Касцёл Узвіжання Святога Крыжа (Ліда)

Ліда

Касцёл Узвіжання Святога Крыжа знаходзіцца ў цэнтры горада Ліда. Пабудаваны ў 1747(1765?)—1770 г. з цэглы як фарны, верагодна, па праекце віленскага архітэктара І. К. Глаўбіца. Дзейнічае.

Каталіцкі храм
Касцёл Узвіжання Святога Крыжа
Lida-Church.JPG
53°53′21″ пн. ш. 25°18′11,50″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Ліда
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль віленскае барока
Будаўніцтва 17471770 гады
Стан дзейнічае

ГісторыяПравіць

Прывілей на заснаванне ў Лідзе парафіяльнага касцёла быў падпісаны каралём Ягайлам 17 ліпеня 1387 года ў Лідскім замку. Але першы драўляны касцёл, пабудаваны на падзамчышчы, згарэў у 1392 падчас нападу крыжакаў. Адбудаваную святыню 3 чэрвеня 1397 асвяціў пад падвойным тытулам св. Францішка і Святога Крыжа першы віленскі біскуп Андрэй Васіла. Апекаваліся касцёлам францішканцы. У 1406 касцёл быў зноў спалены пры нападзе на горад смаленскага князя Юрыя Святаслававіча, а ў 1414 адноўлены і асвечаны пад трайным тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі, Усіх Святых і Святога Крыжа. У 1466 францішканцы пакінулі Ліду.

7 ліпеня 1616 г. фундуш лідскай Фары пацвердзіў кароль Жыгімонт I. Падчас «маскоўскага нашэсця» старажытная святыня была знішчана. Апошні драўляны будынак Фары быў асвечаны ў 1674 біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім. У 1644 пры касцёле была заснавана альтарыя.

Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, а з 1624 г. яшчэ і ружанцовае брацтва. Было таксама два прытулкі: мураваны шпіталь каля касцёла (пабудаваны ў другой палове XVIII ст., рэканструяваны ў 1851 г. на сродкі Канстанцыі Быстрыцкай) і драўляны — пры парафіяльных могілках.

 
Касцёл у пач XX ст.

Касцёл пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа, які дзейнічае і сёння, быў пабудаваны ў стылі сталага барока біскупам Тамашам Зяньковічам за грошы, ахвяраваныя на гэтую мэту віленскім біскупам Міхалам Зяньковічам, яго дзядзькам. Будаўніцтва пачалося ў 1765 і скончылася ў 1770 годзе. Узвялі святыню ў самым цэнтры горада, трошкі далей ад таго месца, дзе стаяў драўляны касцёл, на цэнтральнай вуліцы — Віленскай (сёння вул. Савецкая). Стары драўляны касцёл па загадзе лідскага старасты і падстолія ВКЛ Сцыпіёна быў разабраны на матэрыял для гарадской уніяцкай царквы.

Комплекс касцёла з асобна пабудаванай званіцай быў абнесены мураванай агароджай з барокавай брамай. Званіца знікла яшчэ ў ХІХ ст., агароджа знесена ў пасляваенны час.

У 1928 касцёл быў асвечаны віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. Перад Другой сусветнай вайной лідская парафія налічвала амаль 14 тыс. вернікаў (не лічачы Ліда-Слабодскай парафіі). Да фарнага касцёла з XVIII ст. належалі філіяльныя касцёлы ў Крупаве і Кір’яноўцах, у ХІХ ст. — капліцы ў Востраве, Перапечыцах, Чэхаўцах і на парафіяльных могілках. У 1920-я гады далучылася капліца ў гарадской вязніцы, а ў 1930-я — яшчэ і капліца ў Цвермах, але знікла капліца ў Чэхаўцах.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа дзейнічаў і ў гады панавання савецкай улады. Быў залічаны да помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння.

АрхітэктураПравіць

 
Выгляд з боку апсіды

Помнік архітэктуры барока. 3-нефавая 2-вежавая базіліка (вежы страчаны ў час пажару 1821 г.) з прамавугольнай апсідай і бакавымі нізкімі сакрысціямі (прыбудаваныя пазней, разам з прытворам). Накрыты 2-схільным чарапічным дахам з вальмамі над апсідай, завершанымі невялікай сігнатуркай. Галоўны фасад завершаны фігурным шчытом з 3-вугольным франтонам з «Глорыяй», расчлянёны слаістымі пілястрамі. Яны разам з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах ствараюць рытміку бакавых фасадаў з вытанчана прафіляваным антаблементам. Алтарная сцяна апсіды раскрапавана пілястрамі на тры часткі, прычым цэнтральная мае сегментарную ў плане форму.

