Дом спецыялістаў (Мінск)

Мінск

Дом спецыялістаў — колішні жылы дом, які размяшчаўся на рагу вул. Савецкай (№. 148; цяпер праспект Незалежнасці) і вул. Даўгабродскай (№ 19; цяпер вул. Казлова).

Славутасць
Дом спецыялістаў
Дом у 1937 годзе
Дом у 1937 годзе
53°54′39″ пн. ш. 27°34′44″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль канструктывізм[d]
Архітэктар Наталля Мікалаеўна Макляцова
Дата пабудовы 1934 год
Map

Гісторыя правіць

 
Разбураны дом у ліпені 1941

Пабудаваны ў 1934 годзе па праекце архітэктара Н. Макляцовай[1]. Прызначалася для спецыялістаў шматлікіх прамысловых прадпрыемстваў, якія выраслі ў Менску ў час першых пяцігодак сацыялістычнага будаўніцтва. Па планах архітэктараў вакол дома мусіў вырасці цэлы раён пышных жылых будынкаў для працоўнай эліты Савецкай Беларусі[2]. У доме атрымалі кватэры паэты Міхась Клімковіч, Змітрок Бядуля, Андрэй Александровіч, Ізі Харык, матэматыкі Уладзімір Дыдырка (№ 19), Цэлясцін Бурстын (№ 43), журналісты Сцяпан Макарэвіч (№ 64), Давыд Рубінштэйн (№ 64), гісторыкі Стасіс і Кацярына Матулайцісы (№ 41), вучоны ў галіне педагогікі Павел Панкевіч (№ 3), глебазнавец Якаў Афанасьеў (№ 78), дзяржслужбовец Ісак Фрыдман (№ 57), выкладчык Міхаіл Кармін (№ 72). эканаміст Самуіл Слонім (№ 44), геолаг Аляксандр Крукоўскі (№ 2).

Паводле Леаніда Маракова, даследчыка рэпрэсій савецкіх уладаў на Беларусі, жыхары амаль усіх 100 кватэр дома былі рэпрэсаваныя[3].

Планы па будаўніцтве раёна парушыла Вялікая Айчынная вайна, дом спецыялістаў згарэў у чэрвені 1941 года. Абгарэлыя руіны знеслі немцы пасля ўзяцця горада. Пасля вайны на месцы дома спецыялістаў з’явіўся новы жылы дом[2].

Архітэктура правіць

Сіметрычны са складанай канфігурацыяй плана секцыйны будынак быў заснаваны на спалучэнні розных па вышыні аб’ёмаў: цэнтральнага 6 павярховага, адсунутага ў глыбіню за чырвоную лінію забудовы, і 4-павярховых бакавых крылаў, якія ўтваралі курданёр. Па восі будынка на вышыні 1—2-га паверхаў знаходзіўся скразны парадны праём у двор. Выразнасць фасадаў дасягалася вертыкальным зашкленнем лесвічных клетак на вышыню будынка, рытмічнай групоўкай квадратных акон, балконаў[1].

Дом складаўся з вуглавых і радавых секцый, створаных паводле індывідуальнага праекта: на лесвічную пляцоўку выходзілі 2 кватэры, у якіх пакоі былі звязаны паміж сабой шырокім калідорам і мелі ўбудаванае абсталяванне. На 1-м паверсе размяшчаліся магазін, дзіцячыя сад і яслі[1].

Зноскі

Літаратура правіць