Крачка палярная, крычка палярная (Sterna paradisaea) — від птушак з сямейства крачкавых.
Даўжыня цела 30-38 см, размах крылаў 70-85 см. Стройная, бела-папялістая з чорным верхам галавы і глыбокай выразкай на хвасце, папялісты колер верху больш цёмны. Канцы рулявых нязначна выступаюць па-за канцы складзеных крылаў. Дзюба і ногі ў гнездавы перыяд цалкам чырвоныя, узімку чорныя.
Улетку насяляе паўночную частка Галарктыкі. Біятоп: узбярэжжы і марскія астравы (як пясчаныя, галечныя, скалістыя, так і травяністыя); спарадычна сустракаецца вакол мелкіх прэснаводных вадаёмаў у тундры.
Месца зімовак: узбярэжжы Антарктыды (галоўным чынам, Зямля Уэдэла і Зямля Роса).
Палярная крачка робіць самыя далёкія сярод усіх вандроўных жывёл міграцыі — з Арктыкі ў Антарктыду і пакрывае двойчы за год адлегласць каля 20 тыс. км[1]. На Беларусі вельмі рэдкі, выпадкова залётны від.
Гняздуе ў калоніі. Ладзіць гняздо часцей на зрослых на паверхні вады раслінах або іх купінах, чым на зямлі. У апошнім выпадку — гэта ямка без высцілкі або скупа высланая сухой расліннасцю і рэшткамі навакольных раслін. На вільготнай аснове — у выглядзе плоскай купіны з сухіх водных раслін (як плаваючых, так і надводных); у высцілцы часам шэрсць, ракавінкі, кавалкі драўніны.
Яйкі звычайна 2 (радзей 1-3), авальныя (часам крыху акруглыя) або з рознымі канцамі, жоўта-палевыя, аліўкавыя ці карычняватыя, рэдка блакітнаватыя; паверхневыя плямы — чорныя або чорна-карычневыя, глыбокія — шэра-фіялетавыя. Памеры: 40,5 х 29,5 мм.
Зноскі
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.