Замкавішча
Качановічы, мясцовыя назвы Замкавішча або Багумілле — археалагічны комплекс за 2,2 км на паўночны ўсход ад цэнтра (скрыжыванне Р107 і H8569) вёскі Качановічы Нясвіжскага раёна, ва ўрочышчы Гарадзішча. Помнік позняга перыяду культуры штрыхаванай керамікі (IV—V ст.) і сярэднявечча (XI—XVI ст.).
Славутасць | |
Замкавішча | |
---|---|
53°11′51″ пн. ш. 26°46′31″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Апісанне
правіцьКомплекс складаецца з уласна гарадзішча Замкавішча, селішча і курганнага могільніка.
Пляцоўка гарадзішча памерам 35,5×64 м. Заходні бок умацаваны валам (цяпер прасочваецца толькі ў паўднёва-ўсходнім куце), з поўдня была абмежавана возерам і моцна забалочанай поймай безназоўнага ручая (цяпер асушанае балота з торфараспрацоўкамі). Побач селішча XI—XVI ст. плошчай 4 га. Курганны могільнік X—XIII ст. не захаваўся.
На думку А. Мяцельскага, комплекс — рэшткі старажытнага Нясвіжа, цэнтра воласці Клецкага княства, у XV ст. перанесенага на Ушу[1].
Даследаванні
правіцьГарадзішча адкрыта У. С. Астапавым у 1951 годзе. У 1953 годзе даследавана А. Р. Мітрафанавым на плошчы 48 м²[2].
Культурны пласт 1,4 м, моцна пашкоджаны пазнейшымі пахаваннямі. А. Мітрафанаў выявіў у культурным пласце два слоі. У ніжнім знойдзены матэрыялы культуры штрыхаванай керамікі (IV—V ст.) — абломкі рабрыстых слоікавых гаршкоў, гліняныя прасліцы. У верхнім — матэрыялы XI—XVI ст., але большасць з іх XII—XV ст. — рэшткі ганчарнага посуду XI—XII ст., жалезны нож для жніва, дзяржанне сярпа, ключы, чатырохгранны наканечнік стралы, фрагмент амфары. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі[2][3].
Побач размешчана селішча плошчай 4 га. Шурфоўкай В. Пазднякова ў 1992 годзе выяўлены матэрыял XI—XVI ст., большасць з яго XII—XV ст.[3]
Курганны могільнік X—XIII ст., вядомы яшчэ на пачатку XX ст. і адзначаны Г. Штыхавым[4], да цяперашняга часу не захаваўся.
Зноскі
правіць- ↑ Мяцельскі А. Пачаткі Нясвіжа // Białoruskie Zeszyty Historyczne № 34, 2010. — С. 5-19.
- ↑ а б Митрофанов А. Г. Железный век средней Белоруссии (VII—VI вв. до н.э. — VIII в. н.э) / А. Г. Митрофанов. — Минск: Наука и техника, 1978. — 160 с.; ил.
- ↑ а б Пазднякоў В. С. Археалагічнае вывучэнне Нясвіжчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Нясвіжскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2001. — 628, [1] с. — ISBN 985-11-0206-7. — С. 22-24.
- ↑ Штыхов Г. В. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 2, Памятники железного века и эпохи феодализма / Г. В. Штыхов; [под ред. Ф. Б. Борисевича] ; Белорусское добровольное об-во охраны памятников истории и культуры ; Сектор археологии ин-та истории АН Белорусской ССР. — Минск : Полымя, 1971. — 275 с. — С. 197.
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх