Усевалад Гарадзенскі

князь гарадзенскі

Усевалад Гарадзенскі, Усеваладка (кан. 1098/[заўв 1]1099 — 1141) — гарадзенскі ўдзельны князь, пачынальнік лініі гарадзенскіх князёў.

Усевалад Гарадзенскі
Усеваладка
князь гарадзенскі
? — 1141
Пераемнік Барыс Усеваладавіч
Нараджэнне
  • невядома
Смерць 1141
  • невядома
Род Рурыкавічы
Жонка Агаф’я Уладзіміраўна[d]
Дзеці Барыс Усеваладавіч, Глеб Усеваладавіч, Мсціслаў Усеваладавіч, Ганна Усеваладкаўна[d] і Усеваладаўна Уладзімірава[d]

Упершыню згадваецца летапісам пад 1116 годам у сувязі са шлюбам з Агаф’яй, дачкой Уладзіміра Манамаха. Наступны раз згаданы Іпацьеўскім летапісам пад 1127 годам, калі вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч у паход на Полацкую зямлю накіраваў «Вячьслава ис Турова, Андрѣя из Володимера, Всеволодка из Городна, Вячьслава Ярославича исъ Кльчьска… ити къ Ізяславлю», які яны захапілі і абрабавалі. Усевалад удзельнічаў таксама ў паходзе Мсціслава і Ольгавічаў супраць літвы ў 1132 годзе.

Паходжанне Усеваладкі дыскусійнае, бо ўпершыню Усеваладку па бацьку — Давыдавічам, называе позні Густынскі летапіс (XVII ст.), але, як паказаў яшчэ ў XIX ст. Рафаіл Зотаў, летапісец паблытаў Усеваладку з Усеваладам Давыдавічам[1]. У свой час Васіль Тацішчаў у працы «Гісторыя Расійская» незалежна ад Густынскага летапісу зрабіў падобныя памылкі — аднойчы назваў Усеваладку Давыдавічам, двойчы атоесніў з Усеваладам Ольгавічам, і сцвярджаў, што Усеваладка ажаніўся з унучкай (sic!) Уладзіміра Манамаха. З працы Тацішчава памылка трапіла ў «Расійскую гісторыю» Мікалая Карамзіна і «Гісторыю Расіі з найстаражытнейшых часоў» Сяргея Салаўёва, а адтуль у сучасную гістарыяграфію.[2]

Распаўсюджанай была думка, што Усеваладка сын князя дарагабужскага і ўладзімірскага Давыда Ігаравіча (?—1112), праўнук Яраслава Мудрага. Пасля смерці бацькі (1112) Усеваладка, быццам, трапіў пад апякунства старэйшага за сябе стрыечнага брата Мсціслава Усеваладавіча, сына Усевалада Ігаравіча. Пасля смерці Мсціслава (1116) лёсам Усеваладкі заняўся вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах, ажаніў яго са сваёй дачкой Агаф’яй (кан. 1100 — ?) і даў у пасаг ускраінную Гарадзенскую воласць.[3]

Цяпер паходжанне Усеваладкі ад Давыда Ігаравіча ставіцца пад пытанне, бо незразумела чаму Усеваладка не атрымаў спадчыны свайго меркаванага бацькі — Дарагабужскага княства. Паводле старой версіі, удзелам Усеваладкі мог быць Горадзен на Гарыні, які знаходзіўся ў межах уладанняў Давыда Ігаравіча, але сучасныя археалагічныя даследаванні не выявілі там знаходак XII ст. і наогул значнага культурнага слою. Пагатоў, калі б Усеваладка быў сынам Давыда Ігаравіча, шлюб з Агаф’яй быў бы немагчымы, бо яны былі траюраднымі братам і сястрой, а шлюбы такой ступені сваяцтва на Русі былі пад кананічнай забаронай.[2]

