Валынскае прадмесце

(Пасля перасылкі з Замухавечча)

Валы́нскае прадмесце[1], або Замухавечча[2] (Замухавецкае прадмесце) — паўднёвая частка сярэдневяковага Берасця (Брэста). Была адмежавана ад цэнтральнай часткі горада на поўначы ракой Мухавец, на захадзе — ракой Заходні Буг. Сфарміравалася абапал дарогі на Валынь на працягу XIIXVIII стст. Тэрыторыя прадмесця цяпер размяшчаецца ў межах земляных валоў і бастыёнаў Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці (каля 24 га)[1].

Агульны план кляштароў бернардзінак (злева) і бернардзінцаў (справа)

У 1993 годзе даследаваў В. Е. Собаль. Культурныя наслаенні таўшчынёй 0,5—3,6 м. Мацярык уяўляе сабой глей альбо светла-шэры пясок. Найбольш магутныя наслаенні 2—3,6 м канцэнтруюцца вакол комплексу былых кляштараў бернардзінцаў і бернардзінак і на поўнач ад іх бліжэй да Мухаўца. Стратыграфія культурнага слоя парушана забудовай XIX стагоддзя. Выяўлены фрагменты падмуркаў камяніц і рэшткі цаглянай муроўкі[1].

Валынскае прадмесце на плане горада 1824 года.

На плане Брэста 1824 года паказана планіроўка і забудова прадмесця. Яе дамінантай з’яўляліся гандлёвая плошча на беразе Мухаўца і бернардзінскія кляштары. Прадмесце злучалася з цэнтрам горада Бернардзінскім мостам[1], за якім знаходзілася Замухавецкая брама[3]. Па перыметры плошча была забудавана каменнымі і драўлянымі пабудовамі. Ад яе ў паўднёвым накірунку адыходзілі 2 вуліцы — Валынскі паштовы тракт і Манастырская. На ўсход ад тракта невялікі завулак, а на паўднёвы захад — вуліца без назвы, ад якой адгаліноўваліся 3 завулкі (адзін з іх злучаў яе з Манастырскай вуліцай). Усе завулкі былі забудаваны драўлянымі пабудовамі. Паміж вуліцамі і завулкамі змяшчаліся гарадскія фундушавыя пляцы і сады[1].

Вакол плошчы і кляштараў на тэрыторыі ў 4—4,5 га захаваліся напластаванні XIIXX стст. Пласт таўшчынёй 10—20 см са старажытнай керамікай, шыфернымі прасліцамі, ювелірным пінцэтам, цыліндрычным жалезным замком знаходзіцца ў ніжніх пластах шурфаў. У гэтай частцы прадмесця на паўднёвы ўсход ад дзяцінца ў XIIXIII стст. існаваў адзін з пасадаў старажытнага Берасця. У наслаеннях XIVXVI стст. таўшчынёй 0,4—1 м знойдзены гліняны посуд, арбалетны болт, кавалкі гаршковай кафлі XVXVI стст. з круглым і квадратным вусцямі. Слой характарызуецца адсутнасцю цаглянага друзу, які ўтвараецца пры каменным будаўніцтве. За 30—70 м на поўнач ад кляштара бернардзінак зафіксаваны асобныя бярвёны і спарахнелае дрэва. Верагодна, гэта рэшткі драўляных бернардзінскіх кляштараў XVI — пачатку XVII ст.[1]

Наслаенні XVIIXIX стст. таўшч. 0,5—1,7 м насычаны фрагментамі цэглы, кавалкамі вапнавай рошчыны і тынкоўкі, каменнем і распаўсюджаны практычна паўсёй тэрыторыі прадмесця. У гэты перыяд вялося будаўніцтва бернардзінскіх касцёла, кляштара і Брэсцкай крэпасці. У слоі знойдзены разнастайны гліняны посуд: фрагменты кухонных гаршкоў, місак, збаноў, кубкаў, талерак. Сярод керамікі пераважакшь дымлёныя і чорнаглянцаваныя вырабы. Значна менш зялёнапаліванага і чырвонаглінянага посуду. Каробчатая пячная кафля прадстаўлена фрагментамі тэракотавых і зялёнапаліваных вырабаў з рэльефнай і гладкай вонкавай пласцінай. Да канца 19 — пач. 20 ст. адносіцца кафля з гладкай белаэмалевай паверхняй. Знойдзены таксама фрагменты шклянога посуду (бутэлькі, стопкі, кварты), аконных шыб і разнастайныя вырабы з жалеза: падковы, дзвярныя петлі, цвікі, абутковыя падкоўкі, ключ ад навяснога замка і інш[1].

Заходняя частка прадмесця, што прылягае да Заходняга Буга, мае паніжаны рэльеф мясцовасці. Таўшчыня культурных наслаенняў 0,6—2,1 м. Слой у верхніх пластах моцна перакапаны агародамі, якія тут існуюць з 1990-х гг. Прысутнасць у слоі наносаў рачнога пяску таўшчынёй 0,2—0,4 м сведчыць аб разлівах Заходняга Буга і затапленні ўсходняй забалочанай поймы. Грунтавыя воды на глыбіні 1,6— 1,7 м часта стаяць вышэй за ўзровень мацерыка. Калекцыя сабраных знаходак сведчыць, што гэтая тэрыторыя прадмесця актыўна засялялася ў канцы XVIXVII ст.[1]

У паўднёвай частцы прадмесця, непасрэдна каля валоў крэпасці, культурны пласт таўшчынёй 0,3—1 м. На поўначы ад валоў таўшчыня слоя ўзрастае да 1,2—1,8 м. Тут знойдзены рэчы 17—19 стст. Сярод іх фрагменты задымленай і глянцаванай керамікі, пліткі падлогі, жалезных шлакаў, пячной кафлі, шкляных начынняў. Каля паўночна-ўсходняга і ўсходняга валоў Валынскага ўмацавання таўшчыня культурнага пласта з парушанай стратыграфіяй складае 1,5—2 м. Тут знойдзены кавалкі паліхромнай кафлі 17 ст., донца шкляной кварты, манета 17 ст., фрагменты парцэляваных талерак, косці жывёл. Ад часоў будаўніцтва крэпасці захавалася спражка ад салдацкага паяснога рэменя з выявай двухгаловага расійскага арла[1].

У верхніх наслаеннях (0,1—0.3 м) прадмесця прысутнічаюць сляды Вялікай Айчыннай вайны ў выглядзе стрэляных гільзаў, штыка ад вінтоўкі Мосіна, асколкаў мін і снарадаў[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і Брэсцкі культурны слой Валынскага прадмесця // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  2. Брэст // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. — 528 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0373-X.
  3. Брэсцкія гарадскія ўмацаванні // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.

Літаратура правіць