Султанат Сулу (араб. سلطنة سولك‎‎, джаві малайск.: کسلطانن سولو دار الإسلام) — гістарычная дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі з цэнтрам на астравах Сулу (14571917 гг.).

Гістарычная дзяржава
Султанат Сулу
کسلطانن سولو دار الإسلام
Сцяг канца XIX ст.
Сцяг канца XIX ст.
1457 — 1917

Сталіца Джало, Палаван
Мова(ы) Таўсуг[d]
Афіцыйная мова арабская
Грашовая адзінка бартар
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Упершыню архіпелаг Сулу згадваецца ў яванскіх пісьмовых крыніцах пад прыкладна 1365 г. як частка імперыі Маджапахіт. У больш позніх запісах султаната Сулу сцвярджаецца, што да ўзнікнення адзінай мусульманскай дзяржавы на Сулу існавалі 3 дзяржаўныя ўтварэнні. Найбольшую моц мела дзяржава Бванса з цэнтрам на востраве Джало. Ёй кіравала дынастыя, якая паходзіла з Суматры. Першым ісламскім прапаведнікам лічыцца арабскі шэйх Макдум, што прыбыў з Малакі. Праз 10 гадоў пасля яго смерці на архіпелаг быў запрошаны суфій Шарыфул Хашэм Саед Абу Бакр. Ён ажаніўся з дачкой валадара Бвансы і абвясціў сябе султанам.

Султанат Сулу развіваўся і пашыраўся як марская дзяржава, уваходзіў у сістэму міжнароднага абмену і гандлю, што ахоплівала Зондскія і Філіпінскія астравы. Пэўную выгаду яму прыносіла блізкасць да Малукскіх астравоў, знакамітых сваімі спецыямі, і вялікага Калімантана. У ранні перыяд у яго склад увайшоў востраў Палаван, на ўзбярэжжы якога здабывалі жэмчуг і чарапахавыя панцыры. Аднак роля Сулу ў гэтай сістэме першапачаткова была другараднай, паколькі яго падданым прыходзілася вытрымліваць канкурэнцыю з іншымі марскімі дзяржавамі гэтага рэгіёна, у першую чаргу з Брунеем, ад якога султаны Сулу знаходзіліся ў пэўнай залежнасці.

У 1521 г. Джало ўпершыню наведала іспанская экспедыцыя на чале з Х. С. Элькана, якая шукала шляху да Малукаў. У 1565 г. Іспанія пачала каланізацыю Філіпінаў. У 1578 г. іспанцы ўпершыню атакавалі Сулу і спагналі даніну з мясцовых жыхароў. Гэта выклікала голад сярод астравіцян, аднак яны захавалі сваю незалежнасць. Асноўны ўдар іспанскага флоту прыйшоўся на Бруней. Гэтая краіна была вельмі саслаблена. Каля 1658 г. султан Брунея перадаў султану Сулу правы на паўночна-ўсходняе ўзбярэжжа Калімантана. У сваю чаргу, султан Сулу адмовіўся ад вострава Палаван, дзе ўжо знаходзіліся іспанскія гарнізоны, на карысць саюзнага султаната Магінданаа.

З пачатку XVII ст. у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі дзейнічала Галандская Ост-Індская кампанія. Яе прадстаўнікі варожа ставіліся да іспанцаў, а таму пагаджаліся прадаваць агнястрэльную зброю іх праціўнікам. У 1621 г. галандцы захапілі архіпелаг Банда, дзе арганізавалі плантацыі па вытворчасці спецый. Для працы на плантацыях ім патрабавалася танная працоўная сіла. Султанат Сулу ператварыўся ў аднаго з важных пастаўшчыкоў рабоў у Галандскую Ост-Індыю. Сулуанскія піраты арганізоўвалі драпежніцкія рэйды на частку Філіпінаў, падкантрольную іспанцам. Яны падплывалі на лёгкіх суднах проа, узброеных гарматамі, да ўзбярэжжа Вісаянскіх астравоў, рабавалі і захоплівалі ў палон мясцовых жыхароў. Перыяд канца XVII — XVIII ст. стаў эпохай росквіту сулуанскіх піратаў і гандляроў.

 
Французскія пасланцы перад султанам Сулу, 1886 г.

