Замкавая царква (Навагрудак)

Замкавая царква ў Навагрудку (Царква Успення Божай Маці) — храм XIV—XVII стагоддзяў у Навагрудку. Знаходзілася на Замкавай гары, пасярод замка. У 1870-я гады ўлады Расійскай імперыі зруйнавалі царкву (захаваліся падмуркі). Твор архітэктуры мясцовай школы дойлідства і барока.

Славутасць
Замкавая царква
53°36′06″ пн. ш. 25°49′38″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад
Канфесія Праваслаўе
Дата заснавання XIV стагоддзе
Дата пабудовы XIV стагоддзе
Стан Знішчана
Map
Наваградскі замак (рэканструкцыя Віктара Сташчанюка). За Малой брамай (праязной вежай) бачны гмах гатычнай царквы

Гісторыя правіць

Пабудавана на тэрыторыі Навагрудскага замка ў першай палове XIV ст. Верагодна, яе будаўніцтва пачалося яшчэ пры вялікім князе літоўскім і рускім Гедзіміне да 1323 г., калі Навагрудак быў яго рэзідэнцыяй. Тым больш, што каля 1316 г. Навагрудак стаў кафедрай першага заходнерускага /літоўскага/ мітрапаліта Феафіла. Магчыма, пабудавалі царкву трохі пазней, пры сыне Гедзіміна Карыяце, якому ў сярэдзіне XIV ст. належала Навагрудскае ўдзельнае княства.

Як паведамляюць летапісы, ва Успенскай царкве ў 14141416 гг. адбыліся саборы епіскапаў Вялікага Княства Літоўскага, на якіх прысутнічалі епіскапы /архіепіскапы/ Полацкі, Чарнігаўскі, Луцкі, Уладзіміра-Валынскі, Перамышльскі, Смаленскі, Тураўскі і Холмскі. Па прапанове вялікага князя Вітаўта сабор пасвяціў у сан асобнага ад Масквы мітрапаліта Рыгора Цамблака і абвясціў аўтакефалію, матывуючы гэта тым, што мітрапаліт Усяе Русі Фоцій злоўжывае сваім становішчам і не здольны ўтрымліваць вялікую тэрыторыю з праваслаўным насельніцтвам. Масква і Канстанцінопаль такое рашэнне прызналі незаконным. У выніку ў 1420 г. мітраполія Вялікага Княства Літоўскага перайшла пад кіраўніцтва мітрапаліта Фоція, які двойчы наведаў Навагрудаку 1421 і 1430-м гадах.

Пасля ўтварэння ў 1448 г. аўтакефальннай Рускай Праваслаўнай Царквы, праваслаўныя епархіі Вялікага Княства Літоўскага праз некаторы час сталі аўтаномнай мітраполіяй Канстанцінопальскага патрыярхата. Навагрудак працягваў заставацца кафедрай праваслаўнага мітрапаліта. На 1530-я гады тут было ўжо 10 цэркваў: Барысаглебская, Успенская, Іаанаўская, Крыжаўздвіжанская, Мікалаеўская, Пакроўская, Пятніцкая, Сімяонаўская, Троіцкая і Уваскрасенская. Які выгляд мела ў гэты час Замкавая (Успенская) царква можна меркаваць па матэрыялах яе археалагічных даследаванняў, праведзеных у 19731974 гг. ленінградскімі археолагамі.

Царква была моцна пашкоджана ў пажары 1751 года, і доўгі час знаходзілася ў паўразбураным стане. У пачатку 1870-х гадоў яе разабралі на цэглу. Сёння на Замкавай гары Навагрудка захаваліся на глыбіні звыш 1 метра толькі яе фундаменты.

Архітэктура правіць

Царква была крыжападобнай у плане памерамі 12,2 х 13 метраў. Унутры царквы былі чатыры слупы, якія ўтрымлівалі барабан з купалам. Два бакавыя нефы і апсіда мелі рабрыстыя (нервюрныя) скляпенні. Калі глядзець звонку, над цэнтрам царквы ўзвышаўся купал, ніжэй цэнтральных сцен была апсіда, заходні прытвор і бакавыя выступы. Такі выгляд рабіў яе падобнай на некаторыя смаленскія і полацкія цэрквы XII ст. Сцены Успенскай царквы былі выкладзены з чырвонай і абпаленай цэглы, бакавыя выступы ўпрыгожваліся блокамі жоўта-зяленага туфа — што стварала царкве, якая ўзвышалася над усім горадам, вельмі прыгожы знешні выгляд.

У выніку перабудовы XVII ст. аб'ём падоўжылі на захад, павялічылі апсіду. Над паўднёвай сцяной збудавалі вежу складанай канфігурацыі. Фасады дэкарыравалі фігурнымі атынкаванымі карнізамі, нішамі, цягамі і інш.[1]

Важнай адметнасцю гэтай царквы было і тое, што тут з ХVІ ст. знаходзілася цудатворная Ікона Маці Божай Навагрудскай — вядомая многімі цудамі, у тым ліку, па словах Адама Міцкевіча, і яго цудоўным выздараўленнем.

Галерэя правіць

Зноскі

  1. Кушнярэвіч А., Ткачоў М. Навагрудская Замкавая царква // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. С. 359.

Літаратура правіць

  • Мікалай Гайба. Навагрудская Замкавая царква //Новогрудские епархиальные ведомости. 2000. — № 3 (13). — С.3.
  • Константин. Епископ Новогрудский и Лидскнй. История Новогрудской епархии от основания до настоящего времени // Наваградскія чытанні. Кн. 2. — Навагрудак, 1993. — с. 16-30.
  • Малевская М. В. Архитектурный комплекс Новогрудского детинца XIII — ХІУв.в. // Древнерусское государство и славяне. Мат. Симпозиума. — Минск, 1983. — с. 122—125.

Спасылкі правіць