Кі́прыі, або Кі́прыя (стар.-грэч.: Κύπρια) — старажытнагрэчаская эпічная паэма з цыклу твораў пра Траянскую вайну. Аўтарам лічыцца кіпрскі паэт Стасін, Гамер ці галікарнаскі паэт Кіпрый.

Ахвярапрынашэнне Іфігеніі, каля 1609 г.

Да нашага часу не захавалася.

ПаходжаннеПравіць

«Кіпрыі» узгадваліся шматлікімі аўтарамі антычнасці, але арыгінал загінуў пры пажары Александрыйскай бібліятэкі. Лічылася, што Гамер перадаў яе кіпрскаму паэту Стасіну ў якасці пасага сваёй дачкі, а Стасін перапрацаваў. Пазнейшыя даследаванні захаваных урыўкаў паказалі, што «Кіпрыі» былі складзены пазней за «Іліяду», але маглі папярэднічаць «Адысеі». У 1995 г. быў знойдзены надпіс у Галікарнасе, у якім аўтарства паэмы прыпісвалася мясцоваму паэту Кіпрыю.

КрыніцыПравіць

Найбольш поўнай крыніцай зместу «Кіпрый» з'яўляецца канспект, складзены граматыкам Еўтыхіям Проклам (II ст. н. э.), а таксама ўрыўкі ў выкладзе канстанцінопальскага патрыярха Фоція I (IX ст. н. э.). Захавалася толькі 52 арыгінальныя радкі, хаця ў першапачатковым выглядзе паэма змяшчала 11 раздзелаў і магла складацца з некалькіх тысяч радкоў.

ЗместПравіць

Гея пакутвае ад перанаселенасці, і Зеўс вырашае пачаць вайну, каб скараціць колькасць людзей.

Падчас вяселля Пелея і Фетыды паміж багінямі Афрадытай, Афінай і Герай пачынаецца спрэчка, хто з іх найпрыгажэйшая. Парыс прысуджае перамогу Афрадыце і атрымоўвае ад яе абяцанне атрымаць у жоны Алену Цудоўную. Хірон дорыць Пелею магутны ствол дрэва, з якога Гефест і Афіна вырабляюць дзіду (пазней яна належыць Ахілу).

Афрадыта раіць Парысу пабудаваць флот для вандроўкі ў Спарту. Нягледзячы на прадказанні ганебнага лёсу, Парыс разам з Энеям адпраўляюцца за Аленай. У Спарце іх вітаюць Менелай, Кастар і Палідзеўк. Менелай загадвае Алене сачыць за гасцямі, а сам накіроўваецца на Крыт. Парыс карыстаецца гэтым для выкрадання Алены. Кастар і Палідзеўк гінуць, але Зеўс дорыць ім неўміручасць.

Менелай і Агамемнан збіраюць былых жаніхоў Алены для экспедыцыі ў Трою. Нестар пераказвае некалькі міфаў. Апавядаецца пра няшчырае вар'яцтва Адысея, што не жадае ісці на вайну. Агамемнану прадказваюць, што вайна працягнецца 10 гадоў. Ён вырашае прынесці ў ахвяру сваю дачку Іфігенію. У апошні момант дзяўчыну выратоўвае Артэміда.

Аб'яднаны флот грэкаў трапляе ў Мізію замест Троі і бярэ ў аблогу горад Тэўтрас. Паміж Ахілам і Агамемнанам адбываецца спрэчка. Ахіл знаходзіць памагатага для таго, каб дасягнуць Троі. Але траянцы паспяхова адбіваюць першую атаку. Грэкі патрабуюць вярнуць ім Алену і выкрадзены Парысам скарб. Ахіл упэўнівае паплечнікаў не пакідаць землю траянцаў. Грэкі рабуюць наваколле горада. Ахіл захоплівае ў палон Брысеіду, а Агамемнан — Хрысеіду. Такім чынам ствараецца падстава для будучага канфлікта Ахіла і Агамемнана.

СпасылкіПравіць