У XIX ст. адносіны еўрапейскіх каланіяльных дзяржаў да гандлю рабамі рэзка змяніліся. У справы султаната Сулу пачалі ўмешвацца Вялікабрытанія і Францыя. У 1851 г. іспанскі флот захапіў Джало і прымусіў султана Мухамеда Пулалуна перадаць суверэнітэт над сваімі тэрыторыямі Іспаніі. У рэчаіснасці, султанат Сулу працягваў існаваць як аўтаномная дзяржава, хаця з заняпадам гандлю рабамі яго становішча рэзка пагоршылася. У 1878 г. султан Джамаль уль-Алам перадаў правы на свае валоданні на Калімантане брытанскай камерцыйнай кампаніі ў абмен на штогадовую рэнту. У 1885 г. Вялікабрытанія і Іспанія падпісалі дагавор у Мадрыдзе, які гарантаваў далучэнне архіпелага Сулу да валоданняў Іспаніі, а паўночнага Калімантана — да валоданняў Вялікабрытаніі.

У 18981899 гг. іспанскія калоніі на Філіпінах былі акупаваны ЗША. У 1917 г. яны распаўсюдзілі грамадзянскую ўладу на архіпелаг Сулу і ліквідавалі дзяржаўныя органы султаната.

Унутраны лад

правіць

Першы султан Шарыфул Хашэм Саед Абу Бакр увёў правіла, паводле якога яму належалі землі толькі на ўзбярэжжы астравоў. У цэнтральнай частцы захоўваліся абшчынная маёмасць і традыцыйнае кіраванне. На прыбярэжных тэрыторыях дзейнічалі законы шарыяту. Землі, прыдатныя для гаспадарчай дзейнасці, перадаваліся ў карыстанне дату саджа, служылым султана. Яны эксплуатавалі рабоў, якія ў сярэдзіне XIX ст. складалі ледзь не 50 % прыбярэжнага насельніцтва. Эканоміка цалкам залежала ад марскога гандлю, паколькі жыхары архіпелага Сулу не забяспечвалі сябе нават харчам.

Рэзідэнцыя султана знаходзілася на востраве Джало. На працягу гісторыі яна тройчы мяняла месцазнаходжанне. Султан па мусульманскім звычаі меў 4 жонак і шмат наложніц. Улада перадавалася ў спадчыну старэйшаму сыну. Астатнія прадстаўнікі манархічнай дынастыі мелі тытул правадыроў дату і займалі розныя прыдворныя пасады. Кіраванне астатнімі астравамі адбывалася праз інстытут пасрэднікаў, якіх прызначаў султан. Служылыя даянг або дату сарджа маглі паходзіць ад простых абшчыннікаў, аднак былі абавязаны прытрымлівацца асобнай этыкі паводзінаў, быць адважнымі і адданымі. Іх тытул меў пажыццёвы характар, але яны імкнуліся перадаць яго ў спадчыну, паколькі ён гарантаваў значныя прывілегіі.

Султан і яго прадстаўнікі кантралявалі знешні гандаль. У XIX ст. большасць аперацый здзяйснялася праз адносна невялікую групу кітайскіх гандляроў, што аселі на суседнім востраве Мінданаа. У другой палове XIX ст., калі пірацтва і гандаль рабамі прыйшлі ў заняпад, султан Джамаль уль-Алам арганізаваў лоў жэмчугу, які заставаўся да ліквідацыі султаната манаполіяй манарха.

Сучасны стан

правіць

Тытул султана Сулу працягвае існаваць нават пасля ліквідацыі султаната і прысвойваецца прадстаўнікамі дынастыі былых манархаў. Апошнім яго прызнаў Фердынанд Маркас, прэзідэнт Філіпінаў у 19651986 гг. Сям’я ўладальнікаў тытула атрымоўвала штогадовую рэнту за землі на Калімантане спачатку ад Вялікабрытаніі, а потым ад Малайзіі, пакуль 11 лютага 2013 г. 235 філіпінцаў не захапілі ад імя султана Джамалула Кірама III вёску Лахад-Дату ў Сабаху. Яны былі выправаджаны ўзброенымі сіламі Малайзіі, а выплаты спынены. У 2018 г. адразу 5 прэтэндэнтаў на тытул султана Сулу заключылі пагадненне аб сумесных намаганнях для стварэння аўтаномнай дзяржавы Замбасулта ў складзе Філіпінаў.

Спасылкі

правіць