Клецкае княства
Клецкае княства — феадальная воласць у складзе Кіеўскай дзяржавы, Тураўскай зямлі і Вялікага Княства Літоўскага ў перыяд XII—XVIII стст. з цэнтрам у горадзе Клецку.
Гістарычная дзяржава | |
Клецкае княства | |
---|---|
|
|
Сталіца | Клецк |
Мова(ы) | старабеларуская |
Часы РусіПравіць
На пачатку XII ст. вылучана як княжацкая воласць у складзе Кіеўскай дзяржавы. Клецкі князь Вячаслаў Яраславіч згадваецца пад 1127 годам, калі кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч у кааліцыйным паходзе на Полацкую зямлю накіраваў «Вячьслава ис Турова, Андрѣя из Володимера, Всеволодка из Городна, Вячьслава Ярославича исъ Кльчьска… ити къ Ізяславлю», які яны захапілі і абрабавалі. У сярэдзіне XII — канцы XIII ст. з’яўлялася воласцю Тураўскай зямлі, ахоплівала тэрыторыі дрыгавіцкага рассялення ў басейне верхняй Лані. Калі Юрый Даўгарукі заняў Кіеў (1149), Святаслаў Ольгавіч атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче». Магчыма, да другой паловы XIII ст. княства было ўладаннем чарнігаўскіх Ольгавічаў.
Пад уладай вялікіх князёў літоўскіхПравіць
У XIV—XV стст. належала непасрэдна вялікім князям літоўскім. Вялікі князь Казімір Ягелончык на пачатку валадарства называў княства воласцю, пазней — паветам, бо яно ўваходзіла ў яго ўладанні нароўне з іншымі валасцямі і паветамі, статусам не вылучалася. Вялікія князі Аляксандр Ягелончык і Жыгімонт Стары таксама называлі княства паветам. У 1492—1522 гадах належала князю Івану Васілевічу Яраславічу, а затым яго сыну Фёдару Іванавічу, называлася напэўна княствам, але ў дакументах Канцылярыі і старонніх асоб, звычайна, пісалася як «іменье», «добра».
Затым перайшло да вялікай княгіні Боны Сфорца з правамі яе папярэднікаў. Княгіня ўжывала да яго назвы «павет» і «княства». Апошнім падкрэслівала прыроду сваёй улады, якую здзяйсняла праз клецкіх намеснікаў і падстаростаў. У 1552—1555 гадах Бона правяла на тэрыторыі Клецкага княства адну з першых у Вялікім Княстве Літоўскім валочных памер. Таксама тады была ажыццёўлена адміністрацыйная рэформа — падзел княства на 6 дзясяткаў (Валасны, Вяжэвіцкі, Канюшскі, Малеўскі, Сіняўскі, Цяцераўскі) быў зменены падзелам на 5 войтаўстваў. Непасрэдна вялікай княгіне Боне ў княстве належала 698 валок зямлі, у тым ліку зямля Клецка (каля 45 валок), мястэчка Сіняўка і 52 сялы.
Пад уладай РадзівілаўПравіць
З 1558 года княствам валодалі Радзівілы, у межах як мела яго Бона — прыкладна тэрыторыя сучаснага Клецкага і паўднёвай паловы Нясвіжскага раёна. Да 1575 года колькасць княжацкіх сёлаў скарацілася да 38 з-за іх узбуйнення, колькасць ворнай зямлі павялічылася да 809 валок. У 1586 годзе Радзівілы разам з Алыцкай і Нясвіжскай стварылі і Клецкую ардынацыю — буйное неадчужальнае ўладанне, якое склалася з іх Клецкага і Давыд-Гарадоцкага княстваў. Назву «Клецкае княства» ў XVI ст. Радзівілы амаль не ўжывалі, ужывалася назва «Клецкае панства». «Клецкае княства» пачынае стала ўжывацца ў радзівілаўскіх дакументах з XVII ст. Пры Радзівілах Клецкае княства мела атрыбуты дзяржаўнай адміністрацыйнай адзінкі ВКЛ — замкавы суд, харугву клецкай шляхты. У 1791 годзе з Клецкага, Нясвіжскага і Слуцкага княстваў Радзівілаў утвораны Случарэцкі павет Наваградскага ваяводства.
ЛітаратураПравіць
- Пазднякоў, В. Клецкае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 106—107. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Пазднякоў В. Клецкае княства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 194. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 333. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Пазднякоў В. С. Кле́цкае кня́ства // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 389. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.