На думку Аляксандра Назарэнкі, бацькам Усеваладкі быў берасцейскі князь Яраслаў Яраполчыч, княства якога ўключала Дарагічын і Горадзен. У 1101 годзе Яраслаў Яраполчыч быў схоплены разам з дзецьмі сваім дзядзькам вялікім князем кіеўскім Святаполкам Ізяславічам, бо быццам хацеў завалодаць дзядзькавымі гарадамі Тураўскай зямлі, якія лічыў сваёй «отчынай». Пасля гэтага вялікі князь Святаполк Ізяславіч перадаў Берасце разам з Туравам свайму сыну Яраславу Святаполчычу. Яраслаў Яраполчыч памёр у няволі ў чэрвені 1102 года. Пасля смерці Святаполка Ізяславіча (1113) велікакняжацкі сталец заняў Уладзімір Манамах і Тураў з Берасцем перайшлі ў яго непасрэднае ўладанне. Уладзімір Манамах, на думку Назарэнкі, вылучыў з Берасцейскай воласці Гарадзенскі ўдзел і перадаў яго Усеваладу, які да гэтага часу знаходзіўся ў Кіеве.[4]

Андрэй Плахонін, палемізуючы з Назарэнкам, прызнаў, што ў Густынскім летапісе, працах Тацішчава, Карамзіна і Салаўёва Усеваладка названы Давыдавічам памылкова, і правёў падрабязны аналіз магчымага з’яўлення памылкі. Плахонін пагаджаецца, што Горадзен на Гарыні нельга лічыць за воласць Усеваладкі, таму прапануе іншае паселішча з падобнай назвай у межах уладанняў Давыда Ігаравіча. У прапанаваным паселішчы, аднак, яшчэ не праводзілі археалагічных даследаванняў. Таксама Плахонін адзначыў, што на Русі вядома некалькі выключэнняў з кананічнай забароны на шлюбы паміж блізкімі родзічамі, але не тлумачыць, чаму рэлігійны Уладзімір Манамах пайшоў на такое выключэнне для шлюбу сваёй дачкі з удзельным князем. Плахонін прапанаваў некалькі магчымых альтэрнатыўных радаводаў Усеваладкі, але сам назваў іх неабгрунтаванымі і ўрэшце канстатаваў, што пытанне паходжання Усеваладкі ў сучаснай гістарыяграфіі адкрытае, пры гэтым прапанаваў лічыць Усеваладку сынам усё таго ж Давыда Ігаравіча і шукаць яго ўдзел на «Пагорыні».[5]

Усеваладка меў трох сыноў — Барыса (?—1151), Глеба (1120-я — пасля 1173), Мсціслава (? — пасля 1184); і двух дачок — адна была ў шлюбе за Юрыем Тураўскім (1144), другая — з Уладзімірам Чарнігаўскім (1144), а потым з палавецкім ханам Башкордам (1156).

Заўвагі

правіць
  1. Гл. метады злічэння гадоў у юліянскім календары.

Крыніцы

правіць
  1. Зотов Р. В. О черниговских князьях по Любецкому синоднику и Черниговском княжестве в татарское время. СПб., 1892. С.261.
  2. а б Назаренко А. В. Городенское княжество и городенские князья в XII в. // Древнейшие государства Восточной Европы, 1998 г.: Памяти чл.-корр. РАН А. П. Новосельцева. М., 2000. ISBN 5-02-018133-1, С.172-178.
  3. Гостев А. П. О возникновении удельного городенского княжества и князьях городенских // Наш радавод ; Материалы I и II межреспубликанских научных конференций по историческому краеведению Белоруссии и генеалогии. Кн. 1. — Гродна, 1990. С. 107—109.
  4. Назаренко А. В. Цыт. артыкул. С. 179—189.
  5. Плахонин А. Г. «История Российская» В. Н. Татищева и исследование генеалогии Рюриковичей // Средневековая Русь. Вып.4 / Отв.редактор А. А. Горский. — М.: Издательство «Индрик», 2004. — 336 с.: ил. ISBN 5-85759-266-6, С. 299—330.