Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Сноў)

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Снове Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, помнік архітэктуры барока.

Каталіцкі храм
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля
53°13′11″ пн. ш. 26°24′30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Сноў
Канфесія Каталіцызм
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Нясвіжскі дэканат
Архітэктурны стыль барока
Першае згадванне 1650 г.
Дата пабудовы 1760 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000499шыфр 613Г000499
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Парафія існуе з 1650 года. Мураваны парафіяльны рымска-каталіцкі касцёл быў пабудаваны ў 1760 годзе з цэглы ў стылі барока на сродкі Яна Хрысціяна Рдултоўскага. Звонку атынкаваны. Пад канец XIX стагоддзя метрычныя кнігі захоўваліся ад 1841 года. У 1866 г. быў пераўтвораны і асвячоны ў праваслаўную прыходскую Спаса-Праабражэнскую царкву, якая была капітальна адрамантавана ў 1884 г. (Па дадзеных у кнізе «Памяць» касцёл быў ператвораны ў Спаса-Прэабражэнскую царкву ў 1895 г.). Касцёл быў адноўлены ў Снове ў 1921 г. Пасля Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў паўзруйнаваным стане.

Храм перададзены вернікам у 1991 г. і адноўлены ў 1994 годзе[1].

Архітэктура

правіць

Касцёл стаіць у цэнтры мястэчка Сноў на вуліцы Нясвіжскай, з некаторым адступам ад забудовы вуліцы і сваім галоўным фасадам арыентаваны да яе.

Храм у плане ўяўляе сабой выцягнуты прамавугольнік, які завяршаецца паўцыркульнай апсідай ва ўсходнім тарцы. На процілеглым заходнім (галоўным) фасадзе па баках выступаюць прамавугольныя часткі — асновы вежаў. Храм накрыты двухсхільным дахам, апсіда — паўсферычным. Галоўны фасад храма мае двухвежавае завяршэнне, вырашаны ў традыцыйных для барока прыёмах: фасадная плоскасць па вертыкалі раздзеленая на тры часткі: цэнтральную і две бакавыя. Цэнтральная ў тры разы шырэй за бакавыя, адпавядае асноўнаму аб’ёму (у межах сцен храма), вузкія бакавыя часткі адпавядаюць аб’ёмам вежаў, што выступаюць за сцены храма[2].

Цэнтральная частка фасада вылучаная дзвюма пілястрамі дарычнага ордара, у цэнтры паміж імі галоўны ўваход у касцёл. Паабал уваходу (за пілястрамі) дзве нішы, у якіх устаноўленыя скульптурныя выявы апосталаў Яна і Паўла. Над уваходам і над нішамі (на другім паверсе галоўнага фасада) — тры аконныя праёмы з лучковым завяршэннем. Паміж праёмамі пілястры дарычнага ордара. Вузкія бакавыя часткі фасада фланкіраваныя дарычнымі пілястрамі, на другім паверсе маюць аконныя праёмы.

Па галоўным фасадзе над пілястрамі праходзіць шырокі антаблемент, які падзяляе сцяну фасада на дзве часткі: ніжняя (вясокая з пілястрамі) і верхняя — завяршэнне храма.

Бакавыя вертыкальныя часткі фасада завершаныя двух’яруснымі вежамі, а цэнтральная — шырокай атыкавай сценкай. У цэнтры атыка двух’ярусны франтон з паўцыркульнымі барочнымі сценкамі. Верхнія часткі вежаў маюць даволі высокія глухія шатровыя дахі.

Бакавыя фасады касцёла таксама маюць трохчасткавае чляненне, вырашаныя асіметрычна. Дамінантай з’яўляецца бакавая частка вежы з шатровым верхам, больш нізкія сцены асноўнага аб’ёму храма. Завяршае кампазіцыю цыліндрычная апсіда з бакавой сакрысціяй. Закругленая сцяна апсіды прарэзаная двума невялікімі вокнамі.

У інтэр’еры высокая зала касцёла мае скляпеністае перакрыцце на папружных арках. Над апсідай — конхавае скляпенне. Бакавыя сцены інтэр’ера дэкарыраваны дарычнымі пілястрамі, што праходзяць паміж аконных праёмаў. Пры ўваходзе — галерэя хораў, якая мае драўляную агароджу. Мураваны алтар таксама вырашаны ў стылі барока. Зроблены ў выглядзе дэкаратыўнай сценкі. Мае адзіную вось сіметрыі і тры вертыкальныя часткі, ніжняя вырашаная масіўнай плітой, асноўная сярэдняя дыкарыраваная карынфскімі пілястрамі, верхняя меншая па памерах, завершаная барочнымі валютамі крывалінейнага абрысу. На процілеглых сценах апсіды захаваліся дзве надмагільныя дошкі канца XVIII стагоддзя (пахаванні знаходзяцца ў крыпце ў цэнтры храма пад падлогай). Насценная размалёўка не захавалася[3].

Зноскі

  1. парафія Св. Яна Хрысціцеля ў Снове — Catholic.by, 2 жніўня 2017 (бел.)
  2. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Нясвіжскага раёна / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — С.547-548).
  3. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5., С.342

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць