Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Асавая)

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі - каталіцкі храм у вёсцы Асавая Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. З'яўляецца адзіным дзеючым касцёлам раёна.

Касцёл
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Osowa-kosciol, Zbigniew Junkiewicz, 1648-1968.jpg
52°01′40″ пн. ш. 26°44′45″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Асавая
Канфесія Каталіцтва
Епархія Пінская дыяцэзія
Благачынне Пінскі дэканат 
Тып будынка касцёл
Заснавальнік Род Карповічаў
Дата заснавання 1648
Будаўніцтва 19931999 гады
Статус Дзейнічае

ГісторыяПравіць

У 1648 г. намаганнямі сям’і Карповічаў і іншай асаўской шляхты быў пабудаваны першы драўляны касцёл з ліственніцы. Гэты касцёл быў філіяльным, над якім апекаваліся манахі-францысканцы з Пінска.

У час паўстання 1863 г. многія жыхары Асавой далучыліся да паўстанцаў. Пасля яго падаўлення на ўдзельнікаў гэтага паўстання і каталіцкі касцёл пачаліся ганенні. Касцёл у Асавой хацелі зачыніць і перарабіць у царкву, але праз супраціў вернікаў парафіі касцёл застаўся. У канцы ХІХ ст. у касцёле было тры разныя драўляныя алтары (галоўны і два бакавыя), шмат абразоў і скульптур, арган. Найбольш шанаваным сярод мясцовага насельніцтва быў абраз Маці Божай Асаўской.

У 30–я гг. ХХ ст. парафія ў Асавой налічвала 500 вернікаў. Пасля другога прыходу савецкай улады ў 1944 г. многія святары вымушаны былі выехаць у Польшчу. Касцёл быў зачынены, але вернікі самі час ад часу збіраліся ў касцёле на супольную малітву. Апошнім святаром, які прыязджаў у Асавую, быў кс. Казімір Свёнтак. Але адпраўляць імшу даводзілася ўжо патаемна ў адной з вясковых хат, бо ключы ад касцёла былі ў кіраўніка калгаса.

У 1968 г. праўленне мясцовага калгаса вырашыла разабраць будынак касцёла на гаспадарчыя патрэбы. У кастрычніку 1968 г. гэтае рашэнне было выканана. Усё ўбранства касцёла было вывезенае на сметнік да суседняй вёскі Відзібор, дзе было спалена, а часткова разабрана мясцовымі жыхарамі па хатах. Арган, які быў у касцёле, скінулі з хораў і разламалі. З разабранага касцёла у в. Асавая быў пабудаваны будынак праўлення калгаса.

Вядомыя імены некаторых святароў, што працавалі ў асаўскім касцёле ў ХІХ в.: кс. Караль Кашэўскі, Іахім Аляховіч, кс. Адрыян Кракоўскі і інш. На пачатку ХХ ст. у асаўскім касцёле працавалі кс. Барыс Ісідор, кс. Мечыслаў Петрыкоўскі, кс. Тэадор Рыло, кс. Антоні Янкоўскі, кс. Лопашко. Адным з апошніх пробашчаў касцёла да яго разбурэння быў кс. Люцыян Петранік (у 1932 – 1944 гг.).

ЗваніцаПравіць

Захавалася драўляная двух'ярусная чатырохгранная шатровая званіца, якая стаяла каля старога касцёла. Званіца збудавана ў XIX ст. Цяпер на ёй знаходзяцца два старыя званы (XVII і пачатку ХІХ ст.).

Сучасны будынакПравіць

У 1990-ыя гг. па нядзелях людзі пачалі збірацца ў ацалелай і адноўленай званіцы, якая была перароблена ў капліцу, на супольную малітву. Пазней ў вёску стаў прыязджаць ксёндз з Пінска. Калі было цёпла, імшу служылі каля капліцы на могілках, а зімой набажэнствы адбываліся ў хаце Станіслава і Анелі Збарашэўскіх. Праз некаторы час было вырашана пабудаваць новы касцёл у Асавой. Будаўніцтва пачалося ў 1993 г. пад кіраўніцтвам кс. Тадэвуша Шэшка. У 1995 г. быў асвечаны фундамент і ўзведзеныя сцены новага касцёла.[1]

У ліпені 1999 г. адбылася ўрачыстая кансэкрацыя новага касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі кардыналам Казімірам Свёнтэкам.

Касцёл вырашаны прамавугольным у плане з пяціграннай апсідай аб'ёмам пад двухсхільным дахам. Плоскасны двухярусны фасад фланкіраваны чатырохграннымі шатровымі вежамі, прасла паміж якімі завершана двухгранным шчытом. Фасады рытмічна расчлянёны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі і плоскімі лапаткамі ў прасценках.[2]

12 і 13 ліпеня 2009 г. парафія разам з кс. біскупам Казімірам Вялікасельцам, святарамі і гасцямі з Польшчы і Амерыкі ўрачыста адзначыла 10-ю гадавіну асвячэння касцёла.

Зноскі

  1. Кс. Тадэвуш Шэшка: Кардынал Казімір Свёнтэн - гаспадар на сваім падворку
  2. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008.— 488 с.

СпасылкіПравіць