Таўсу́г (саманазва: Tau Sūg, літаральна «народ плыняў»), таксама вядомы як сулу́к (малайск.: Suku Suluk, літаральна «народ плыннага мора») — аўстранезійскі народ. Жывуць на астравах Сулу на поўдні Філіпін, на поўначы вострава Калімантан у Малайзіі і Інданезіі. Агульная колькасць (2020 г.) — 1 543 000 чалавек[1].

Таўсуг
(Tau Sūg)
Агульная колькасць 1543000 (2020)
Рэгіёны пражывання  Філіпіны—1302000,  Інданезія—22000,  Малайзія—219000   
Мова таўсуг
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы сурыгаанон, бутуанон, себуанцы

Паходжанне правіць

Згодна запісам султаната Сулу, продкі таўсуг паходзілі з розных краін Паўднёва-Усходняй Азіі, у тым ліку з Явы, Суматры і Чампы, і прыбылі на Сулу ў сярэднявеччы. Аднак навуковыя дадзеныя паказваюць, што засяленне архіпелага аўстранезійцамі адбылося на некалькі тысячагоддзяў раней. Сувязь мовы таўсуг з мовамі насельнікаў паўночнага Мінданаа і цэнтральнай часткі Філіпінаў сведчыць, што перасяленне на Сулу адбывалася з поўначы. Доўгі час астравіцяне развіваліся адносна ізалявана, так што нават у нашы дні таўсуг з розных мясцін вылучаюць сябе асобнымі саманазвамі. Фарміраванне адзіных этнаса і мовы, а таксама перасяленне на суседнія Калімантан і Басілан адбыліся ў перыяд існавання султаната Сулу.

Культура правіць

Традыцыйнымі заняткамі таўсуг з'яўляюцца сельская гаспадарка, рыбалоўства і гандаль. Яны вырошчваюць сухадольны рыс у спалучэнні з іншымі збожжавымі і клубневымі культурамі, какосавай пальмай, трымаюць хатнюю птушку, буйвалаў, кароў, авечак і г. д. Рыбалоўства як сталы ці частковы занятак, ажыццяўляецца ў прыбярэжных водах, галоўным чынам з выкарыстаннем сетак, гаплікаў і пастак. Гандлем займаюцца як мужчыны, так і жанчыны. Мужчыны — звычайна на доўгія адлегласці. У мінулым яны плавалі на марскіх суднах да Кітая. У нашы дні — паміж астравамі. Развіты гандаль, у тым ліку кантрабанда паміж жыхарамі Філіпін і Малайзіі. Распаўсюджаныя рамёствы: пляценне, апрацоўка тканін, бамбука і металаў.

Вылучаюцца 3 віды традыцыйных паселішчаў: кампактныя гарады і прыбярэжныя вёскі, а таксама вёскі каўман ва ўнутраных раёнах з ракіданай планіроўкай, калі асобныя сямейныя гаспадаркі знаходзяцца ў атачэнні палеткаў. Часам сям'я можа мець дадатковыя палеткі далёка ад асноўнага жылля. У такім разе там узводзяць гаспадарчыя і часовыя жылыя пабудовы. Хаціна звычайна складаецца з адзінага прастакутнага пакоя з бамбукавымі ці драўлянымі сценамі, з саламяным дахам, што ўзвышаецца на слупах да 2 — 3 метраў над зямлёй. Да хаціны прыбудоўваюць некалькі ганкаў. Адзін з іх вядзе да кухні, якая ладзіцца асобна ад жылой часткі. З розных бакоў гаспадарку абкружае бамбукавы тын.

Каўман — не толькі паселішча, але і абшчына, на чале якой стаіць выбраны стараста, звычайна найбольш заможны гаспадар. Многія абшчыны з'яўляюцца сваяцкімі, паколькі знутры практыкуюцца шлюбныя сувязі, у тым ліку са стрыечнымі сваякамі па лініі бацькі. Сваякі дзейнічаюць як адзіная група падчас крызісаў, у мінулым яны арганізоўвалі супольную абарону, аказвалі дапамогу хворым, галодным, адстойвалі гонар сям'і. Асабліва моцная братэрская салідарнасць. Важнымі застаюцца рытуальна-сяброўскія зносіны, заключэнне палітычных і эканамічных саюзаў.

Сустракаюцца малыя нуклеарныя і вялікія пашыраныя сем'і. Шлюб арганізуюць бацькі маладых. Практыкуюцца выкуп нявесты і палігінія. Вядомы выпадкі выкрадання жанчын, у мінулым — прымусовыя шлюбы з захопленымі рабынямі. У ідэале малдая сям'я будуе сваю хаціну, але часцей некаторы час жыве са сваякамі мужа. Дазволены разводы, але яны здараюцца рэдка. Сталенне дзяцей суправаджаецца рытуальнымі святамі абразання (як хлопчыкаў, так і дзяўчат), першага чытання Карана. Большасць абмяжоўваецца толькі пачатковай адукацыяй. Зямля перадаецца ў спадчыну сынам, прычым старэйшы заўсёды мае перавагу перад малодшымі. Астатняя маёмасць падзяляецца паміж усімі дзецьмі, у тым ліку дачкамі.

У перыяд султаната Сулу грамадства падзялялася на высакародных, простых абшчыннікаў і рабоў. Да высакародных адносіліся сваякі султана, яго слугі, якія атрымоўвалі прывілегіі ў спадчыну, мусульманскія святары. Высакародныя не былі роўнымі паміж сабою, падзяляліся на рангі. Простыя абшчыннікі складалі каля 80% насельніцтва. Часам заняткі мараплаўствам і пірацтвам давалі значныя прыбыткі і спрыялі іх сацыяльнаму росту. Рабамі станавіліся захопленыя ў палон іншаверцы. Большасць рабоў жылі асобна ад уладальніка і выконвалі ў яго дачыненні пэўныя абавязкі. У нашы дні ўсё насельніцтва мае аднолькавыя грамадзянскія правы.

Фальклор прадстаўлены песнямі, казкамі, міфамі, гістарычнымі паданнямі, танцамі.

Рэлігія правіць

Большасць вернікаў — мусульмане-суніты. Захоўваюцца анімістычныя вераванні ў злых і добрых духаў, лекаванне з дапамогай магіі.

Зноскі

Спасылкі правіць