Савецкая вуліца (Ліда)

Савецкая вуліца (руск.: Советская улица) — вуліца ў горадзе Лідзе Гродзенскай вобласці Беларусі.

Савецкая вуліца
Ліда
Агульная інфармацыя
Краіна
Горад
Ранейшыя назвы Віленская, 41-га Сувальскага палка (Сувальская)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Адна са старэйшых вуліц горада. Археолагі вызначылі, што культурны слой тут дасягае 2,5 метра (каля музычнага каледжа)[1]. Гістарычна Віленская-Замкавая была галоўнай вуліцай вузкай сялібнай тэрыторыі, заціснутай паміж двума рэкамі, і паўтарала абрысы водападзелу, ідучы ад замка (1320-1330-я) каля зліцця рэк[2] у кірунку да Вільні, ад якога і пайшла назва. Упершыню назва Віленская згадваецца 20 верасня 1674 г., калі лідская мяшчанка Соф’я Івашкевіч падарыла манахам-кармелітам палову пляца на вуліцы[3].

У канцы XVIII ст. склаліся чатыры папярочныя вуліцы рознай ступені развітасці, якія адыходзілі ў бакі ад галоўнай вуліцы. Па Віленскай вуліцы склаўся кампактны двухцэнтрава лінейны грамадскі цэнтр, абумоўлены камунікацыяй паміж дзвюма плошчам: галоўнай гандлёва-адміністрацыйнай шматвугольнага абрысу і культурна-гандлёвай трохвугольнай перад замкам. Уздоўж вуліцы быў созданы рад манументальных збудаванняў, якія адрозніваліся цеснай згрупаванасцю[2].

З поўдня на поўнач па вуліцы размяшчаліся фарны Крыжаўзвіжанскі касцёл (17471770), касцёл Дзевы Марыі (другая палова XVIII ст.) і кляштар кармелітаў, ратуша (XVIII ст.), сінагога (XVIII ст.), базыльянская царква з манастыром (XVIII ст.), касцёл Святога Іосіфа (17971825)[2].

Да 1824 г. Віленская была выбрукавана каменем[4]. Пажар 23 жніўня 1842 года ў Лідзе ўзнік з-за перагрэву печы ў яўрэйскай лазні. У выніку згарэлі касцёл піяраў, школьны двор, частка дамоў каля Рыначнай плошчы і 43 дамы ўздоўж вуліцы Віленскай, паводле іншых звестак, згарэлі 80 яўрэйскіх дамоў і 40 хрысціянскіх, а таксама павятовая драўляная паштовая кантора[1][5]. На плане горада, складзеным пасля пажару, бачна, што гарадская тэрыторыя прасунулася на поўнач уздоўж Віленскай дарогі[1].

У сярэдзіне XIX стагоддзя, па ўспамінах Мірона Браніслава Нарбута, Ліда гэта «адна доўгая вуліца Віленская, якая праходзіць па ўсёй даўжыні горада на працягу вярсты. Папярок іншая вуліца — Каменская, па баках вуліцы кароткія: Сенатарская і Крывая і, нарэшце, Рынак»[4].

6 кастрычніка 1891 г. у Лідзе здарыўся пажар, у якім згарэла большая частка горада, практычна ўся яго цэнтральная частка. Хутка пасля пажару вуліца Віленская была забудаваная цаглянымі двухпавярховымі будынкамі, напершых паверхах якіх размясціліся крамы, майстэрні, закусачныяі г. д[1].

 
Кармеліцкі касцёл (злева) і Фарны касцёл. 1900

У пачатку ХХ стагоддзя Віленская была гандлёвым і прамысловым цэнтрам Ліды, на ёй размяшчаліся 206 прадпрыемстваў: майстэрні, аптэкі, пякарні, кафэ, кандытарскія, чайныя, корчмы, гасцініцы, кінематограф, банкірскія канторы, казначэйства, шматлікія крамы, склады і пошта. У 1913 г. працягласць вуліцы складала 2 км. Першыя паверхі будынкаў ад касцёла да сабора ўяўлялі сабой гандлёвы пасаж без даху працягласцю 400 м, другія паверхі былі жылымі. Унутры вузкіх выцягнутых да Лідзейкі і Каменцы двароў размяшчаліся заводы — медаварны, 2 піваварныя, 2 лесапільныя, чыгуналіцейны, цукерачная і тытунёвая фабрыкі, 2 друкарні[3].

У 1921 г. частка вуліцы Віленскай да чыгуначнага пераезду[6] была перайменавана ў вуліцу Сувальскага палка, названую ў гонар 41-га Сувальскага палка[pl], які не пусціў у Ліду часці Чырвонай Арміі, якія ўцякалі пасля паражэння пад Варшавай у 1920 годзе[5]. У прастамоўі вуліца называлася проста Сувальскай[7].

