Царква Святой Варвары (Райца)

(Пасля перасылкі з Капліца-пахавальня Раецкіх)

Храм Святой велікамучаніцы Варвары — праваслаўны храм у вёсцы Райца (Карэліцкі раён). Царква пабудавана ў выглядзе карабля ў 1817 годзе з бутавага каменю і цэглы памешчыкам Францішкам Раецкім як касцёл-пахавальня.

Праваслаўны храм
Царква Святой Варвары
53°28′02″ пн. ш. 26°01′31″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Райца
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Навагрудская епархія
Архітэктурны стыль псеўдаготыка
Заснавальнік Францішак Дунін-Раецкі
Дата пабудовы 1817 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000323шыфр 413Г000323
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Першае апісанне драўлянай Царквы ў гонар Раства Хрыстова ў вёсцы Райца сустракаецца ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 16801682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Царква была пабудавана па фундацыі паноў Раецкіх. Святаром прыходу быў Мікалай Раецкі, яго памочнік Андрэй Тамашэўскі. Прыход аб'ядноўваў 405 вернікаў. У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца пра існаванне царквы ў вёсцы Райца з 1652 года.

 
Касцёл у Райцы на малюнку Н. Орды

Існуючая мураваная Спаса-Праабражэнская царква была пабудавана ў 1817 годзе ўладальнікам вёскі Францам Раецкім як каталіцкі касцёл. У 1863 годзе касцёл быў асвячоны як праваслаўны храм, у гонар Праабражэння Гасподняга. Згодна з апісаннем 1864 года ў вёсцы Райца размяшчалася Спаса-Праабражэнская чацвёртага класа мураваная царква, накрытая меднымі лістамі. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча.

У гады «хрушчоўскіх ганенняў» храм быў узарваны. У 2003 годзе адноўлены ў першапачатковым выглядзе і асвячоны ў гонар святой велікамучаніцы Варвары.

Архітэктура правіць

 
Галоўны фасад (захаваная частка)
 
Вежа
 
Бакавы фасад. Аб'ём за вежай быў адноўлены ў 2003 годзе

Архітэктура будынка выканана ў гатычным стылі і нагадвае сярэдневяковы ўмацаваны замак.

Храм быў пабудаваны з камення і цэглы. Царква была вырашана падоўжаным чатырохвугольнікам у гатычным стылі з вежай-званіцай у франтоннай частцы. На даху вежы, замест крыжа, размяшчалася вялікая гіпсавая скульптура Божай Маці. Дах зроблены з лістовай медзі, вонкавыя сцены неатынкаваныя, вокны размешчаны ў адзін рад, мелася двое дзвярэй. Унутры царква мела падлогу з каменных пліт, столь вырашана ў выглядзе скляпенняў з цэглы. Новы драўляны іканастас, з пілястрамі, быў пафарбаваны ў ружовы колер, з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разьбой, складаўся з васьми абразоў мясцовага пісьма, размешчаных у тры рады. У царкве захоўваўся мясцова-шанаваны абраз Божай Маці, пакрыты масіўнаю сярэбранай рызай. У скляпеннях пахавальні пад храмам знаходзілася магілы Франца Раеўскага і яго нашчадкаў. На вежы-званіцы быў усталяваны вежавы гадзіннік з боем. Званоў было чатыры вагой у 40, 15, 6 і 1,5 пуда. Царква размяшчалася на гары абнесенай каменнай агароджай. У вёсцы Машэвічы размяшчалася адна прыпісная царква.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю, яго аблічча навеяна рамантычнай архітэктурай сярэдневяковага ўмацаванага замка. Прадаўгаваты прамавугольны ў плане будынак, на галоўным фасадзе якога ўзвышаецца магутная чатырохгранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані былі куранты. Галоўны ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб'яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчана акно-«ружа» і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Бакавыя фасады расчлянёны ступенчатымі контрфорсамі. Метровыя сцены касцёла, выкладзеныя з бутавага каменю і моцна абпаленай цэглы, разам з медным дахам ствараюць насычаны паліхромны цёплы каларыт. На яго фоне вылучаецца пабеленыя элементы архітэктурнага дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў.

Інтэр'ер правіць

Зала храма перакрыта цагляным стральчатым скляпеннем, нартэкс — цыліндрычным, падлога выкладзена каменнымі плітамі. У сцяну нефа быў умураваны камень з барэльефнай выявай галавы Св. Іаана Хрысціцеля. На вежу вядзе вінтавая лесвіца з правага боку арачных хораў. Пад храмам скляпеністая крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям'і.

Прыход правіць

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Райца, Новая Райца, Забердава, Лукошын, Скрышава, Хвалава, Волда, Малюшыцы, Мокрава, Шчонава, Валокі, Рубілкі, Палужная, Русацын, Ровіны, Рамейкі, Цімошкавічы, Баранавічы, Мошавічы.

Настаяцелі правіць

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Спаса-Праабражэнскай царквы вёскі Райца (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі):

  • Гарбацэвіч
  • Рудакоўскі
  • Фёдар Маскалевіч (1876 —?),
  • Васіль Паўлюкевіч (1889—1891),
  • Мікалай Прорвіч (1893—1898),
  • Антоній Быкоўскі (1900—1902),
  • Павел Мацкевіч (1905—1908),
  • Аляксандр Валасовіч (1910—1915).

Зноскі

Літаратура правіць

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).
  • «Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.» / Укладальнік Д. В. Лісейчыкаў. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2009. — 270 с., стар. 120—121.
  • Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213.
  • Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.
  • Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.

Спасылкі правіць