Джало́ (тагальск.: Jolo) — востраў архіпелага Сулу. На працягу некалькіх стагоддзяў з’яўляўся цэнтрам султаната Сулу. У нашы дні ў складзе Філіпінаў. Плошча — 869 км². Насельніцтва (2005 г.) — 530 000 чал.

Джало
тагальск. Jolo
Бераг
Бераг
Характарыстыкі
Плошча869 км²
Насельніцтва530 000 чал.
Шчыльнасць насельніцтва609,9 чал./км²
Размяшчэнне
5°59′33″ пн. ш. 121°04′30″ у. д.HGЯO
АрхіпелагСулу
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Джало (Філіпіны)
Джало
Джало
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

Востраў Джало месціцца за 947 км на поўдзень ад Манілы. Выцягнуты з захаду на ўсход на 61,06 км. Найбольшая шырыня з поўначы на поўдзень — 23,4 км. Мае вулканічнае паходжанне. Вулкан Джало ўяўляе сабою групу маладых шлакавых конусаў і кратараў. Найвышэйшы конус Туматангус (811 м) лічыцца найбольш маладым. Апошняя актыўнасць вулкана зарэгістравана 21 верасня 1897 г. у форме падводнага вывяржэння і цунамі. У цэнтральнай частцы вострава маюцца кратарныя азёры Панамаа і Сейт. Вада апошняга ўтрымоўвае сульфаты. На Джало сустракаюцца гарачыя крыніцы.

Клімат трапічны вільготны. Джало знаходзіцца па-за межамі зоны сталых тайфунаў.

Гісторыя правіць

 
Бой паміж амерыканскімі салдатамі і паўстанцамі ў 1913 г.

У XV ст. на Джало сфарміравалася некалькі дзяржаўных утварэнняў. У дзяржаве Бванса да ўлады прыйшоў араб Шарыфул Хашэм Саед Абу Бакр. Ён садзейнічаў распаўсюджанню іслама і заснаваў дынастыю султанаў Сулу. Султанат праіснаваў да пачатку XX ст., пакуль ЗША не ўключылі яго тэрыторыю ў склад Філіпінаў. На працягу гісторыі галоўная рэзідэнцыя султанаў змяняла сваё становішча некалькі разоў, аднак працягвала заставацца на востраве. У нашы дні найбольшым населеным пунктам з’яўляецца горад Джало, адміністрацыйны цэнтр правінцыі Сулу.

Ліквідацыя незалежнасці султаната прывяла да ўдзелу мясцовых мусульман у паўстанні 18991913 гг. Падчас Другой сусветнай вайны востраў быў акупаваны японцамі. У 1945 г. астравіцяне садзейнічалі амерыканскім войскам у вызваленні. З 1970-х гг. палітычнае становішча зноў пагоршылася з-за з’яўлення радыкальных мусульманскіх груповак. У 2005 г. адбылося ўзброенае выступленне групы Абу-Саяф, задушанае філіпінскай арміяй. Тэрарыстычныя акцыі і захоп заложнікаў працягваліся і пазней.

Асаблівасці культуры правіць

Большасць астравіцян належаць да этнічнай супольнасці таўсуг, якая сфарміравалася ў эпоху існавання султаната Сулу. Хаця султанат быў ліквідаваны ў пачатку XX ст., нашчадкі манархаў карыстаюцца значнай павагай. У 2018 г. 5 прэтэндэнтаў на тытул султана заключылі пагадненне аб сумесных намаганнях для стварэння аўтаномнай дзяржавы Замбасулта ў складзе Філіпінаў. У мінулым непасрэдная ўлада султанаў распаўсюджвалася толькі на ўзбярэжжа. У цэнтральнай частцы вострава дзейнічала ўлада традыцыйных правадыроў. У нашы дні існуюць 2 асноўныя астраўныя дыялекты. Дыялект гімбаханун распаўсюджаны ва ўнутраных раёнах, дыялект парыянум — на ўзбярэжжы.

Асноўнымі заняткамі астравіцян да нашых дзён з’яўляюцца сельская гаспадарка, рыбалоўства і гандаль. Захоўваюцца традыцыйныя рамёствы — ткацтва, разьба па дрэву, выраб халоднай зброі.

Спасылкі правіць