты былі вымушаны рушыць сухапутным шляхам праз Фінляндыю і Швецыю да Даніі, адкуль дабраліся 25 мая 1805 г. да Лондана. Праз чарговыя транспартныя праблемы ім удалося дабрацца да Лісабона толькі 28 верасня. Тым часам з Кітая сталі даходзіць звесткі пра пераслед хрысціян-еўрапейцаў і далейшая выправа місіі да партугальскага Макаа была адкладзена.
Дзякуючы пратэкцыі папскага нунцыя атрымаў магчымасць вывучаць трыганаметрыю і матэматыку, паглыбіць свае інжынерныя веды у Каімбрскім універсітэце.
Амерыканскі этап
правіцьТак і не атрымаўшы дазволу на адплыццё ў Кітай, пад канец 1807 г. Дж. Грасі разам з Н. Корсакам быў накіраваны ў Англію, дзе намаганнямі беларускіх і мясцовых езуітаў дзейнасць Таварыства Ісуса была адноўлена ў 1803 г.[6] Правёў два гады ў езуіцкім каледжы Стоўніхёрста (графства Ланкашыр), а ў 1810 г. вывучаў астраномію ў Лондане, плануючы выкарыстоўваць гэтыя веды для выкладання фізікі ў каледжы. Аднак генерал Таварыства Ісуса Тадэвуш Бжазоўскі абраў для абазнанага ў навуках і энергічнага езуіта іншае прызначэнне — Злучаныя Штаты Амерыкі.
20 кастрычніка 1810 г. прыбыў у Балтымор (штат Мэрыленд) і неўзабаве прыступіў да працы ў езуіцкім каледжы ў Джорджтаўне (з 1814 г. — Джорджтаўнскі ўніверсітэт). Напачатку выкладаў італьянскую і іспанскую мовы, працаваў прэфектам вучэбных заняткаў.
15 жніўня 1812 г. Дж. Грасі быў прызначаны настаяцелем місіі ў Мэрылендзе, а ў кастрычніку — прэзідэнтам (рэктарам) Джорджтаўнскага каледжа. Зарэкамендаваў сябе як ініцыятыўны і смелы кіраўнік і правёў рэфармаванне каледжа ў адпаведнасці з патрабаваннямі ордэнскага навучальнага статута Ratio Studiorum. Імкнуўся пашырыць кола студэнтаў за кошт дзяцей мясцовых гараджан (плата за навучанне была зменшана з $220 да $125 за год[7]) і дазволу навучання пратэстантаў (за часам яго прэзідэнцтва доля апошніх узрасла да 25 %). На базе вопыту, набытага ў Полацку і Стоўніхёрсце, дзе дзейнічалі добра абсталяваныя лабараторыі, увёў у навучальны працэс у Джорджтаўне выкарыстанне драўляных мадэляў гідраўлічных машын, наведванне першых паравых караблёў, дэманстрацыю прынцыпаў аэрадынамікі пры дапамозе паветранага шара і г.д. Ён сам быў запрошаны да ўдзелу ў разліку даты сонечнага зацьмення і вызначэння дакладнай даўгаты амерыканскай сталіцы. Спрабаваў палепшыць матэрыяльнае забеспячэнне Мэрылендскай місіі і пачаў будаўніцтва карпусоў навіцыяту ў Вашынгтоне.
З 1814 г. каледж быў пераўтвораны ва ўніверсітэт. У наступным годзе Дж. Грасі як яго прэзідэнт атрымаў ад Кангрэса ЗША паўнамоцтва прысвойваць вучоныя ступені (самому езуіту далі амерыканскае грамадзянства). Уплыў яго на развіццё навучальнай установы быў настолькі значным, што яго называлі «другім заснавальнікам Джорджтаўнскага каледжа».
Свой амерыканскі вопыт падсумаваў у «Стракатых заметках аб цяперашнім стане Рэспублікі Злучаных Штатаў Амерыкі, напісаных напачатку 1818 г.» (Le Notizie varie sullo stato presente della Repubblica degli Stati Uniti scritte al principio del 1818 dal padre G. G. della Compagnia di Gesù).
Італьянскі этап
правіцьУ 1817 г. Дж. Грасі адправіўся ў Італію, але з-за хваробы так і не вярнуўся ў Амерыку. Быў рэктарам Высакароднага калегіума ў Турыне (1821—1831), а потым займаўся пастырскай дзейнасцю ў Турынскай правінцыі Таварыства Ісуса. У 1838 г. перабраўся ў Рым у якасці архіварыуса Ордэна езуітаў. З 1840 па 1842 гг. — прэфект калегіума Кангрэгацыі распаўсюджвання веры (лац.: Sacra Congregatio de Propaganda Fide). У 1842 г. прызначаны асістэнтам Італьянскай асістэнцыі Таварыства Ісуса.
Дзякуючы амерыканскаму грамадзянству, пад час рэвалюцыі 1848—1849 гг. у Італіі заставаўся ў Рыме, дзе і памёр 12 снежня 1849 г.
Зноскі
- ↑ Pizzorusso G. GRASSI, Giovanni Antonio // Dizionario Biografico degli Italiani — 2002. — Vol. 58.
- ↑ Pizzorusso G. GRASSI, Giovanni Antonio // Dizionario Biografico degli Italiani — 2002. — Vol. 58. Праверана 25 студзеня 2016.
- ↑ а б Pizzorusso, G. Grassi, Giovanni Antonio / G. Pizzorusso // Dizionario Biografico degli Italiani — Volume 58 (2002)
- ↑ Schlafly, D. The «Russian» Society and the American Jesuits: Giovanni Grassi’s Crucial Role / D. Schlafly // Jesuit Survival and Restoration. A Global History, 1773—1900. Edited by Robert A. Maryks, Jonathan Wright. (Studies in the History of Christian Traditions, 178.) — : Brill, 2015. — p. 354—355.
- ↑ Catalogs SJ 1774—1829. Russiae. Архівавана 13 ліпеня 2020.
- ↑ Hannah Thomas, «Historiography of the Jesuits in in the Early Modern Period», in: «Jesuit Historiography online». Consulted online on 08 September 2018.
- ↑ Georgetown in 1816: An online exhibit from the University Archives
Літаратура
правіць- Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — 632 с.
- Pizzorusso, G. Grassi, Giovanni Antonio / G. Pizzorusso // Dizionario Biografico degli Italiani — Volume 58 (2002).
- Schlafly, D. The «Russian» Society and the American Jesuits: Giovanni Grassi’s Crucial Role / D. Schlafly // Jesuit Survival and Restoration. A Global History, 1773—1900. Edited by Robert A. Maryks, Jonathan Wright. (Studies in the History of Christian Traditions, 178.) — Leiden: Brill, 2015. — p. 353-367. ISBN 978 90 04 28238 4.
- Załęski, S. Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820 / S. Załęski — Kraków : W.L. Anczyc i sp, 1907. — 517 s.