Забрэззе
Забрэ́ззе[1] (трансліт.: Zabrezzie, руск.: Забрезье) — вёска ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Гародзькаўскага сельсавета. Насельніцтва 196 чалавек (2020). Знаходзіцца за 12 км на паўночны захад ад Валожына, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Валожын, за 80 км ад сталіцы Беларусі — Мінска і за 102 км ад сталіцы Літвы — Вільнюса.
Вёска
Забрэззе
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьВялікае Княства Літоўскае
правіцьУпершыню паселішча згадана ў XV стагоддзі пад назвай Забераж як радавое ўладанне Забярэзінскіх і Дарагастайскіх. У 1456 годзе Забярэзінскія пабудавалі тут касцёл. У другой палове XVI — XVII стагоддзях маёнтак знаходзіўся ў валоданні Збаражскіх, Слушкаў, Коцелаў, Кішкаў.
У канцы XVI стагоддзя паселішча значыцца як Забярэззе. На 1626 год тут было 70 двароў, касцёл, царква Святога Спаса, карчма. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) быў знішчаны тутэйшы касцёл, адноўлены толькі ў 1695 годзе. З другой паловы XVIII стагоддзя мястэчкам валодалі Комары.
Расійская імперыя
правіцьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Забрэззе апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ашмянскім павеце. У канцы XIX ст. у мястэчку было 8 двароў, царква, касцёл, капліца, багадзельня, школа. У пачатку XX ст. у Забрэззі дзейнічалі царква і касцёл, працавала народная школа.
У Першую сусветную вайну (1915—1918) праз Забрэззе праходзіла лінія фронту, у лютым 1918 года мястэчка занялі войскі Германскай імперыі.
Найноўшы час
правіць25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Забрэззе абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Забрэззе апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Валожынскім павеце Віленскага ваяводства.
У 1939 годзе Забрэззе ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года стала цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі.
Вялікая Айчынная вайна
правіцьУ вёсцы Забрэззе перад вайной яўрэі складалі значную частку насельніцтва. У першыя ж дні пасля акупацыі фашысты сагналі яўрэяў у гета, тэрыторыя якога была абнесена дашчаным плотам і некалькімі радамі калючага дроту. Яўрэям пад страхам смерці забаранялася з’яўляцца без апазнавальнага знака — прышытай на вопратку латы.
Над вязнямі бяскарна здзекаваліся. Напрыклад, часта гітлераўцы і паліцаі пад гукі музыкі выганялі яўрэяў з гета, прымушалі ўстаць на карачкі і ў такім выглядзе гналі на поле, дзе прымушалі зубамі выскубаць траву і выдзіраць дзёран, а таксама піць з лужын брудную ваду. Тых, хто адмаўляўся гэта рабіць, збівалі да смерці бізунамі і дубінкамі.
Зімой 1942 года вязняў гета замкнулі ў хляве, які аблілі бензінам, і спалілі жыўцом. Тых, хто спрабаваў выбрацца з агню, расстрэльвалі. Усяго ў гэты дзень было знішчана і спалена жыўцом каля 180 яўрэяў. Выратавацца ў Забрэззі здолелі толькі некалькі юнакоў і дзяўчат, якія ўцяклі з гета і далучыліся ў лесе да партызан. Старым людзям ісці было няма куды, і немцы, разумеючы гэта, нават адпускалі іх з гета падхарчавацца, калі за некалькі дзён перад знішчэннем гета трымалі вязняў зусім без ежы. Яўрэі ішлі і чакалі смерці ў вялікім гумне, дзе іх і спалілі.
У 1946 годзе ў цэнтры вёскі, у 100 метрах ад сельсавета, на брацкай магіле 180 яўрэяў быў усталяваны помнік. Апублікаваны няпоўныя спісы забітых яўрэяў Забрэззя.
Насупраць ад гета знаходзіўся мураваны будынак былой бальніцы, які фашысты занялі і выкарыстоўвалі як штаба. Пасля вайны ў будынку некаторы час дзейнічала мясцовая бальніца і нават раддом, які ў 1970-х гадах быў закрыты, а бальніца рэарганізавана ў мясцовую амбулаторыю і пераведзена ў будынак побач, які гітлераўцы ў ваенны час пабудавалі як казармы.
Пасляваенны час
правіцьНа 1971 год тут было 185 двароў, на 1993 год — 187. У 1999 годзе быў пабудаваны новы каталіцкі храм.
30 кастрычніка 2009 года ў сувязі з ліквідацыяй Забрэзскага сельсавета вёску перадалі ў склад Гародзькаўскага сельсавета.
Насельніцтва
правіць- XIX стагоддзе: 1869 год — 57 чал.[2]; 1895 год — 127 чал. (80 праваслаўных, 7 каталікоў і 40 іўдзеяў) у мястэчку Забрэззе і 85 чал. (80 праваслаўных і 5 каталікоў) у вёсцы Забрэззе[3].