На мяжы 1920-1930-х гадоў на вуліцы Сувальскай знаходзілася 20 галантарэйных крамаў, 14 з вырабамі тэкстыльнай прамысловасці, т.зв. мануфактура, 13 з таварамі спажывецкімі, 9 з т. зв. таварамі каланіяльнымі, 6 піўных, 5 крамаў з абуткам, 5 цукерняў, 3 кнігарні, 3 крамы з вяндлінамі (вэнджанасцямі), 3 з напоямі алкагольнымі, 2 з мэбляю і г.д., былі таксам 4 банкі. Яўгенія Ярмантовіч у сваёй кнізе «У цені замка Гедзіміна» (1995) апісвае вуліцу ў 1930-я гады: «Вуліца Сувальская была густа забудавана з абодвух бакоў. Паміж разнастайнымі крамамі і крамкамі амаль не было прамежкаў, так блізка суседнічалі яны паміж сабой. Стваралася ўражанне вялікага гандлёвага цэнтра»[8].

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР ў 1939 годзе атрымала назву Савецкая.

У паваенны перыяд мерыдыянальны кірунак у планіроўцы горада быў прадстаўлены адной толькі Савецкай вуліцай. Такая сітуацыя захоўвалася да завяршэння праспекта Перамогі[9].

Размяшчэнне правіць

Да скрыжавання з вул. Кірава арыентавана з паўдня на поўнач, пасля — з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Размешчана паміж праспектам Перамогі і ракой Лідзеяй. Пачынаецца ад скрыжавання вуліц Замкавай і Грунвальдскай каля плошчы 600-годдзя Ліды і Лідскага замка, перасякае вуліцу Ленінскую, з ўсходу прымыкае вуліца Таўлая, з захаду — вуліца Кірава, далей перасякае вуліцы Міцкевіча, 8 Сакавіка, з паўднёвага ўсходу прымыкае вуліца Фабрычная, завяршаецца за чыгуначнымі пуцямі скрыжаваннем з вуліцай Льва Талстога, пераходзячы ў вуліцу Свярдлова. Даўжыня вуліцы складае каля 1,8 км.

Забудова правіць

Няцотны бок правіць

  • Сувальская вуліца, 3 (не захаваўся) — будынак, у якім размяшчаліся тэхнічны аддзел гарадской управы, гарадская бібліятэка і рэдакцыя «Лідскай зямлі», перанесеная ў 1938 г. з вуліцы Замкавай. Прыблізна на месцы, дзе былі дамы № 3, 5, 7 на вул. Сувальскай зараз стаіць гандлёвы дом «Юбілейны» па Савецкай вуліцы, 1. Гарадская бібліятэка аднавіла сваю працу ў 1922 г. Запачаткаваў кніжныя фонды бібліятэкі былы бурмістр Ліды Рудольф Бергман, ён падараваў гораду сваю асабістую бібліятэку. Не менш за 25 % кніг прыпадала на яўрэйскую літаратуру. Гэта была адна з лепшых устаноў такога кшталту ў Заходняй Беларусі. Сучаснікі адзначалі, што ў яе фондах былі навейшыя выданні сусветнай літаратуры, творы, адзначаныя высокімі ўзнагародамі, Нобелеўскімі і іншымі прэміямі. У фондзе мэтанакіравана быў выдзелены раздзел краязнаўчай літаратуры[10].
Пры канцы 1937 г. у гарадской бібліятэцы прайшоў двухдзённы семінар павятовых бібліятэк[10].
Пры канцы 1938 г. бібліятэка была грунтоўна адрамантавана і атрымала новыя пакоі. Чытальная зала засталася ў былым бібліятэчным пакоі, а кніжныя фонды былі перанесены ў два новыя пакоі таго ж будынка. Яўрэйскі аддзел таксама атрымаў два новыя пакоі, у першым зроблена чытальная зала, а ў другім кнігасховішча[10].
 
Касцёл у пачатку XX ст.
На працягу XIX ст. першы паверх кляштара часта выкарыстоўваўся для свецкіх мэтаў. Акрамя павятовага архіва, тут месціліся павятовая каса і нават суд з канцылярыяй. Ужо на пачатку XIX ст. касцёл і кляштар патрабавалі рамонту, удалося адрамантаваць фасад, гзымсы і дахі. Але 20 траўня 1826 г. пажар знішчыў дах і пашкодзіў скляпенні. Пасля пажару касцёл стаяў занядбаны і брудны. У 1829 г. была пабудавана новая званіца. Касцёл закрыты царскім указам ад 6 верасня 1835 года[11].
Выкананыя ў 1840 г. абмеры сведчыць, што касцельныя скляпенні ўжо не існавалі. У 1845 г. будынак кляштара быў перароблены на вайсковы шпіталь, касцёл быў кінуты і разбураўся. У 1851 г. кляштар апісваўся як кінуты і разбураны. У 1858 г. муры святыні «ледзь трымаліся»[11].
У 1908 г. касцёл быў разабраны. Цэгла выкарыстоўвалася для будаўніцтва кашараў Паўночнага вайсковага гарадка. У тым жа 1908 г. кляштар занялі вайскоўцы. Пад час нямецкай акупацыі 1915-18 гг. у будынку былога кляштара месціўся салдацкі клуб[11][12]. З 1927 г. ў будынку кляштара размясцілася староства Лідскага павета[11]. У час Вялікай Айчыннай вайны, у 1941 г., будынак былога кармеліцкага кляштара згарэў, але сцены яго стаялі да пачатку 1950-х гг.[12], пасля чаго знесены. Зараз на месцы кляштара знаходзіцца будынак музычнага каледжа[11].
 