Унутры цэнтральны неф апяразаны крапаваным антаблементам і перакрыты разам з алтарнай часткай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — цыліндрычнымі на папружных арках, сакрысціі — плоскай столлю на падугах. Інтэр’ер, афармленне якога прыпісваецца І. К. Глаўбіцу, упрыгожвае фрэскавая размалёўка скляпенняў, сцен, аконных адхілаў, скульптура і арнаментальная лепка ў стылі ракако. У ім 3 стукавыя алтары.

Касцёл быў абкружаны мураванай агароджай з барочнай брамай (не захавалася).

Інтэр’ерПравіць

 
Унутранае ўбранне касцёла

Інтэр’ер касцёла падзелены на тры нефы чатырма апорамі і перакрыты сістэмай цыліндрычных скляпенняў на падпружных арках з распалубкамі. На скляпеннях у барокавым арнаментальна-дэкаратыўным абрамленні размешчаны фрэскавыя пано «Узвіжанне Святога Крыжа», «Маці Божая», «Дабравешчанне», «Бязгрэшнае зачацце», «Уручэнне ключоў Св. Пятру», 4 картушы з выявамі евангельскай сімволікі. Скляпенні дэкараваны арнаментальнымі матывамі.

 
Абраз «Маці Божая Ружанцовая»

У касцёле змешчаны восем алтароў. Галоўны створаны ў стылі ракако, раскрапаваны чатырма калонамі і спаранымі пілястрамі карынфскага ордэра, размаляванымі пад шэра-блакітны мармур. У цэнтры алтарная гіпсавая скульптура «Укрыжаванне» размешчана на маляваным фоне з выявай Галгофы, акаймавана ракайльнай рамай. Пры калонах усталяваны фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла, Найсвяцейшай Панны Марыі і апостала Яна Багаслова. Над ёй у барочным картушы размешчаны абраз «Апошняя вячэра», у завяршэнні алтара — ляпныя аблокі вакол круглай люкарны. У канцах нефаў аналагічна вырашаны і 2 бакавыя алтары, выкананыя ў тэхніцы штучнага мармуру, што ўтвараюць 2-ярусную насценную кампазіцыю на філёнгавым п’едэстале, на якім узняты 2 карынфскія калоны, што нясуць фігурны шчыт з пуцці і дэкаратыўнымі вазамі, завершаныя гарэльефнымі выявамі серафімаў у аблоках, таксама ў стылі ракако. Злева знаходзіцца алтар Маці Божай Вастрабрамскай, абраз намаляваны ў 1847 на дубовай дошцы; у другім ярусе алтара — абраз Маці Божай Шкаплернай. Справа — алтар з абразом св. Францішка і фігурай Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, наверсе — абраз св. Тэклі. Два алтары ўсталяваны пры апорах, бліжэйшых да прэзбітэрыя. Злева знаходзіцца алтар з абразом Маці Божай Лідскай (Ружанцовай). Справа — алтар з абразом св. Тэрэзы. Яшчэ два барокавыя алтары ўсталяваны пры сценах касцёла: злева — св. Антонія, справа — св. Станіслава Біскупа. Алтар Маці Божай з Лурда змешчаны ў нішы хоравай сцяны, справа ад уваходу.

Гісторыка-мастацкая значнасць надаецца абразу Маці Божая Ружанцовая», які, згодна з паданнем, прывены ў Ліду з Візны (з-пад Беластока) у 1376 г. першымі місіянерамі — францысканцамі. Фрэскавы жывапіс выкананы ў вохрыста-умбрыстай каляровай гаме з перавагай блакітна-зялёных таноў. У стылі ракако вырашаны каваны амбон у выглядзе трыльяжнай чашы з накладнымі картушамі. Над уваходам на вялікай арцы ўзняты хвалістыя хоры. На міжнефавым слупе справа ў 1933 г. ўмуравана мемарыяльная пліта.

Над уваходам зроблены хоры, дзе ўсталяваны арган на дзесяць галасоў з трыма мяхамі. За алтаром у тоўшчы сцяны знаходзіцца лесвіца, якая вядзе ў крыпту (ачышчаная ад пахаванняў у 1846 годзе).

ЛітаратураПравіць

  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 258.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2001. ISBN 985-11-0199-0

СпасылкіПравіць