- XX стагоддзе: 1901 год — 274 чал.; 1921 год — 306 чал.; 1971 год — 581 чал.; 1993 год — 443 чал.[4]; 1997 год — 423 чал., 1999—398 чал.
- XXI стагоддзе: 2006 год — 309 чал.; 2010 год — 258 чал.; 2020 год — 196 чал.
Інфраструктура
правіцьПікам інфаструктурнага развіцця вёскі быў канец 1970-х — пачатак 1980-х гадоў, калі колькасць насельніцтва была звыш за паўтысячы. У гэты час сіламі мясцовага калгасу імя Куйбышава пабудаваны новы мікрараён вёскі і двухпавярховы комплекс, які змяшчае ў сабе спартзалу, бібліятэку, клуб і сельсавет. У сярэдзіне 1980-х гадоў Забрэззе — адна з самых развітых вёсак раёна.
Пасля роспуску СССР інфаструктурнае развіццё пайшло на спад. З 2003 года ў вёсцы не дзейнічае лазня. У 2007 годзе ў Забрэззі закрыта школа, вучні пераведзены ў Гародзькаўскую сярэднюю школу. У 2014 годзе скасаваны мясцовы клуб, дзе моладзь збіралася на дыскатэкі. Забрэзская бібліятэка закрылася ў 2015 годзе. З 2019 года ў вёсцы закрыта пошта, а ў 2021 — крама, будынак-сведак старажытнага Забрэзскага касцёлу 1695 года.
-
Будынак пошты
-
Першы будынак сельсавета
-
Будынак амбулаторыі
-
Канюшня на Гаспадарчым двары
-
Будынак лазня
-
Будынак млыну
-
Будынак крамы
-
Будынак комплексу
Вядомыя асобы
правіць- Міхал Сапоцька (1888—1975) — каталіцкі святар, спаведнік св. Фаўстыны Кавальскай, заснавальнік Кангрэгацыі сясцёр міласэрнасці Ісуса Хрыста. У 1901–1902 вучыўся ў народнай школе ў Забрэззі.
Славутасці
правіць- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (2000);
- Царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы (1866);
- Забрэзскі валун, за 2 км на поўдзень ад вёскі — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння;
- Забрэзскія могілкі (XVI стагоддзе);
- Помнік героям Вялікай Айчыннай Вайны
- Гаспадарчы двор (XIX стагоддзе). Доўгі час на месцы двара былі руіны. Пасля таго, як гаспадарчы двор былой сядзібы і канюшня сталі ўласнасцю калгаса «ААТ ЛОСК», былі праведзены работы па рэканструкцыі збудаванняў. У 2014 годзе ў канюшні пачалі разводзіць коней. На сённяшні дзень большая частка збудаванняў выкарыстоўваецца ў якасці зернясклада.
-
Помнік героям Вялікай Айчыннай Вайны (1953)
-
Гаспадарчы двор (ХІХ)
Могілкі
правіцьМогілкі ў вёсцы Забрэззе заснаваныя ў XVI стагоддзі. Агульная плошча — 0,1 га.
Самае старажытнае цяпер вядомае пахаванне датуецца 27 студзеня 1892 года. Першапачаткова пахаванні былі выключна людзей каталіцкага веравызнання. У пачатку ХХ стагоддзя пахаванні ўзнавіліся ўжо незалежна ад веравызнання. У часы СССР тэрыторыя могілак значна паменшылася. Умоўна тэрыторыя падзелена на тры часткі; больш старажытная (пахаванні да ХХ стагоддзя), ваенная (пахаванні ваеннага часу і салдат, якіх загінулі ў ВАВ), новае (пахаванні пасляваеннага і новага часу).
На могілках знаходзяцца пахаванні:
- салдат Вялікай Айчыннай Вайны,
- яўрэяў з Забрэзскага гета.
Страчаная спадчына
правіць- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1695)
- Сядзіба «Вялікі Двор» (XIX ст.)
Клімат
правіцьКлімат умераны, з цёплым летам і мяккай зімой. Сярэдняя тэмпература студзеня — мінус 6,8 °C, ліпеня — плюс 17,5 °C. Зімой паўднёвыя, а летам усходнія і паўночна-ўсходнія вятры. Сярэдняя хуткасць ветру 3 м/с. Гадавая колькасць ападкаў 550—650 мм.
Крыніцы
правіць- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7. — С. 380.
- ↑ SgKP 1895.
- ↑ ЭГБ 1996.
Літаратура
правіць- Забрэззе // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 391. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Zabrzeź // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn (польск.). — Warszawa, 1895. — S. 209.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Забрэззе
- Падарожжа дылетанта Архівавана 28 лютага 2021. — tut.by