Гатэль «Нямецкі дом». 1917—1918
  • Віленская вуліца, 19 (не захаваўся) — з 1917 г. пачаў працаваць гатэль «Нямецкі дом». З боку вуліцы Віленскай да гатэля была прыбудавана летняя тэраса рэстарана, з якой для наведвальнікаў меўся добры відарыс цэнтральнай вуліцы горада. Дом гарэў падчас вулічных баёў 1919 і 1920[ru] гг. і страціў летнюю тэрасу і трэці, мансардны паверх[13].

Цотны бок правіць

 
Былы кінатэатр «Кастрычнік» (дом № 12)
  • № 12 — Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (былы кінатэатр «Кастрычнік»).
  • № 16 — двухпавярховы будынак. У двары дома знаходзіўся будынак кінатэатра «Эра». Абодва будынкі згарэлі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У доме падчас вайны у яго сценах месцілася кухня, што карміла яўрэяў лідскага гета, калі яны пад канвоем выконвалі работы па разборцы згарэўшага цэнтра горада, таму ён не быў разабраны і быў адноўлены толькі пасля вайны. Пасля невялікага рамонту адразу пасля 1945 года ў ім пачаў працаваць гарадскі кінатэатр[14]. З успамінаў гараджан[15]:
 
Кінатэатр у доме па Савецкай, 16. 1950-я
  Тут быў кінатэатр з глядзельнай залай на другім паверсе. Пасля сеанса гледачы спускаліся з боку двара па арматурнай, стромкай, амаль пажарнай лесвіцы. … Было вельмі нязручна ў цеснай зале з нізкай столлю, дзе стаялі масіўныя квадратныя калоны, якія вельмі перашкаджалі глядзець фільм. І падлога там была без узвышша, хлапчукі сядзелі на спінках крэслаў — проста бяда! Я палову фільма не бачыла, а толькі чула, нават плакала ад незадаволенай цікаўнасці.  
 
Лідскі каледж.

Зноскі

  1. а б в г Лаўрэш, Л. Л.Ліда ўчора і сёння : гісторыя горада ў выявах / Леанід Лаўрэш. — Ліда : Лідская друкарня, 2013. — 152 с. ISBN 978-985-6437-29-1.
  2. а б в Чантурия Ю. В. Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI - первой половины XIX в.: Средневековое наследие, Ренессанс, барокко, классицизм (руск.) / Ю. В. Чантурия. — Мн.: Белорусская наука, 2005. — 375 с. — ISBN 955-08-0553-3.
  3. а б Улица Виленская. 1908—1917 гг. Архівавана 17 жніўня 2013.
  4. а б Улицы Лиды или лидские годонимы Архівавана 4 верасня 2013.
  5. а б Лаўрэш Л. Лiда на старых паштоўках. Гісторыя горада
  6. Улицы Лиды или лидские годонимы (2 часть) Архівавана 5 верасня 2013.
  7. Северный городок. 3-й Седлецкий полк Западной дивизии РККА Архівавана 9 чэрвеня 2017.
  8. Незабыўная вуліца Сувальская 30-х гадоў ХХ стагоддзя
  9. Юрий Кишик. Лида-2010: преемственность архитектурных свершений. Архитектура и строительство № 6 (217) 2010 г. 07.12.2010
  10. а б в Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. / Л. Л. Лаўрэш. — Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2017. — С. 287-288. — 432 с. — ISBN 978-985-7134-39-7.
  11. а б в г д е Лаўрэш Леанід. Лідскія касцёлы // Летапісец 4(64)-2014.
  12. а б Падарожжа па старадаўніх вуліцах Ліды. 21 ліпеня 2016
  13. Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. / Л. Л. Лаўрэш. — Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2017. — 432 с. — ISBN 978-985-7134-39-7.
  14. Лаўрэш Леанід. Лідскія кінатэатры Архівавана 29 мая 2020. // Маладосць 2017. № 11. С. 95-104.
  15. Канчэўская, Л. Маленькая аповесць пра любоў. / Л. Канчэўская. // Ад Лідскіх муроў. — 2015. — № 8. — С. 262.

Спасылкі правіць